Выбрать главу

- Пад ногі глядзі, - дапамог ён падняцца Гані. - Можа, якраз сёння і знойдзем. І свіснем тройчы, каб паглядзець, што будзе.

- А што можа быць, як ты думаеш?

- Не ведаю. Мацей ведае, калі не памёр.

Ганя атрэслася ад лісця з травой.

- Скуль яму ведаць. А калі й ведае, дык што толку. Калі свістка няма.

Даехалі да Багушоў, зайшлі ў падворак Мацея. Ён не памёр. Ляжаў у

труне і пыхкаў люлькай. Каля яго стаяла Палута з трохгадовым хлопчыкам на руках і ўсміхалася.

Хлопчык таксама ўсміхаўся. І ўсміхаўся, лежачы ў труне і пыхкаючы люлькай, Мацей.

Святая сям’я.

- Падобны, - сказаў Мацей, паказаўшы цыбуком люлькі на хлопчыка.

- Ні пры чым тут рускія з літоўцамі і палякі з румынамі. Пралятаюць...

Хлопчык сапраўды быў падобны да Мацея, але яшчэ больш да Палуты. А постаццю, калі Палута паставіла яго на зямлю: “Падыдзі павітайся...” - да Маргера.

- Дзень добры, - падышоў да іх не дзіцячай, цвёрдай паходкай хлоп­чык. - Я Мацей Богуш. Сапраўдны беларус.

Бацька ягоны, падскочыўшы, ледзь з труны не вываліўся.

- Чулі?!. Думаеце, гэта я навучыў яго? Ці Палута?.. Не! Ён сам!

Ён шчаслівы ляжаў у труне, стары Мацей Богуш, а малы Мацей сказаў: “Не сам. Дзед навучыў”.

- Што ты прыдумаў? - звесіўся да яго стары Мацей. - Які дзед? Ну які ў цябе можа быць дзед, калі ўсе дзяды твае памерлі?

Хлопчык паглядзеў на яго - у ясных вачах нязгода:

- Дзяды не паміраюць.

- Хто табе сказаў?

- Дзед Маргер. Прыйшоў учора з Палутай і сказаў.

Ён па імені маці назваў. Ганя спытала, каля яго прысеўшы: “А чаму ты па імені маці называет?” - і хлопчык адказаў: “Я так хачу. Мне падабаецца яе імя”.

“Не беларус, - падумаў Стась. - Ці, можа, насамрэч сапраўдны”.

- Што яшчэ за Маргер?.. З кім ты ўчора цягалася? - прычапіўся Мацей да Палуты, якая абыякава пацепнула плячыма:

- Муж мой. Першы. Гэта даўно было, няхай цябе яно не хвалюе.

У Мацея люлька ў труну ўпала.

- Які муж? Які першы?.. - І ён павярнуўся да Стася. - Я ж табе казаў, што я не надоўга.

Выглядаў ён жаласліва. Палута падышла да яго, прытуліла галаву ягоную да жывата.

- Тут яшчэ адзін сапраўдны беларус. З учарашняга вечара, я адчуваю. Ты прыйшоў адзін, а пакідаеш двух.

Мацей прыціснуўся да яе мацней.

- Мой? Ці Маргераў?

Палута засмяялася.

- Вось чаго не могуць нябожчыкі, дык гэтага. Ад яго былі ў мяне два сыны. Цяпер - ад цябе.

Ганя не хацела здзіўлення выдаць, ды ў яе не выйшла: “Дзядзь-ка Ма-цей... ”

Такое цяжка было ўявіць, але выходзіла, што Маргер - прапра... прадзед, а Палута - прапра...прабабка Стася. З чатырнаццатага стагоддзя гэта колькі ж пра?..

Усё адно ў адным.

- Дык што: магу паміраць? - спытаў Мацей, павярнуўшыся чамусьці да Стася. - Скажаш так, каб па мне заплакалі?

Стась падышоў да яго, паціснуў руку.

- Віншую. І калі памрэш, скажу. Але пакуль выглядае, што ты і ў труне жыць будзеш. Нават калі закапаюць.

- Ну, - сказаў Мацей. - Дзе Бог дасць, там і прыжывуся. Пінжак мой вярні...

Стась зняў куртку, сцягнуў с плячэй пінжак, аддаў Мацею - той адразу руку ў кішэнь. Дастаў мапу, разгарнуў:

- Што гэта? Дзе мой ліст?..

- Дастаўлены адрасату, - забраў у яго мапу Стась, падумаўшы: “З гэтага свету на той. З таго на гэты. Во пошта...” І паклікаў Мацея малога. - Гэта табе ад твайго дзеда Маргера.

- Мапа?

- Мапа.

- А стрэлкі на ёй?.. Гульня такая?

- Гульня такая. Абарона Каранёў, калі нападуць ворагі. Бачыш, колькі іх? Чырвоныя, сінія, зялёныя, жоўтыя... Абарону трымаеш вось па гэтай зубчастай лініі. Гэта твая зямля. Можа, некалі была нечая, але цяпер - твая. Зразумеў?

Маленькі Мацей акуратна склаў мапу, уважліва глянуў на Стася:

- Зразумеў.

- Не аддасі нікому?

- Нікому не аддам.

- Ну й малайчына! - падкінуў і злавіў яго Стась адзін раз, другі, трэці, і малы смяяўся, узлятаючы, заліваючыся смехам на ўсе Багушы, на ўвесь Багушоўскі лес з Каранямі, дзе на Крывой і Літвінавай, на Юр’евай і Вялесавай гары, на ўсіх каранёўскіх пагорках рассыпаныя косці продкаў, якія колькі жылі на гэтай зямлі, столькі біліся з тымі, хто прыходзіў, каб зямлю гэтую ў іх забраць, а яны не аддалі, пакінулі яе Стасю і Гані, Мацею і Палуце, гэтаму хлопчыку, які ўзлятае і смяецца: “До ўжо! До!..” - і стае на ногі, ледзь крануўшыся зямлі, цвёрда, і стаіць, як укапаны.

- Дапамажы труну наверх закінуць, не да смерці ж мне жыць у ёй, - папрасіў Стася стары Мацей, і калі Стась палез па драбіне на гарышча, падаў яму малаток з цвікамі. - Верхнюю папярэчыну прыбі, аслабленая...

Прызнаўся. Пакаяўся і прызнаўся.

Стась увагнаў цвікі ў папярэчыну, зацягнуў на гарышча высушаную, да звону лёгкую труну, і Мацей спытаў яго, калі ён спусціўся: