Аднаго дня, надвячоркам, у перапынку паміж паседжаньнямі князь Радзівіл загадаў Заранковічу кіравацца за ім. Яны ўвайшлі ў невялікі пакой, дзе сабраліся каля дваццаці асобаў, і калі Ян пазнаў іх, ён зразумеў, дзеля чаго князь прывёў яго сюды. У пакоі знаходзіліся вялікі князь і многія знакамітыя паны. Гэта былі людзі, якія кіравалі Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. За час побыту на сойме Ян ужо ведаў з твару многіх уплывовых вяльможаў. Тут знаходзіліся найвышэйшы гетман князь Мікалай Радзівіл Руды, падчашы Мікалай Кішка, віцебскі ваявода князь Стэфан Збараскі, ваяры якога ўратавалі Заранковіча, падстолі Станіслаў Пац, польны гетман Рыгор Хадкевіч, віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч, кіеўскі біскуп Мікалай Пац ды іншыя магнаты.
Сэнатары сабраліся вакол вялікага князя, які сядзеў у цэнтры пакою.
Жыгімонту Аўгусту ішоў сорак трэці год. Ужо амаль дваццаць год як ён быў абраны манархам дзяржавы. Вялікі князь меў ламаны рымскі нос, чорныя задумлівыя вочы, невялікія вусы і бараду, што зьлёгку спускалася на грудзі.
Князь Мікалай Радзівіл Чорны стаў па правую руку ад вялікага князя і сказаў Яну:
– Распавядзі ўсё, што ведаеш.
Ян за час сойму амаль не ўспамінаў аб полацкіх падзеях. Ён падрыхтаваў даклад у першы дзень, як толькі атрымаў распараджэньне князя, але той дзень быў адзіным, калі ён думаў пра даклад. Далей яму было не да гэтага. Таму ён пачаў свой расповяд не зусім выразна, але па меры таго, як ён казаў, падзеі нядаўняга мінулага адна за адной паўставалі ў яго перад вачыма, і працягваў ён усё больш упэўнена. Калі ён распавёў усё, што ведаў, паны-рада задалі яму з дзясятак пытаньняў, на якія ён з ахвотай адказаў.
У канцы Жыгімонт Аўгуст запытаў яго:
– Як тваё імя?
– Ян Заранковіч, Ваша каралеўская мосьць.
– Слаўны род. Дзякую за службу. Можаш ісьці.
Ян пакланіўся і выйшаў.
У той жа дзень яго паклікаў да сябе пан Хвароўскі.
– Князь дазваляе табе адправіцца ў адпачынак. У Нясьвіжы мусіш быць 15 чэрвеня. Ад гэтага часу ты вольны.
12
Перад тым як выправіцца дамоў, Заранковіч накіраваўся ў Ашмяны, дзе жыла сям’я Броніся.
У горадзе ён даведаўся, як праехаць да маёнтку Радынаў. Аказалася, ён стаяў за дзесяць вёрст ад Ашмянаў. Праехаўшы каля пяці вёрстаў, Ян дагнаў рыдван, у якім ехаў зямянін гадоў пяцідзесяці.
– Слава Ісусу Хрысту, – выгукнуў Заранковіч.
– На векі вечныя.
– Ці я траплю ў маёнтак пана Радыны гэтай дарогай?
– Так. Я менавіта туды кіруюся. Калі пан жадае, паедзем разам.
– З задавальненьнем. Ян Заранковіч, – адрэкамэндаваўся ён.
– Міхал Валошыч.
– Ня ведаеце, ці засьпею я пана Радыну дома?
– Засьпееш, пан, і яго самога, і ягоную сям’ю.
– Ці вялікая яна ў яго?
– Панства Радыны маюць трох дзяцей. Праўда, большага сына цяпер няма дома. Ён служыць у князя Радзівіла Чорнага.
– Большы? – перапытаўся Ян.
– Так.
Выходзіла, што Бронісь успадкаваў маёнтак бацькі і ня меў скрайняй неабходнасьці ісьці на службу да князя, каб забясьпечыць сабе будучыню. А менавіта гэта прычына была галоўнай для большасьці зямянаў, якія выбіралі вайсковую кар’еру.
– Ці пан таксама служыць? – запытаў Валошыч.
Ян зьбянтэжыўся, ня ведаючы, што яму адказаць. Першым, каму ён зьбіраўся расказаць пра гібель Броніся, быў ягоны бацька. Адкрываць гэта каму-небудзь іншаму ён не хацеў. А распавёўшы зараз, што служыць князю Радзівілу, абавязкова пачуе пытаньне, ці ня мае ён зьвестак пра маладога пана Радыну. Падумаўшы, Заранковіч адмоўна паківаў галавой і сказаў, што зьбіраецца пайсьці на службу бліжэйшым часам.
– Я таксама хачу выправіць сваіх сыноў да харугвы, – сказаў пан Валошыч, – пара ім станавіцца сапраўднымі мужчынамі.
– Працы ў нас будзе шмат, – прамовіў Ян, – трэба адбіваць у маскавітаў Полацак.
– Так, але перад гэтым неабходна заключыць вунію з Польшчай. Сваіх сілаў на гэтую вайну ў нас ня хопіць.
Ян уважліва паглядзеў на пана Валошыча. Князь Радзівіл быў праціўнікам аб’яднаньня Літвы з Польшчай. Адпаведна, падобныя перакананьні былі і ў яго людзей. Таму тых, хто патрабаваў вуніі, у Нясьвіжы не любілі.
– І што, вы думаеце, палякі будуць ваяваць замест нас? – спытаў ён.
– Калі будзем мець супольную дзяржаву, то, вядома, будуць. Разам з намі.
– А я думаю, што нам хопіць тых пагадненьняў з палякамі, якія ёсьць, навошта новая вунія? Ды і сваіх сілаў у нас дастаткова.
– Тады чаму капітуляваў Полацак?
– Таму што паспалітае рушэньне, якое павінна было сабрацца яшчэ ў сьнежні мінулага году, ня зьехалася нават у лютым, і гетман вымушаны быў ісьці на пяцідзесяцітысячнае маскоўскае войска, ня маючы нават чатырох тысячаў ваяроў. Калі б усе, каму трэба ісьці на вайну, выканалі б свой абавязак сумленна, мы бы прагналі маскавітаў.