Найчасцей яму снілася легенда пра Маргера, якую дзед распавёў, калі Стась спытаў яго: “Дзед, а чаму нашы суседзі Былінскія і Стапулі, а мы - Магеры?..” Дзед павёў яго ў замак, яны селі на камяні каля Кутняй вежы, і Стась пачуў легенду пра старадаўнія часы, калі дзяржавай цяперашніх беларусаў было Вялікае Княства Літоўскае, на якое раз за разам нападалі з усходу то татары з маскавітамі, то з захаду крыжакі. У адзін з такіх нападаў Маргер, малодшы брат князя Гедыміна, бараніў замак у Піленах. Крыжакоў было дзесяць на аднаго, яны прабілі замкавыя сцены. Ніхто з ваяроў Маргера не здаўся ворагам, усе біліся насмерць. Калі Маргер застаўся адзін, ён, каб не дацца ў палон, забіў спачатку сваю прыгажуню жонку, Палуту, а пасля сябе. Але засталіся жывымі, перапраўленыя з Піленаў у Каранёўскі замак, два іх сыны, якія, стаўшы Магерамі, прадоўжылі род...
- А чаму яны сталі Магерамі? - пытаў маленькі Стась дзеда, які адказваў: “Каб іх крыжакі не знайшлі і не забілі, як Ірад дзяцей забіў”, - і Стасю такога адказу было дастаткова, хоць ён не ведаў тады, ні хто такі Ірад, ні чаму ён забіваў дзяцей.
- Ды слухай ты іх, абы ім казаць! - адмахваўся бацька, продкі якога, рассыпаныя па волжскіх стэпах, былі невядома кім, і ён ніводнага разу нават мезенцам не зварухнуў, каб што-небудзь пра іх дазнацца. - Княжычы яны! Блакітная кроў! Ды быў нейкі мужык, які магеркі шыў - і стаў Магерам. Як каваль Кавалём. Вось і ўвесь радавод. І не задурвай ты сабе гэтым галаву, а то мазгі скрэнціш.
Так, былі ў Каранях Магеры, якія шылі магеркі. Круглыя, лямцавыя шапкі, падобныя да капелюшоў без палёў. Але ў іх сям’і ніхто магеркі не шыў. І Стась думаў, што бацька сам хацеў быць пачынальнікам новага каранёўскага роду, таму і чуць не хацеў нічога пра Маргера.
Стась мацней прытуліўся да дзеда, які дасюль пах саламяным пылам, што курыўся ў пуні, калі яны наразалі сечку. Паглядзеўшы на іх, прыселі ўсе - хто да стала, хто пад грушай, хто пад дубкамі. На небе ўжо высыпалі зоркі: злева, над Былінскімі, нахіліўся Вялікі Воз, справа, над Стапулямі, зіхцелі Касцы. Пад велічным небам паміж белымі, фасфарычнымі ў зоркавым святле царквой і касцёлам дыміліся комінамі, мігцелі агеньчыкамі ў вокнах Карані...
Пасядзелі моўчкі, гледзячы на тое, што было іх жыццём.
- До, - уздыхнуў дзед. - Пабылі. - І ўжо ўсе падымацца пачалі, калі дзядзька Лявон спытаў:
- А пра што Мацей піша? Што просіць у Бога?..
Прызнацца, што чужы ліст чытаў, было няёмка, і Стась хацеў зманіць, нібы не ведае, што там напісана, але зманіць не паспеў, бо дзед сказаў:
- Нічога не просіць. У грахах каецца. З Багушоўскага лесу дзве сасны ўкраў на бёрны.
- Дык з нашага боку ўкраў, - тут жа ўставіў дзядзька Пятрусь. - З каранёўскага. Каб са свайго, дык...
- Дык, дык! Што ты раздыкаўся, як індык?.. - абрэзаў жарты дзед. - Ён чаму ўкраў? Бо хата ў яго згарэла. І ён раскідаў свіран, каб хату скласці. Свіран малы быў, бёрнаў не хапіла. Папрасіў у калгасе. А калгас даў? Не даў. Калгас сказаў: купі. А за што купіць? За што яму купіць было, калі ён працаваў у калгасе, які яму не плаціў. Нічога, ні капейчыны. Толькі працадні маляваў. Во на такой, - паклаў дзед Мацееў трохкутнік перад бацькам, - паперы ў клетачку. Ты думаеш, Пракоп, ён дарма на такой паперы пісьмо Богу напісаў?..
Стасеў бацька, які ў той час, калі Мацеева хата згарэла, у Каранях старшынём сельсавета быў, паглядзеў спачатку на дзеда, потым на ўсіх: ну, вы бачыце, што стары вырабляе?
- Ты чаго мне гэта падсоўваеш? - адкінуў ён пісьмо Мацея. - Мацей не ў Каранёўскім калгасе працаваў.
Дзед узяў ліст, паклаў перад сабой.
- Я працаваў у Каранёўскім. Гарбеў. З відна да цямна. Мне плацілі? Петрусю?.. Лявону?..
Бацька на гэта нічога не сказаў, бо сказаць не было чаго, а дзядзька Лявон яго абараніў:
- Дзякуй Богу, што яму, як старшыні, хоць нешта плацілі. Каб не, дык мы й не выжылі б.
Стасевага бацьку прыслалі пасля вайны ў Карані, каб сабраць каранёўцаў у калгас. А калгас, аказалася, гэта аддай сваё, а табе ўзамен - нічога. І стала ў вёсцы галадней, чым у вайну. Праз тое па бацьку й стралялі ў Багушоўскім лесе. І яшчэ, мусібыць, праз тое, што рускі. Але стралялі да таго, як ён са
Стасевай маці пабраўся. Калі пабраўся, калі сын нарадзіўся, якога бацька запісаў не рускім, а беларусам, не стралялі. Сваім не назвалі, але й чужым не лічылі. Ён не выслужваўся, не лютаваў: больш, чым ад яго патрабавалі, не патрабаваў. Нават бараніў, выкруціцца дапамагаў, калі ўсялякія інспектары, падаткоўцы надта ціснулі. І ўрэшце каранёўцы прызналі яго справядлівым. А калі ты справядлівы - гэта больш, чым калі ты хоць беларус, хоць рускі, хоць паляк, хоць немец... Хоць жывы, хоць нябожчык.