Выбрать главу

Васіль Быкаў

На ўсходзе сонца

Над крутымі дахамі гарадскіх будынін, над балконамі з павіслымі ў цішы прасцінамі — флагамі капітуляцыі, над шызай брусчаткай вуліцы весела займаўся першы пасляваенны ранак. Ад далёкае ласкі нябачнага сонца прагным бляскам ірдзелі снегавыя вяршаліны гор, у суцэльнай засені вуліцы мацней запахла клейкім тапаліным водарам і хмельнай духмянасцю ўначы зацвіўшых акацый.

Яшчэ гэтак жа востра патыхала пыльнай сухменню бітае цэглы з руін вялізнага вуглавога дома, дзе заляглі байцы трэцяй роты, загнаныя сюды нечаканымі стрэламі з вежы ратушы. Нейкі здзічэлы гітлеравец, засеўшы з кулямётам, на золку спыніў іх тут, не даючы рухацца далей на злучэнне з саюзнікамі.

— Ах, воўчыя душы, ім яшчэ чатырох год мала, — казаў ротны, лежачы за вялізнай цаглянай глыбай і камечачы ў руках толькі што прастрэленую фуражку. Трэба было прызначыць байцоў выкурваць таго нягодніка, пасыльны ад камандзіра палка, прынёсшы такі загад, чакаў выніку, тулячыся ў каменні ззаду, а камандзір вагаўся. Было б гэта яшчэ ўчора ці калі раней, хіба адчуў бы ротны гэткую раптоўную нерашучасць! Але сёння… Сёння іх жыццё падаражэла ўдвая — яны дачакаліся міру.

— Вунь, вунь ён! — крыкнуў плячысты сяржант у залапленай на спіне гімнасцёрцы. Ён адзін тут стаяў, хаваючыся за ўцалелым прасценкам. — Вунь пад цыферблатам руля вытыркаецца. Во гадзюка!

Сінцоў, малады светлавокі баец, што ляжаў побач з ротным, асцярожна выглянуў і сцішана, але так, каб чуў камандзір, вымавіў:

— Чаго з ім цацкацца! На ўра атакаваць, і канец.

У гэты час чорная пляма рулі пад вежавым гадзіннікам раптоўна бліснула чырвонай іскрынкай — і ад прасценка ад жалезных бэлек абрушанага перакрыцця сыпанулі ва ўсе бакі кулі. Людзі хуценька дзёўбнулі галовамі — кожны за сваё сховішча; на каменне пасыпалася тынкоўка, і ў прыцемках руін ціха закурылася лёгкае воблачка пылу.

Калі шоргат спыніўся, ротны ўпарта варухнуў галавой і звыклым камандзірскім голасам выкрыкнуў:

— Вераб’ёў… Чарняк… Туркоўскі…

Сяржант у прасценку азірнуўся, нібы не адразу паверыўшы, што назвалі яго, неяк сумна глянуў на ратушу і зняў з пляча аўтамат. Нездаволена прабурчаў нешта ззаду між цагельнага друзу Чарняк, стараваты ўжо, аброслы шчаціннем баец — вохкаючы і лаючыся, ён палез наперад. За ім аднекуль з цёмнага кута, сагнуўшыся ў тры пагібелі, з’явіўся тонкі, як дубец, Туркоўскі.

Ротны не глядзеў на іх, і яны ні разу не зірнулі на камандзіра — усім было чамусьці няёмка. Пасля кароткай паўзы старшы лейтэнант павярнуў голаў убок і напаткаў позірк Сінцова. Баец зразумеў адразу і раней, чым было названа яго прозвішча, падхапіў аўтамат і падаўся да сяржанта ў прасценак.

— Ну вось, Сінцоў, табе першае пасляваеннае заданне, — услед яму неяк фальшыва пажартаваў камандзір. — А то ўсё бедаваў, чым будзеш займацца.

Сінцоў не адказаў і не ўсміхнуўся. Гэта праўда, што ўсе апошнія дні ён не на жарт клапаціўся, як уладкавацца пасля вайны — хлопец быў адзін, без бацькоў і радні, з чатырнаццаці год — выхаванец палка.

Сяржант падавіў уздых і, з асцярогай пазіраючы на вуліцу, пачаў прабірацца па-за сценамі ў бакавы пралом. Чарняк пастаяў яшчэ ў нейкай задуменнай нерашучасці, выцер рукавом ложу карабіна, вылаяўся і ўрэшце, няспрытна валюхаючыся, рушыў следам. Воддаль, яшчэ болей прыгнуўшыся, шмыгнуў Туркоўскі, і апошні спакойна перайшоў адкрытае месца Сінцоў.

Ля пралому яны спыніліся, сяржант выглянуў, хвіліну счакаў і, нібы ў сцюдзёную ваду, імкліва рынуўся цераз вуліцу да сцяны процілеглага дома. Сінцоў і Чарняк скіравалі следам, а Туркоўскі нешта прамарудзіў, і калі высунуўся бегчы, ад ратушы загрукалі стрэлы. Высякаючы на каменнях бруку сінія іскры, наўкола разляцеліся кулі, а Туркоўскі вёртка сігануў назад і знік у праломе.

Пад сцяной з агромністай, скіраванай уніз стрэлкай рэкламы байцы аддыхаліся, тут яны былі ў нейкай бяспецы, закрытыя ад ратушы вуглом шэрага, падзёўбанага асколкамі дома. Сяржант узіраўся ў руіны, дзе застаўся іхні чацвёрты таварыш, і, не ўбачыўшы яго, крыкнуў:

— Гэй, давай бягом!

Туркоўскі нясмела высунуўся з-за пашчэрбленага ўскрайка сцяны, але кулямёт з ратушы зноў сыпануў па тынкоўцы бязладнаю чаргой, і баец борзда схаваўся.

— Ладна, — сказаў Сінцоў. — Пайшлі. Траіх управімся.

Яны пачакалі яшчэ, а пасля адзін за другім паўз шархоткую сцяну дома пачалі прабірацца да ратушы. Чарняк чамусьці хутка адстаў, і за сяржантам бег адзін Сінцоў. Ад рага яны пераадолелі ўскраек сквера і схаваліся пад густымі кронамі акацый. Кулямётчык з вежы ці не заўважыў іх, ці, можа, зусім не мог бачыць.