Выбрать главу

Маці любіла Ганю. Можа, яна ёй і сказала.

Толькі чаму пад Суцькавым?.. Суцькава ён прамінуў.

- Як ты?.. - спытаў ён стомлена, не надта жадаючы размаўляць, а яна ўстрапянулася:

- На маршрутцы я!.. - І, скочыўшы да печы, паставіла на стол яечню з блінамі, якімі заўсёды, калі раней яны разам прыязджалі ў Карані, частавала іх маці. - Яшчэ з вечара прыехала, а цябе няма й няма. Чаму ты машыну пад лесам кінуў? Яна ж толькі падрапаная.

Стась успомніў, як Ганя яго драпала, і ўсміхнуўся. Ён сам не чакаў, што з такога ўспаміну ўсміхнецца, раней гэта зусім інакш згадвалася, і ўспомніўшы, як яно згадвалася інакш, яшчэ раз усміхнуўся: “Падрапала, бяда якая... ”

- Вядома, не бяда, - зашчабятала ўзрадавана і праз тое, што ён усміхнуўся, і праз тое, што гаворку падтрымаў, хоць ён проста падуманае ўголас сказаў, Ганя. - Дзякуй Богу, што сам жывы... - і Стась спыніў яе, руку на руку паклаўшы: “А ты думаеш, я жывы?..”

Як яна за руку ягоную ўхапілася! Як прыціснулася шчакой і загаварыла хутка, час ад часу захлынаючыся словамі, нават не словамі самімі, а тым, што за імі было, што яе перапаўняла, удзячная яму, што ён яе слухае і, здаецца, разумеее, ці хоча зразумець, упершыню ў жыцці хоча зразумець, хоць Стась нічога не хацеў - так стаміўся паміраць і ўваскрасаць, а Ганя гаварыла, гаварыла, гаварыла...

- Калі я папрасіла, каб ты ўзяў мяне ў Карані, бо змучылася ўся, паразмаўляць хацела, а ты не захацеў, я так ускрыўдавала, што падумала... ды не падумала нават, пажадала... так моцна, як калісьці жадала, каб ты быў, цяпер пажадала, каб цябе не стала, каб я праз цябе не мучылася болей, каб ты забіўся па дарозе пад Суцькавам ці Багушамі, а потым... потым, гадзіны праз дзве, як ты паехаў, нешта такое са мной сталася, як душу з мяне вынялі, нібы я памерла... і зразумела, паміраючы, што гэта праз цябе... што гэта ты памёр, забіўся па дарозе ў Карані, як я таго пажадала... і такі жах мяне агарнуў, жудасць такая!.. бо ўжо няма з чым жыць, няма чаго жадаць... бо ўсё, чаго жадала, было звязанае з табой, а цяпер - што?.. нічога!.. апошняе жаданне спраўдзіў Бог - і я ўзмалілася:

Госпадзі! Стасю мой! Я ж не таго, зусім не таго жадала! Усё жыццё я ха­цела ашчаслівіць цябе, а ты не хацеў быць такім шчаслівым, як я хацела, дык што ж... Жыві, як хочаш, толькі жыві! Госпадзі, няхай ён жыве, ажыві яго, калі ён памёр! Госпадзі, забяры мяне замест яго, хоць як забяры, нават праз пакуты, калі грэх на мне, заклінаю цябе, Божа, я так яго кахаю!.. І я пажадала гэтага мацней, куды мацней, чым пажадала тваёй смерці... мацней, чым калі-небудзь чаго-небудзь жадала... і як нехта сказаў мне... не ведаю нават, сказаў, ці гэта неяк іначай было... але як пачула я спачатку, што ты забіўся, гэтак пачула пасля, што ты ажыў... і ўбачыла цябе, ясна ўбачыла спачатку ў магіле... прычым, не аднаго, а з братам тваім стрыечным, і падумала, што ты падвозіў яго ў Карані, а пасля ўспомніла, што яго даўно няма... і ўбачыла цябе ўжо аднаго ў пабітай машыне каля Багушоў, кінулася на аўтастанцыю, якраз маршрутка была, і па дарозе малілася і прасіла, заклінала, і ўсю ноч цябе чакала, чакала, чака...

Ганя заснула на ягонай руцэ.

Ён падняў яе, паклаў на канапу каля вакна, якое ўжо ружавела сонцам, што яшчэ не ўзышло. Ціха-ціха набіралася ім ранішняя хата: люстэрка ў дзверцах старой, яшчэ польскага часу шафы; карціна з ускрайкам Багушоўскага лесу і жанчынай на лугавіне пры ўзлеску, пра якую Стась заўсёды думаў, што гэта ягоная маці; абраз у чырвоным куце, перад якім Стась укленчыў, памаліўся і рушыў на могілкі.

Па дарозе падвярнуў да бліндажа. Ніхто не зірнуў на яго з амбразуры, не знайшлося ў бліндажы ніякай зброі. Ніякай, апроч дзіды. Можна было падумаць, што гэта ён сам і прынёс дзіду ўночы, а болей тут і не было нічога, калі б пад амбразурай не стаялі адна на адной дзве пустыя скрыні, а на верхняй не ляжала мапа. З чырвонымі, сінімі, зялёнымі і жоўтымі стрэлкамі на ёй...

“Маргер! - паклікаў Стась. - Маргер, ты тут? Ты не пакінуў Карані, Маргер?”

У бліндажы ледзь зварухнулася і зноў застыла бетонная цішыня. Стась склаў мапу і сунуў яе ў кішэнь пінжака, дзе ляжаў нядаўна ліст Мацея да Бога.

Цераз лагчыну прайшоў на клады. Маці ўсё ж прыбрала магілы, сваю і бацькаву, хоць той і сварыўся з ёй праз гэта. Прыбранымі выглядалі і надмагіллі дзеда Яся і бабы Алімпы, прадзеда Марка і прабабы Ганны. На тым родныя магілы канчаліся, ранейшых пахаванняў не было, бо ў час Першай сусветнай вайны клады аказаліся на лініі фронту і былі так пераараныя рускімі і нямецкімі снарадамі, што касцей было не сабраць, а тым больш распазнаць, дзе чыя косці. Беларускія, польскія, літоўскія...

З высокіх могілкаў, з аднаго з сямі пагоркаў, на якіх раскінуліся Карані, быў добра відаць парушаны той жа вайной Каранёўскі замак. Некалі, займеўшы нечаканыя грошы, ён надумаў аднавіць замак, легендамі і казкамі якога поўнілася ягонае дзяцінства. Стварыў фонд, запрасіў у Карані палякаў, літоўцаў. “Дзякуй, - сказаў, сустракаючы гасцей, - што згадзіліся дапамагчы нам узняць з руінаў нашу гісторыю...” - і яны, не даўшы яму дагаварыць тое, што ён хацеў сказаць, што гэта “не толькі наша, але і ваша гісторыя...” - адразу ўскочылі: “Гэта наш замак!”