— Лабановіч, цельшынскі педагог.
— Вельмі прыемна,— сказала Марыя Пятроўна.— Сядайце, калі ласка!
Лабановічу здалося, што яна чымся ўгневана. «Ці не Саханюком, які шукае свайго шчасця не тут, блізка, а дзесь за сем вёрст, што яна з ім крыху неласкавая?» — падумаў Лабановіч.
— Ну, як вам падабаецца наша месца? — спытала пісаранка.
— А нічога. Месца вельмі добрае, і мне наогул падабаецца Палессе.
— А вось вашаму калегу яно падабаецца мала.
— Не скажэце,— адказаў Саханюк.— Каб гэта была праўда, то пяць год я не выседзеў бы тут.
— Калісь падабалася,— сказала Маня і ледзь уздыхнула.
Увайшла сярэдняя дачка, Саша, зусім не падобная да сястры. Яна была шчаслівейшая ад яе, бо мела жаніха ў асобе тутэйшага ўрадніка. Зараз жа за ёю ўвайшла і трэцяя сястра, Ніна. Самая малодшая, Вольга, вучылася ў горадзе, і яе цяпер не было дома.
Лабановіч чуўся не па сабе ў кампаніі дзяўчат і не трапляў падтрымаць з імі гутаркі. Ён толькі адказваў на іх пытанні, адказваў сур’ёзна, што не падабаецца паненкам такога стану, якія звыклі, каб іх забаўлялі, жартавалі з імі і малолі гарох і кашу, абы было смешна.
— А вы спяваеце? — спытала яго Саша.
— Не. Спяваю няважна,— адказаў Лабановіч, і ў вачах яго бліснуў ледзь прыметны смех,— за практычную лекцыю па спевах у семінарыі наш Костка ледзьве тры з мінусам паставіў.
— Якая костка? — здзівілася старшая пісаранка.
— Выбачайце, не якая костка, а які Костка,— паправіў яе Лабановіч.— Гэта ў нас быў такі настаўнік у семінарыі, які выкладаў спевы і меў прозвішча Костка.
— Не,— адказала Саша,— я не пра такія спевы пытаюся. Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс.
— Крый мяне Божа! — засмяяўся Лабановіч.— Каб я яшчэ рамансы спяваў. I сам не спяваю, і не люблю, калі хто іх спявае. Іншая справа паслухаць добры хор.
Такім адказам Лабановіч прыпыніў усякія запытанні ў гэтым кірунку: змоўклі паненкі, маўчаў і ён.
Размова павялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе.
Некаторы час Лабановіч слухаў, а потым падняўся, папрасіў прабачэння і стаў развітвацца.
Яго не затрымлівалі, хоць з далікатнасці папрасілі заходзіць.
«Дудкі,— казаў сам сабе Лабановіч, выходзячы ад паненак,— не скора я тут буду».
Разам з ім выйшаў і Саханюк.
— Ну, як вам, калега, спадабаліся паненкі?
— Ну, што ж? Дзяўчаты як дзяўчаты. А вось што я не спадабаўся ім, дык гэта ясна.
— Чаму вы так думаеце?
— Тут і думаць няма чаго. Перш-наперш не сказаў кампліментаў і не ўмею казаць іх. Можа б, і прыдумаў, але не асмельваюся вымавіць, далей, не пахваліў нічога з іх работы, не заспяваў раманса і наогул нічога не патрапіў сказаць у тон.
I ён не памыляўся. Як толькі настаўнікі сышлі з ганка, першая Саша сказала:
— Ну і мяшок! Як для Цельшына, дык лепшага і не падбярэш.
— Зусім неачэсаны: так і відаць, семінарыст, гатовы кашлянуць і зацягнуць: «Благаславі, душэ мая, Госпада»,— аклікнулася Маня.
Настаўнікі тым часам ішлі да бацюшкі. Дарогаю Саханюк паказваў, дзе хто жыве і чым хто выдацен. Вось у гэтым дворыку жыве фельчар Гарошка, удавец, сышоўся з адною паляшучкаю і сам апаляшучыўся. Сын яго, Максім, вучыўся ва ўсіх школах Пінска, але ні аднае не скончыў, а з апошняе, з духоўнага вучылішча, проста ўцёк. Цяпер ён сядзіць на бацькавай шыі. Уцёк жа ён з тае прычыны, што ў гэтых школах не вучаць нічому такому, што адпавядала б яго шырокай натуры, якая знайшла здавальненне ў гарэлцы, картах і іншых забаўках вясковага лабатраса. Цяпер ён бярэ курс на дзяка або на памочніка валаснога пісара. Але пакуль што гэта толькі добрыя намеры.
Бацюшка, яшчэ малады, крыху хваравіты, нікуды не ходзіць, але любіць, калі да яго заходзяць. Матушка была раней настаўніцай, кабета вясёлая і добрая, вельмі любіць пагуляць у стукалку.
Вось гэты дом з садам, першы ад царквы, і ёсць пасада бацюшкі.
Так непрыметна настаўнікі дайшлі да веснічак бацюшкавага двара.
VI
— Міласці просім, міласці просім,— прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца; сам першы паздароўкаўся з Лабановічам, папрасіў настаўнікаў садзіцца, сам падстаўляў ім крэслы і наогул выказаў вельмі многа прыветнасці і ўвагі, нават радасці і дабраты.
Айцец Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдзенькаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмна-шэрымі вачамі. Адбітак нейкай мукі адзначаўся на яго худым твары. Гаварыў а. Кірыл громка і борзда, часта смяяўся ад душы, але радасці, гэтай галоўнай уласцівасці здаровага смеху, не чулася. I варта было хоць на хвіліну яму сціхнуць, каб зараз жа цень смутку лёг на яго твар.