Выбрать главу

Гарадня – прастакутны драўляны зруб з бярвёнаў ці брусоў, частка сьцяны драўлянага абарончага збудаваньня (гроду, замку ды інш.). Для ўзмацненьня сьценаў гародні маглі рабіць у дзьве ці тры сьцяны, а ўнутраную прастору засыпаць зямлёй, друзам ці каменьнем.

Глябовіч Ян (1544-1590) – кашталян менскі, пазьней падскарбі (міністар фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з лідараў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Знакаміты веданьнем Бібліі і гарачым патрыятызмам. Падчас захопу Полацку маскоўскім войскам у 1563 г. быў узяты ў палон. Цудам выжыў. У многім дзякуючы Яну Глябовічу быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., які зрабіўся асновай беларускага заканадаўства і дзейнічаў больш за 240 гадоў.

Дворныя і земскія ўрадоўцы – прыдворныя і дзяржаўныя чыноўнікі.

Драб – пяхотнік, пешы ваяр Вялікага Княства Літоўскага.

Жыгімонт Аўгуст (1520-1572) – вялікі князь літоўскі з 1544 г., адначасова кароль польскі – з 1548 г. Пры ягоным кіраваньні ў Вялікім Княстве Літоўскім пашырылася і перамагла Рэфармацыя, была праведзена аграрная рэформа 1557 г. і зацьверджаны Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. У 1569 г. падпісаў акт Люблінскай вуніі, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае стварылі канфэдэрацыю – Рэч Паспалітую Абодвух Народаў (палякаў і ліцьвінаў). Апошні з дынастыі Ягайлавічаў.

Залога – гарнізон.

Збор – эвангельская, пратэстанцкая царква (ад слова “збор” - “сабраньне” вернікаў).

Земскі скарб – нешта падобнае да дзяржаўнага бюджэту.

Іван IV Жахлівы (1530-1584) – вялікі князь маскоўскі (1533-1584). У 1547 г. абвясьціў сябе царом “усяе Русі”. Праводзіў вельмі жорсткую ўнутраную і замежную палітыку. Разьвязаў шэраг войнаў на захадзе і на ўсходзе, у тым ліку супраць Вялікага Княства Літоўскага. Увёў апрычніну. У расейскай гістарычнай традыцыі вядомы як Иван Грозный, у ангельскай – як John the Terrible, у французскай – Ivan le Terrible, у нямецкай – як Iwan der Schrekliche.

Казнадзей – прапаведнік.

Капа – грашова-лікавая адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім роўная 60 грошам.

Карона – Польскае каралеўства (Карона Польская).

Корд – кароткі меч, у баі выконваў функцыі кінжала.

Літва – Вялікае Княства Літоўскае, беларуская дзяржава ў XIII-XVIII стст. Утварылася ў сярэдзіне ХІІІ ст. са сталіцай у Наваградку (цяпер раённы цэнтар Гарадзенскай вобласьці). У 1323 г. вялікі князь літоўскі Гедзімін перанёс сталіцу ВКЛ у Вільню.

Лютары – зьняважлівая назва эвангельскіх хрысьціянаў у XVI ст.

Людвізарня – майстэрня, у якой адліваліся гарматы.

Маентнасьць – маёмасьць.

Мартыра – гармата вялікага калібру з кароткай руляй. Прымянялася для разбурэньня ўмацаваньняў праціўніка.

Маярат – атрыманьне ў спадчыну нерухомасьці паводле прынцыпу першародзтва ў сям’і.

Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584) – найвышэйшы гетман Вялікага Княства Літоўскага, адзін з лепшых палкаводцаў краіны. У 1564 г. разьбіў маскоўскае войска пад Улай, чым уратаваў краіну ад захопу. Разам са стрыечным братам Мікалаем Радзівілам Чорным (“Чорным” і “Рудым” Радзівілы называліся паводле колеру барады) быў лідарам Рэфармацыі ў Беларусі.

Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) – канцлер Вялікага Княства Літоўскага, “некаранаваны кароль Літвы”. Галоўны лідар Рэфармацыі ў Беларусі. У 1553 г. публічна вызнаў эвангельскую веру. Заснаваў шэраг пратэстанцкіх збораў, школаў, друкарняў, дзякуючы чаму Вялікае Княства Літоўскае фактычна зрабілася пратэстанцкай краінай (большасьць эліты складалі пратэстанты). Удзельнічаў у распрацоўцы аграрнай рэформы 1557 г., рыхтаваў рэдакцыю Статуту 1566 г. Дзякуючы ягонай падтрымцы выдавалася шматлікая хрысьціянская літаратура, у тым ліку “Катэхізіс” Сымона Буднага ў 1562 г. і Берасьцейская Біблія ў 1563 г. Час ягонага канцлерства лічыцца адным з найбольш слаўных пэрыядаў Залатога Веку Беларусі.

Міністар – служыцель, так называлі пратэстанцкіх сьвятароў.

Паны-рада – (у дакумэнтах на лацінскай мове – сэнат) – найвышэйшы орган дзяржаўнага кіраваньня Вялікага Княства Літоўскага, які разьвязваў галоўныя пытаньні палітыкі і эканомікі, адыгрываў істотную ролю ў абраньні вялікага князя, абароне дзяржавы, падрыхтоўцы законапраектаў.

Пахолкі – слугі, слугі-збраяносцы.