“Я тут нарадзіўся, а вы мне... - пачаў ён скрозь сціснутыя зубы, але стрымаўся. - Добра, - сказаў, - ваш дык ваш”. І павёў гасцей да руінаў, да цаглінаў і камянёў: “Калі гэта ваша, забірайце! Цягніце каменне ў
Вільню, у Варшаву! А я тут свайго нацягаю. І сваё ўздыму на гэтых руінах! І яно ў мяне будзе не камянямі, а гісторыяй! А ў вас гісторыя будзе гэтымі камянямі!..”
Болей пра тое, чый гэта замак, госці не заікаліся. Але ўсё адно з аднаўленнем нічога не выйшла. У тым часе, у якім Стась надумаў гэта зрабіць, патрэбныя былі не замкі, а замкі.
Казкі і легенды Каранёўскага замка былі для яго не адно гісторыяй. Яны былі такою ж рэальнасцю, як свет наўкол яго і ў ім, а іх героі заўсёды былі для яго жывымі. Як і ўсе, хто сяліўся некалі на сямі каранёўскіх пагорках, намытых сто пяцьдзясят мільёнаў год таму сусветным акіянам.
“Усе жыццё - сусветны акіян, - думаў Стась сярод родных магіл, гледзячы на замак, на Юр’еву, Перунову, Літвінаву, Вялесаву, на Крывую гару... - І акіян гэты плешчацца, уздымаючы глыбінныя, перамешваючы іх з верхнімі, хвалі. Што ў ім былое, што цяперашняе, што будучае? Усё ў адным.
Вось што ёсць мінулае? Гэта не тое, што было, а тое, што засталося. Таму мінулага няма. А значыць, няма й смерці. І няма мёртвых. І не з мёртвымі быў ён увесь дзень і ўсю ноч, а з тымі, хто ў глыбінях акіяна...
Смерць - тое самае, што жыццё, толькі названае іншым словам. Вунь Ганя займаецца старажытнымі мовамі і кажа, што ў некаторых з іх жыццё і смерць нават называліся адным словам. І зямля называлася гэтаксама, як неба...”
Ён успомніў, як аднойчы, калі было яму гадоў сем, так, перад самай школай, вырашыў да неба дайсці. Гэтак яно было блізка, абступленае гарамі з пагоркамі. І ён пайшоў з гары на гару, з пагорка на пагорак. Рушыў з самай раніцы, ледзь світала, а ўвечары, калі цямнела, прыйшоў на тую ж гару, з якой рушыў.
“Дзед? - спытаў ён пазней, калі падрос. - Скажы: так заўсёды? З якой гары пойдзеш, на такую й прыдзеш?”
“Так, - сказаў дзед. - Але выбірай вышэйшую”.
“Каб даўжэй ісці?”
“Не. Ісці ўсё адно адзін дзень. Каб вышэй”.
“Навошта, калі ўсё адно адзін дзень?”
“Каб бліжэй да Бога”.
“Бог толькі вышэй?”
“Так. Толькі ў вышыні”.
“Ніжэй Яго няма? Тых, хто ніжэй, Ён пакінуў?..”
- Ты чаму мяне пакінуў? - падышла нячутна, прытулілася да ягонай спіны Ганя. - Вярніся да мяне. Так усё хутка, так нядоўга...
Так. Адзін дзень з раніцы да вечара. З пагорка на пагорак.
- А калі б доўга?
Яна ўздыхнула.
- Гэта не пра нас. Колькі каму ні жыць - мы ўсе паміраем заўтра.
Слова ў слова тое, што маці казала.
- Ты размаўляла з ёй?
- Так, - сказала Ганя, не спытаўшы, з кім. - Яна прыходзіла.
- Калі?
- Пакуль вы па бліндажах лазілі. Бліноў табе напякла. І папрасіла, каб я цябе чакала. Што ты вернешся.
- Папрасіла?
- Папрасіла.
- Да цябе?
- Не. Так яна не казала. Проста вернешся.
Ён павярнуўся да яе - яна была з кветкамі, па якія схадзіла ў машыну. Яны абняліся і стаялі доўга, абняўшыся, сярод магіл, да якіх у небе, якое называлася некалі гэтаксама, як зямля, плыў ад царквы высокі звон: дзя- ды, дзя-ды, дзя-ды...
- Ты вярнуўся?.. - ціха спытала Ганя, калі звон праплыў над кладамі да Магерава поля, і Стась не адказаў нічога, бо сам не ведаў, вярнуўся ці не? І Ганя не ведала, ці так ужо ёй, яму, ім абодвум трэба адно да аднаго вяртацца. Хутчэй яна проста чаплялася за мінулае, як звычайна за яго чапляюцца, калі не відаць будучыні. Рабіць у мінулым ім не было чаго, але нешта ж трэба было рабіць - і яны паклалі на магілы кветкі.
- Пайшлі бліны есці, - узяў ён Ганю пад руку і павёў з могілкаў. - Паснедаем і паедзем. Мне яшчэ ў Багушы вяртацца.
Паснедаўшы і зачыніўшы хату, пайшлі да машыны цераз Крывую гару, на вяршыні якой каля Гаспадар-каменя Ганя раптам укленчыла, прыпала да зямлі.
- Не грыміць там нічога, не енчыць ніхто. Ніякае не пекла. І чароўны свісток ты не знайшоў. Ты пра яго спытаўся ў дзеда?
Госпадзі! Усю ноч з ім быў не толькі дзед Ясь, усе продкі былі, а ён пра свісток і не падумаў. Не спытаў хоць бы пра тое, што будзе, калі ў яго тры разы свіснуць?..