Выбрать главу

V

— Дазвольце пазнаёміць,— сказаў Саханюк, падводзячы калегу да пісара,— цельшынскі настаўнік.

— А! — прамовіў пісар, акінуўшы Лабановіча прыжмуранымі вачамі, і падаў яму руку.— Прасвяшчаць, значыць, прыехалі? — спытаў пісар, каб хоць што-небудзь сказаць, і яшчэ раз азірнуў Лабановіча.— Ну, ну, справа патрэбная,— важна заўважыў ён, пасля чаго перастаў цікавіцца Лабановічам, як чалавек практычны, які з першага погляду адгадаў, што для пісарскага дому карысць ад новага настаўніка невялікая.

Затое ж Дубейка выказаў многа ўвагі і адзнак шляхетнага тону, знаёмячыся з Лабановічам.

— О! — казаў ён.— Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца.— Але разам з гэтым Дубейка запытаўся: — А гэта ўжываеце? — Адначасна з запытаннем ён ускінуў галаву і пстрыкнуў пальцам па сківіцы.

Лабановіч здзіўлена глянуў на Дубейку. Гэта запытанне для яго было зусім нечаканае, і ён не ведаў, што адказаць.

— Ну, разумеецца, не так, штоб з ног скідацца,— паправіўся памочнік,— а ў кампаніі, пасля таго як пулечку згуляеш або стукалку, прапусціць чарачку, другую. Гуляеце ў карцішкі?

— Не, не гуляю.

Дубейка ў сваю чаргу здзівіўся, і ўвесь выраз яго твару як бы казаў: «Які ж ты пасля гэтага інтэлігент?»

— Ну, нічога,— заспакоіў Дубейка.— Пажывеце, навучыцеся. Толькі часцей да нас даведвайцеся, бо ў вас там глуш, чалавека не ўбачыш і, апрача падлоўчага, і зайсці там няма да каго.

— Э, гэта не бяда,— адказаў Лабановіч,— людзі ўсюды ёсць. Чым не людзі тыя ж самыя палешукі? Хіба да іх нельга зайсці? Я лічу, што сярод іх можна вельмі прыемна прабавіць вольную часіну і там напаткаць не толькі цікавае, але і разумнае, чаго ніколі не знойдзеш ні за чаркаю, ні за пулькаю.

— Не разумею вас,— адказаў Дубейка.— Што цікавае можна знайсці сярод палешукоў? Калі можна там напаткаць што-небудзь цікавае, дык хіба толькі маладзіцу-салдатку.— Пры гэтым Дубейка выразна зірнуў на Саханюка і засмяяўся.

— Калега — манах. Ён любіць глуш і адзіноцтва і хоча жыць пустэльнікам.

— Ведаем мы гэтых пустэльнікаў,— зноў падміргнуў Дубейка.— У ціхай вадзе чэрці водзяцца.

Першыя ўражанні знаёмства не спадабаліся маладому настаўніку, і ён, папрасіўшы выдаць пасылкі з кнігамі і сшыткамі для яго школы, развітаўся з новымі знаёмымі.

Выйшаўшы са зборнай, Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго.

— Не, калега: трэба пазнаёміцца з пісаранкамі, бо калі не зойдзеце да іх, то гэта будзе такая крыўда, якая вам ніколі не даруецца ні ў гэтым жыцці, ні на тым свеце.

Саханюк узяў пад руку Лабановіча і павёў яго ў кватэру пісара.

Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька і акуратна на мяшчанскі лад. Сталы і столікі былі засланы чыстымі настольнікамі і настольнічкамі. Крэслы стаялі ў парадку. На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Па кутках залы стаялі круглыя столікі пад белым кружавам; на століках ляжалі альбомы для фатаграфій. На вокнах вазоны розных гатункаў. Адным словам, на ўсім быў відзен адбітак дзявочага прызору і акуратнасці.

Маня, старэйшая дачка пісара, ужо не маладая дзяўчына, гадоў за дваццаць пяць, па ўсім відаць было, падгатавалася спаткаць настаўнікаў. Яна надала свайму твару тую міну, той выраз, якія люстэрка падказала ёй як самыя лепшыя, што найбольш ішлі да яе, нявінна сядзела за сталом, нібы нічога не ведаючы, і разглядала «Ніву». Яна была чорная, як цыганка, даволі прыгожая з твару; але разам з гэтым было на ім і нешта такое, што рабіла яго сярдзітым, злым. Напэўна, доўгае чаканне свайго суджанага, якога дзесь затрымалі чэрці, мела свой уплыў. Саханюк галантна падвёў свайго калегу да пісаранкі.