- Ну што, до на сёння? - падышоў дзед да велікана ў чорнай скуранцы, які так і стаяў, нерухома гледзячы ў амбразуру, нібы чакаючы, падсцерагаючы некага з таго боку, у які глядзеў. - Пара нам. Ты з намі?
Вялізны чалавек коратка крутнуў галавой: “Не”.
- Не дык не. А мы пойдзем. Петрусю яшчэ да Смаргоняў дабірацца, Міколу да Варшавы.
- Па хатах?.. - спытаў нехта зверху голасам Стася, толькі гусцейшым, басам, і Стась не адразу ўцяміў, што гэта Маргер, павярнуўшыся, прабасіў.
- А хто ваяваць будзе? Айчыну бараніць?
У першае імгненне Стасю нават здалося, што гэта сам ён спытаў, што гэта ў яго так голас загусцеў праз тое, што ён сёння разбіўся насмерць. Тым больш, што зірнуўшы на чалавека ў чорнай скуранцы і шэрай магерцы з чырвоным пярэплеткам у выглядзе літары “М”, ён зірнуў нібы ў павелічальнае люстэрка, у якое глядзеў звычайна, калі галіўся - так Стась да Маргера, ці Маргер да яго быў падобны, толькі разы ў паўтары большы.
- Глядзіце... - паставіў Маргер скрыню з гранатамі на скрыню снарадаў і разгарнуў мапу. - Чырвоныя стрэлы - гэта рускія. Сінія - немцы. Зялёныя - палякі. Жоўтыя - літоўцы. І ўсе - на нас! Бачыце?.. З усіх бакоў... Абарону займаем вось па гэтай зубчастай лініі. Гэта наша зямля. Можа, некалі была нечая, але цяпер - наша. Стаім насмерць.
Голас, якім гэта было сказана, не дапускаў сумневу, што ўсім тут стаяць насмерць, і дзядзька Пятрусь, які ні з кім ніколі не ваяваў, пачухаў патыліцу: “Дык мы й так нібыта...” - а Стась спытаў ва ўсіх:
- У вас хіба на тым... на вашым свеце таксама войны?.. - І ўбачыўшы, што пытанне як бы павісла ў паветры, ніхто не спяшае адказваць, дадаў разгублена. - Ну, які толк ваяваць, калі нікога не заб’еш, бо ўсе ўжо забітыя... Ці самі памерлі...
Маргер склаў мапу.
- Свет адзін. Ты яшчэ не зразумеў?.. - І павярнуўся да амбразуры. - А дзе Мацей? Нешта я ні па той, ні па гэты бок яго не бачу.
- На нейтралцы Мацей, - пстрыкнуў пальцамі дзядзька Пятрусь. - Не прайшоў мяжу, з адным грахом ягоным не разабраліся.
- Якім?
- Апошнім, - дастаў дзед Ясь Мацееў ліст з кішэні. - Спрадвечным грахом беларуса, які падумаў пра тое, чаго хацеў, а як толькі падуманае здзейснілася, адразу спалохаўся і перадумаў.
- Як заўсёды, - сказаў Маргер. - І што цяпер?
- На суд Госпада нашага. Няхай вырашае.
Маргер паківаў.
- Таксама як заўсёды. За нас нехта ўсё вырашае, самі лёс свой дасюль вырашыць не можам.
Ён узяў пісьмо, падышоў да ліхтара, прачытаў... Вярнуў ліст дзеду, які спытаў:
- Што скажаш?
- Нічога. Што мне пра чужое сказаць, калі пра сваё не ведаю?.. Вось я не хацеў забіваць Палуту, а забіў. Каб яе, жонку, маці маіх дзяцей, не пакідаць на гвалт. Які гэта грэх: вольны, нявольны?
“Нішто сабе параўнаў! - падумалася Стасю, і ён паспрабаваў зазірнуць Маргеру ў вочы, колеру якіх пры святле ліхтара не разгледзець было, але разрэз іх быў гэткі самы, як у дзеда, Стасевай маці і самога Стася, і ён спытаў:
- Скажы, Маргер... а Бог табе дараваў?
Маргер напружыўся ўвесь - аж скуранка на ім рыпнула. Кіўнуў:
- Так. Палута папрасіла. Яна святая.
- Тады няхай і за Мацея папросіць, - прапанаваў Стасеў бацька, які доўга маўчаў, думаючы нешта сваё, рускае, і коса пазіраючы то на дзядзьку Міколу, які стаў палякам, то на Маргера, які стаў беларусам, хоць ніякіх беларусаў у ягоныя часы не было. - Калі святая.
Дзядзька Пятрусь рукі ўскінуў:
- Ды якая святая!.. Двухмужняя! За Мацея пайшла, з Маргерам не развёўшыся! І святая? Я пагавару яшчэ з Богам!
Стасеў бацька зірнуў на яго насмешліва.
- Ага. Пагавары. Толькі цябе Ён і чакае.
Да Стася пачало паціху даходзіць тое, што сказаў дзядзька Пятрусь.
- Чакайце... Палута з Багушоў - жонка Маргера? Як гэта?..
- Душа ў ёй тая ж. Вечная душа, - схаваў дзед у кішэню ліст Мацея.
- Вось Мацей і напісаў Богу, пра душу паклапаціўся.
- Адкупіўся! - не мог тут стрываць і не стрываў дзядзька Пятрусь. - Заплаціў Богу тры рублі! Па рублю за грэх.
Дзед перахрысціўся:
- Ты, Пятрук, дагаворышся...
Стась раптам падумаў, што ліст Мацея можна і так зразумець. Калі захацець.
Людзі ўвогуле не жадаюць бачыць у іншых нічога, апроч таго, што жадаюць бачыць. І бачыцца ім па жаданні іх найчасцей брыдкае ў бліжніх сваіх. За рэдкімі выключэннямі. Ну, калі матка глядзіць на сваё дзіцятка.
Так Ганя на Стася глядзела. Так некалі цар Пігмаліён, ствараючы жанчыну такой, якой хацеў яе бачыць, глядзеў на Галатэю. А ў выпадку з Ганяй амбіцый было нават болей: Галатэя стварала Пігмаліёна, які потым мроіўся ёй царом. Стваральнікам новага свету, ледзь не Богам. Але ствараць свет ён зноў жа мусіў не такім, якім сам жадаў, а такім, якім жадала бачыць свет Галатэя.