Стась працівіўся. Не таму, што Ганя хацела нечага кепскага, не. Яна хацела добрага. Найлепшага. Але не таго, чаго хацеў ён. І так настойліва, так дакучліва, так апантана яна прагнула свайго, што ў ім стала нарастаць жаданне, каб яна ад яго адчапілася. Пакінула яго. Ён так часта ўяўляў, як яна аднойчы пойдзе з дому і не вернецца, што гэтае жаданне выцесніла ўсе астатнія. Яна адчула гэта, жанчына не можа не адчуць такое. Плакала, упадала ў істэрыкі, кідалася біцца, раздзірала скуру на ім: “Што ты пад ёй хаваеш?!. Што з табой?!. Дзе ты падзеўся?!.” І раптам супакоілася. Сціхла. Зусім.
Аднойчы пайшла і не вярнулася. Сястра яе патэлефанавала: “Ганя прасіла сказаць, што вы для яе памерлі”.
Можа, ён таму і памёр?..
Ці не памёр? Можа быць, гэта і ёсць нешта такое, пра што маці казала? Не жыццё і не смерць. Але як тады жыць?
- Як усе, - пляснуў Стася па плячы дзядзька Лявон, сакратар Боскай канцылярыі. - Глядзі, як усе жывуць, і сам так жыві. Па-іншаму не выходзіць. - І рушыў да выхаду. - Пара. Днець хутка пачне.
Маргер лёгка, як пустую, падхапіў скрыню з лімонкамі, паставіў да сцяны і спытаў услед сакратару Боскай канцылярыі:
- А калі ўсе не так жывуць?..
Дзядзька Лявон, затаптаўшыся каля выхада, хацеў нешта сказаць, але дзядзька Пятрусь яго апярэдзіў:
- Мне пры жыцці галаву гэтым затлумілі! Так, не так!.. А тут яшчэ й па смерці дураць! - І ён раскінуў рукі ўшыркі. - Ну як яно можа быць, каб усе не так жылі?
- Праўда што, - падняў руку, нібы галасуючы за нешта, дзядзька Мікола, і дзядзька Лявон каля выхаду руку падняў, і Стасеў бацька відавочна быў не на баку Маргера, і Стась, які сам не ведаў, як ён жыве, так ці не так, падумаў, што такога, каб усе не так жылі, быць не можа, і толькі дзед Ясь сказаў ціха:
- Можа быць. Калі без Бога жыць.
Маргер узняў абедзве рукі:
- А што такое жыць з Богам ці без Бога? Гэта верыць ці не верыць? Маліцца ці не маліцца? Грашыць ці не грашыць? Што?.. - склаў ён рукі на грудзях. - Вось я забіў. Спачатку яе, каб яна не бачыла, як дзяцей... Але ж яна ведала, што іх таксама... І перад тым перахрысціла мяне. Пацалавала. Што гэта перад Богам?.. Хто яна перад Ім? Мы з ёй, яна і я, калі ад апошняга яе пацалунка, проста ад дотыку губамі да шчакі мяне ўдарыла, як маланкай! І такая хваля жарсці пракацілася па мне ад неба да зямлі і ад зямлі зноў да неба, што самога мяне як не стала, адна гэтая хваля, у якой я засек яе, страчваючы свядомасць, прытомнасць... Гэтак- сама, як кахаў...
Маргер доўгім-доўгім позіркам паглядзеў на дзеда Яся, на трох ягоных сыноў і ўнука, у жылах якіх, працёкшы праз пакаленні і змяшаўшыся з іншай крывёй, бруіла ягоная кроў, падышоў да кожнага, з кожным абняўся, не прамінуўшы Стасевага бацьку, павярнуўся да амбразуры і застыў, гледзячы ў ноч.
- Не так жывем!.. - раздражнёна махнуў рукой, калі выйшлі з бліндажа, Стасеў бацька. - Абы яму казаць. А як жыць, каб так? Дзяцей і жонак забіваць?.. - І раптам ён застыў на пагорку. - Чакайце... Калі Маргер сыноў засек, дык якія вы ягоныя нашчадкі?
- Не казаў ён пра сыноў, пра жонку казаў, а сыноў не забіў, у Карані выправіў, - з’явілася аднекуль, як з начы саткаўшыся, Стасева маці, і баба Алімпа саткалася каля дзеда за руку з Яўгенам, стрыечным Стасевым братам, які ўсміхнуўся вінавата: “Выбачайце, дапамог Стасю з Мацеем з магілы выбрацца, а пасля кінуўся вас даганяць і ў лесе заблукаў. Жывым быў - не блукаў, а вось нябожчыкам...” - і Стасю дых заняло: “Дык вось хто!..” - і ён ледзь не заплакаў, абняўшыся з братам, якога не толькі ён, але і Бог любіў, паслаўшы смерць яму ў маладым сне. Усе разам рушылі на клады, каля якіх развіталіся з дзядзькам Петрусём, якому трэба было ў Смаргоні, і дзядзькам Міколам, якому ў Варшаву. Ва ўсіх астатніх магілы тут былі, адна каля адной, толькі Стасевай яшчэ не было. “Ты не йдзі далей з намі, табе не час. Дахаты йдзі”, - сказаў дзед, а маці сказала: “Можаш сёння на могілках не прыбірацца, стаміўся ты, бедны, я сама зараз прыбяруся хуценька”, - на што бацька зыркнуў спадылба: “Ну ты ўжо зусім!.. Як гэта сама - абы табе казаць? Што людзі скажуць?..” - і яны пайшлі, спрачаючыся праз Стася, як спрачаліся праз яго, калі жывыя былі, а ён не стаў глядзець ім услед, бо адчуў, што не вытрывае, разарвецца сэрца, павярнуў дахаты, ішоў цераз Магерава поле і плакаў, а з амбразуры бліндажа за полем глядзеў яму ўслед, не міргаючы, Маргер.
У хаце яго чакала Ганя. Стаяла каля вакна, павярнулася да Стася, збялелая: “Мне сказалі, што ты разбіўся. Насмерць пад Суцькавым”. “Хто сказаў?” “Не ведаю. Але я пачула. Нібы маці тваёй голас быў...”