— А скажыце, калі ласка,— не ўтрымаўся раз Лабановіч,— што звязвае вас з сям’ёю пана падлоўчага? Вы тут — чалавек вольны. Цяжка вам, вы чуеце несправядлівасць,— што ж вас можа ўтрымаць ад таго, каб кінуць гэта жыццё і стаць вольным чалавекам?
На твары пані падлоўчай адбіўся жах. Гэта думка, як відаць, ні разу не прыходзіла ў яе галаву. Нерухомая і маўклівая, сядзела яна за сталом, сціснуўшы рукамі галаву. Потым пані ўсміхалася нейкаю кіслаю ўсмешкаю, як бы хочучы сказаць, што ўсё гэта — глупства і што аб гэтым не варта было і гаворку пачынаць, а жыць на свеце наогул цяжка і наогул трэба пагадзіцца са сваёй доляю. Лабановіч сказаў тады ёй нешта такое, што так ці іначай магло палепшыць настрой, развітаўся і пайшоў з дому Баранкевіча.
Яшчэ адно здарэнне прыпомнілася цяпер настаўніку. Неяк на гэтых днях, па часе размовы з паняй падлоўчай, зайшла яна вечарам да яго. Пані была моцна ўсхваляваная і заплаканая.
— Выбачайце, калі ласка, што я зайшла да вас,— прамовіла яна,— але я вас вельмі паважаю і лічу вас за роднага... Божа мой! Што мне рабіць? Што рабіць мне? Няма сілы больш цярпець!
Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру, але не распытваўся аб гэтым, і сама пані падлоўчая чамусь не гаварыла, не вінаваціла свайго мужа, а толькі казала, як ёй цяжка наогул.
— Што ж вам можна параіць? — запытаў Лабановіч.— Калі маеце куды паехаць, то што ж? Паедзьце. Я б на вашым месцы не пагадзіўся б з такім жыццём. Якое ж гэта жыццё?
— Вы ведаеце натуру пана падлоўчага?
— Я чуў. Ну, што ж паробіш, калі ў чалавека такая натура?
— Ох, мой паночку! Як трудна яму ўнаравіць! Ну, няхай я нягодная, але ж ён і першую жонку ў магілу ўвагнаў і мяне ўгоніць.— Пані падлоўчая плакала.— I ўсё я вінавата. Чэсь кепска трымае сябе — я ў адказе. То робіш не так, то ходзіш не гэтак! Што б ні выйшла, усё я вінавата.
Лабановіч не ведаў, што сказаць, якую даць параду. Пані падлоўчая выплакалася, вылажыла з душы ўвесь свой смутак і гора і крыху заспакоілася. Усміхаючыся скрозь слёзы, прасіла яна Лабановіча нічога нікому не казаць. Яна яшчэ раз сказала, што толькі з ім пагаманіла аб гэтым, бо лічыць яго вельмі добрым, зусім родным чалавекам, развіталася і выйшла, просячы прабачэння.
Лабановіч пачуўся лягчэй, бо яму вельмі цяжка было слухаць гэту споведзь, тым болей што ён тут не мог даць ніякае дапамогі. Апрача таго, яму наогул было прыкра слухаць усе гэтыя згрызоты ці ўмешвацца ў чужое жыццё.
«I вось жа будзе цярпець і нікуды не паедзе,— думаў Лабановіч пра паню падлоўчую.— А што, напраўду, прымацоўвае яе тут?»
Лабановіч задумаўся. I была ж у людзей маладосць, былі ў іх светлыя надзеі на жыццё. Па сваім гусце будавалі яны шчасце, перажывалі пачатак нейкай прыгожай казкі, і чым скончылася гэта казка? I ці не складае часамі і ён, Лабановіч, цяпер сваю казку?
Ізноў успомнілася панна Ядвіся. Яму стала цяпер ясным і зразумелым, чаму яна так ірвалася адгэтуль хоць на колькі тыдняў, абы хоць забыць і адысціся ад гэтага бруду жыцця, ад атруты дамашніх праяў.
XXIII
У гэты вечар Лабановіч быў у нейкім асаблівым настроі. З чаго складаўся гэты настрой, ён і сам не мог сабе вытлумачыць. Нейкае нездаваленне, няяснае адчуванне бяссэнснасці такога жыцця, якім жыве ён, пачуццё адзіноты пачынала закрадацца ў душу. Настаўнік чуў, што яму чагось не стае, чуў, што яму трэба нешта зрабіць, чымся заняцца. Чым? Ён думаў, разважаў, але добрага адказу на гэта пытанне, які мог бы задаволіць яго, не знаходзіў.
Не! Трэба куды-небудзь пайсці, проста зняцца з месца і ісці. Але куды пайсці? Зайсці да каго? Настаўнік перабраў у памяці сваіх тутэйшых знаёмых. Ну, усё роўна, куды ні накіравацца! Ён узяў табачніцу, падлажыў тытуну, каб закурыць у часе вандравання, і стаў збірацца, не ведаючы, куды пойдзе. Добра было б даведацца да якой блізшае школы, але бліжэй як за пятнаццаць вёрст нідзе не было тут школы. Ён ужо адзеўся і сабраўся як мае быць.
— Вам ліст, панічок, прынеслі ад старасты! — прамовіла бабка, увайшоўшы ў пакойчык.
Зірнуўшы на канверт, на добра знаёмы характар рукі свайго блізкага сябра, Лабановіч распрануўся і пачаў чытаць.
Бабка стаяла, падпёршы рукою шчаку, і назірала за выразам твару настаўніка. Паміж іншым, сябар пісаў, як яго падпаілі і хацелі ажаніць з адною дзяўчынаю, сваячкаю нейкага дыякана, і як яму прыходзілася выратоўваць незалежнасць свае асобы, для чаго ён збег самым нечаканым чынам і ў самую рашучую хвіліну.