I пачуванне адзіноты закралася ў душу настаўніка: ён тут — чужы і лішні. I смешнымі цяпер здаліся тыя думкі, якія яшчэ так нядаўна цешылі яго маладое сэрца.
Пані падлоўчая выйшла. У пакоі засталіся адны дзяўчаты. Каля печы пад канапаю ляжаў стары Негрусь і зрэдку павільваў хвастом, калі міма яго праходзіла панна Ядвіся.
— Я ні разу не бачыў вас у такім добрым гуморы,— сказаў да яе Лабановіч.— Вы сёння такая вясёлая, як ніколі.
— А вы хацелі б, каб я плакала? — спытала яна.
— Не, я гэтага зусім не хацеў бы. Але, як я заўважаю, у вас тут няма нічога такога, аб чым вы маглі б пашкадаваць. I калі б вам напаткалася такое здарэнне, што вы маглі б ніколі сюды не варочацца, вы і ніколечкі аб гэтым не пашкадавалі б.
— О, не! — прамовіла панна Ядвіся.
На хвілінку яна як бы аб чымсі задумалася. Твар яе стаў сур’ёзны. Але ў момант вока выраз яе перамяніўся, уваччу забліскалі іскаркі смяшлівасці і хітрасці.
— О, не! Вы памыляецеся! — сказала яна.— У мяне тут ёсць нехта такі, каго мне вельмі цяжка пакінуць і аб кім вельмі непакоіцца маё сэрца.
Лабановіч замёр у салодкім і разам трывожным чаканні. Панна Ядвіся акінула яго бачлівым поглядам. Яна раптоўна ўсхапілася і накіравалася да Негруся.
— Негрусь, мілы мой Негрусь! — казала яна і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку.— Мы разлучымся з табою на цэлыя два тыдні!
— Тым прыемней будзе часіна спаткання пасля разлукі,— сказаў Лабановіч і ўстаў.— Ну, зычу вам усяго найлепшага: шчасліва заехаць, весела гуляць і лёгка перанесці разлуку з тым, аб кім так непакоіцца ваша сэрца.
Гаворачы гэта, Лабановіч чуў нейкую крыўду, і, як ні сіліўся захаваць яе, гэта крыўда вызначалася на яго твары.
— Куды ж вы? — спытала Ядвіся.
— У мяне, бачыце, ёсць адна работа. Вам жа трэба збірацца ў дарогу — не буду вам замінаць... Бывайце здаровы!
Ядвіся нічога не сказала. Яна толькі вінавата і як бы пужліва заглядала яму ў вочы. Можа, яна каялася ў сваім апошнім, праўда, грубаватым жарце, але прызнацца ў гэтым чамусь не хацела.
— А можа, вы заўтра пройдзецеся з намі на раз’езд? — спытала Лабановіча Габрынька.
— Нашто турбаваць пана настаўніка? — прамовіла Ядвіся.— Татка заўсёды пасылае з намі лесніка Грыгора.
Што гэта? Новая абраза ці панна Ядвіся проста не хоча яго кампаніі? А можа, яна не хоча мець сведку свайго спаткання з Сухаваравым?
Вясёлы настрой пакінуў Ядвісю, і яна засталася маўкліваю, замкнёнаю.
— Зразумела,— сказаў Лабановіч,— панне Ядвісі будзе шмат прыемней пайсці ў кампаніі Грыгора і Негруся, які напэўна сам назавецца ў праважатыя.
Пачуўшы сваё імя, Негрусь у здавальненні колькі разоў вільнуў хвастом.
Лабановіч развітаўся і выйшаў. На душы ў яго было цяжка і смутна. Ясна, што Ядвіся насміхаецца з яго. А калі і зварачала на яго ўвагу, то толькі з тае прычыны, што тут — глуш, жывога чалавека няма. А ён, як неразумнае дзіця, не бачыць нічога. Ён сам наводзіў на сябе прыемны туман самазманства, ён сам закалыхваў сябе ружовымі думкамі і салодкім летуценнем. Ну, што ж? Трэба глыбей увайсці ў сябе і там шукаць крыніц радасці і здаровага пачуцця. I трэба, наогул, узяць сябе ў рукі. Пара яму выкінуць усё гэта з галавы і сэрца, пакуль вобраз дзяўчыны яшчэ не засеў там настолькі глыбока, што з ім будзе трудна змагацца. Няхай не падумае яна, што яму без яе свет зачынен.
Колькі разоў прайшоўся Лабановіч па сваім пакоіку.
«Не,— думаў ён,— гэтак далей жыць нельга. Апрача школы і чыста асабістых інтарэсаў, ёсць яшчэ і другія — чыста грамадзянскія абавязкі. Трэба бліжэй стаць да народа, прыгледзецца, як ён жыве і чым ён жыве. Трэба пашырыць рамкі свае работы, трэба вынесці гэту работу за межы чыста школьных пытанняў».
Лабановіч накіраваўся ў школу, падышоў да кніжнае шафы. На адной палічцы стаяла колькі дзесяткаў тоненькіх кніжачак спецыяльна для народа. Выданні гэтыя былі шчупленькія і наогул пустыя. Тут пераважна былі кніжачкі, выданыя рознымі камітэтамі і гурткамі цвярозасці, або сінодскія выданні. Разгледзеўшы гэту кніжніцу, Лабановіч нічога не знайшоў у ёй цікавага, асабліва для тутэйшага насельніцтва, і вырашыў выбраць больш цікавую, на яго погляд, тэму для гутаркі з палешукамі. Аб чым жа гутарыць? Трэба звярнуць увагу на сялянскі побыт, паказаць сялянам, як жывуць другія людзі і як яны дайшлі да лепшага стану жыцця.