Ён і цяпер так хацеў пачаць, але нябожчык раптам крутнуўся ў труне, лёг ніцма і заплакаў. А як над нябожчыкам, які ляжыць ніцма і плача, развітальныя словы прамаўляць?
- Праўда што, - падышоў да труны дзядзька Лявон, які пры жыцці недалюбліваў Мацея Богуша і ўсіх багушоўскіх, бо тыя, калі кралі лес, дык заўсёды з каранёўскага, а не са свайго боку. - Яшчэ нічога пра яго не сказалі, а ён ужо, як дзіця, носам у падушку - і плакаць. Скажы яму, Стась!
А што сказаць? Якія словы? Хіба суцяшальныя нейкія... “Не плач, усё добра будзе...” А што добрага?
- Бач ты, памёр ён сёння! - падтрымаў дзядзьку Лявона дзядзька Пятрусь. - І адразу ў слёзы. Я вунь калі памёр - і што? Па чым плакаць? Па кім? Па сабе? А што з табой сталася?
Мацей павярнуўся на спіну, дастаў люстэрка з грудной кішэні пінжака, у якім яшчэ дзецюком на танцы хадзіў, паглядзеўся, выцер вочы.
- Са мной нічога. І я не па сабе. Па Беларусі.
- А-а-а... - працягнуў дзядзька Лявон. - Дык ты ж паляк. Чаго табе па Беларусі плакаць?
Мацей Богуш зірнуў на яго крыўдліва.
- Мая маці да касцёлу хадзіла. А бацька да царквы. Дык калі я не габрэй, хто я?
Ды хто б ён ні быў, чаго яму па Беларусі плакаць? Ну, добра, па сабе, па Багушах, у якіх нікога не засталося. Але ж не па Каранях, а тым больш не па Беларусі, нібы ўсе беларусы сканалі.
- Не ўсе ж беларусы сканалі... - пачаў Стась, і Мацей падскочыў у труне.
- У Багушах - усе, а ў Беларусі - не ўсе? Чаму? Ты чуў, каб яны казалі па-беларуску? Каб па-свойму маліліся?.. Не чуў. Дык скуль ты ведаеш, што яны беларусы? І што жывыя?
Стась, не чакаючы ад нябожчыка гэткага спрыту, разгубіўся.
- Бо ў Каранях жывыя, я жывы... - і Мацей перапыніў яго, спытаўшы зусім па-дурному:
- А хто табе сказаў, што ты жывы? Вось пра мяне скажы: я жывы ці мёртвы?
Уважліва паглядзеўшы на Мацея, які, калі ў труну паклаўся, дык нібы памёр, але ж вунь як у труне круціцца, Стась упершыню ў жыцці падумаў, што сказаць пра чалавека, жывы ён ці не, зусім не так проста, як заўсёды здавалася. Тое, што чалавек рухаецца, есць, п’е, нешта кажа, глядзіцца ў люстэрка - не доказ, што ён жывы.
Вось хоць бы ён сам... Нарадзіўся. Вучыўся. Ажаніўся. Развёўся. На службу ўбіўся. Ну і што? Гэта ўсё і мёртвы можа. Тая ж Ганя, жонка, пытала, калі яны разам жылі: “Што ты як нежывы? Нібы толькі таму жывеш, што пашпарт маеш”. І хоць жыў ён не таму, што пашпарт меў, а наадварот: пашпарт меў таму, што жыў, для Гані гэта быў не доказ. “Я хачу, - яна казала, - каб ты, калі жывы, быў не мёртвы”. А ён ніяк уцяміць не мог, пра што яна кажа? І вось цяпер, гледзячы на Мацея, нібы ўцяміў. Ён жа, як Мацей, мог у труне круціцца, падскокваць, у люстэрка глядзець - і было б тое самае. Не жывы і не мёртвы. Не смерць і не жыццё.
Тады дзе яно, жыццё? У чым? Калі яно прасейваецца, як пясок, працякае, як вада, пралятае, як вецер - так, што не ўхапіць. І не зразумець, дзеля чаго ты з’явіўся ў свеце, калі свет мог абысціся без цябе. Быў у свеце Мацей, не было ў свеце Мацея - свету ўсё адно. Свет нічога да Мацея не адчувае. Але ж нешта адчувае да свету Мацей...
Можа, не варта намагацца зразумець жыццё? Можа быць, жыццё - гэта тое, чаго нельга зразумець, а можна толькі адчуваць?
Вось што адчувае цяпер Мацей?..
Хоць пры чым тут Мацей? Ні пры чым тут Мацей. Гэта ён, Стась, выпадкова з’явіўся на ягонае пахаванне. Гэтаксама, як выпадкова з’явіўся ў свет. І што ён, Стась, цяпер адчувае?..
Смерць? Страх перад ёю?
Не.
Бога?
Не. І не таму, што не думае пра тое, ёсць Ён, ці Яго няма? Пра гэта ён не думае. Проста не адчувае.
Д’ябла?
Не.
Любоў да гэтых людзей, пра якіх не разбярэш, жывуць яны ці памерлі?
Не.
Нянавісць да іх, бо яны самі не ведаюць, хто яны ёсць і на якім яны свеце?
Не.
Тады што?..
- Кажы ўжо... - пацягнуў яго за рукаво курткі нябожчык. - Чаго ты маўчыш?
- Што казаць?
- Што заўсёды. Што гэтае сэрца, напоўненае любоўю да жыцця і да ўсіх жывых, сэрца Мацея Богуша перастала біцца ў ягоных грудзях, але ніколі яно не перастане біцца ў грудзях тых, хто любіў яго, хто... Ну, давай, не самому ж мне пра сябе на сваіх хаўтурах казаць!
Мацей змоўк, чакаючы, і ўсе маўчалі і чакалі, а Стась не знаходзіў словы, якія падыходзілі б да таго, што ён бачыў. А бачыў ён нябожчыкаў, якія рабілі выгляд, нібы яны жывыя. Усе, апроч аднаго, жывога Мацея Богуша, які прыкідваўся, нібы ён нябожчык. Але з упэўненасцю сказаць, хто тут мёртвы і хто жывы, Стась ужо нават пра сябе самога не мог, толькі пашчыпваў сябе за вуха, хоць ведаў, што гэта не сон. А калі не сон, дык што гэта?..
Яшчэ малым ён наслухаўся ад дзеда з бабай столькі неверагодных гісторый, якія здараліся на Дзяды, што толькі пра тое й марыў, каб хоць нешта падобнае сталася з ім. Аднойчы дзед Ясь распавёў за памінальным сталом, як сустрэў пад ноч на Крывой гары свайго памерлага бацьку, Стасевага прадзеда Марку. Той быў сівы, хоць пахавалі яго чарнявым, сам увесь у белым і з белай торбай на плячы, перавязанай чырвонай стужкай.