- Як думаеш: Бог грахі мае даруе?
- Два даруе, - вярнуў яму Стась малаток з двума нескарыстанымі цвікамі. - А трэці...
- Што трэці?
- А трэці, калі Ён думае так, як Палута кажа, дык не.
Відаць было, як Мацей спрабуе ўцяміць тое, што сказаў Стась, але не ўцяміў. Паклаў малаток у прыборак і паглядзеў няўцямна.
- Як гэта Бог можа думаць так, як кажа Палута?
- Ну, не ведаю. Неяк жа Ён думае. Дык чаму не так?
Мацей кінуў у скрыню цвікі.
- Бо так не можа быць. Бо не можа Бог думаць так, як чалавек. Бо тады будзе...
Ён не дагаварыў. Не знаходзіў, што сказаць.
- Што тады будзе?
- Будзе тое, чаго не Бог, а чалавек захоча. Як з тым свістком. Свіснуў раз - памёр, хто замінае. Свіснуў два - ажыў. Свіснуў тры...
Ён зноў замаўчаў. Памаўчаўшы, узяў за руку малога Мацея, сеў з ім на ганак.
- Паслухай мяне, Мацей. Калі я малым быў, трохі большым за цябе, прысніўся мне твой дзед Маргер на Крывой гары, што за нашым лесам. Сівы, хоць пахавалі яго чарнявым, сам увесь у белым і з белай торбай на плячы, перавязанай чырвонай стужкай. Пашукаў ён у торбе і дастаў арэхавы свісток. На, кажа, гэты свісток, ён чароўны. Адзін раз у яго свіснеш - і памрэ той, каму смерці пажадаеш. Два разы свіснеш - і ажыве той, каго ўваскрасіць захочаш. Тры разы свіснеш... - працягнуў мне свісток Маргер, які стаяў за тры крокі ад мяне і бліжэй не падыходзіў, а я са страху нібы ў гару ўрос, ступіць не мог, каб свісток узяць, толькі нахіляўся, з усіх сіл цягнуўся насустрач, вось ужо пальцы мае ягоных пальцаў крануліся, мяне як маланкай прабіла, рука торгнулася - і свісток з ягонай далоні не ў руку мне, а на зямлю ўпаў і пакаціўся з гары, якая раптам расступілася і ўдыхнула ў сябе Маргера, у якой ён і жыве цяпер, на Дзяды з яе выходзячы ды яшчэ тады, калі небяспека чорнай хмарай навісае над гарою, над нашым краем. Так і не паспеў ён сказаць мне, што будзе, калі тры разы свіснеш, а я кінуўся ў спудзе дахаты. Назаўтра пайшоў свісток шукаць, ды дзе ты яго на той гары знойдзеш, калі нават не помніш, з якога боку стаяў, у якім месцы гара расступілася. А цяпер я састарэў, цяжка мне па гарах хадзіць, дык няхай твае ногі стануць маімі, Мацей...
Стась слухаў легенду, якую з веку ў век распавядалі бацькі сынам і дзяды ўнукам у Каранях і Багушах, якія мелі ў гэтым жыцці адзін лес і адзін лёс, і ніякавата лавіў сябе на тым, што зайздросціць малому Мацею. Не таму, што жыццё хлапчука толькі пачынаецца, а ягонае напалову пражыта. Стась не хацеў бы пражываць жыццё нанова, зноў упірацца, каб заняць у ім сваё месца, сваю нішу, і каб аднойчы зразумець... не, не зразумець, адчуць, бо зразумець гэта нельга, што нічога, апроч месца і нішы, не займеў. Ён зайздросціў малому Мацею якраз праз тое, што адчувае гэты хлопчык, слухаючы гэтую легенду, і будзе адчуваць, бегаючы па Крывой гары ў пошуках чароўнага свістка, і што адчуе тады, калі страціць надзею яго знайсці, і тады, калі яму адкрыецца, што так ён да скону і не ўведае, што ж будзе, калі свіснуць у свісток тры разы... “Але нешта ж будзе, нешта ж павінна быць, - думаў Стась, гледзячы, як па-рознаму ўсміхаюцца, слухаючы казку, Ганя з Палутай. - Калі не тут, дык там, але што, што?..”
- А раскажы пра Маргера, - папрасіў малы Мацей, калі стары Мацей скончыў расказваць пра чароўны свісток. - Як ён біўся з крыжакамі ў Піленах, як крыжакі прабілі сцены і ўварваліся ў замак і як ён забіў сябе і жонку, каб не здацца ў палон, бо сапраўдныя беларусы не здаюцца!
У легендзе, якую чуў пра Маргера ў дзяцінстве Стась, пра беларусаў не было ні слова. Ні пра сапраўдных, ні пра падробных - ні пра якіх. Але вось яны ў легендзе з’явіліся - і ўжо з яе не знікнуць. Калі нават знікнуць з жыцця. Бо што жыццё? Легенда. Казка, расказаная Богам.
“Гэта ты хораша сказаў, - пачуўся яму ад лесу голас дзеда Яся. - Нечаму ўсё ж навучыўся. Скажы Мацею, што перадаў я ягоны ліст. Не дараваў яму Бог, як Палута ні прасіла. Паклікаў Вяргіню: “Даруеш”? Яна сказала, што не. І Бог падумаў, як яна. Бо з Вяргіняй сталася зло, якога Мацей хацеў для яе”.
- Паехалі мы, - абняў Стась Мацея. - Не хацелася б самоціць цябе на развітанне, але грэх твой...
- Ды ведаю, - махнуў рукой Мацей. - Палута сказала. Таму й паміраць раздумаў. Чаго мне ў пекла?
Стасю ўздыхнулася з палёгкай .
- Ну, калі Палута сказала... І правільна, што ты паміраць раздумаў. Можа, пажывеш яшчэ, дык выкупіш... Во хоць бы праз сына. Не ў кожнага такі сын.
- Можа, і выкуплю, - згадзіўся Мацей. - Калі сын не румын. Здалося мне спачатку, што ўсё ж да румына падобны. Ці да паляка. Табе не здалося?.. Хоць і ты, калі ўгледзецца...
“Божа літасцівы! - узмаліўся Стась. - Калі ж яно скончыцца? Колькі ж будуць азірацца наўкол, шукаючы сябе, беларусы - і не верыць, што яны ёсць? Ну як так: Ты даў нам зямлю, а саміх сябе на зямлі не даў? Ці гэта тая прывілея, якая чакае нас на нябёсах? Тады скажы нам пра гэта, Госпадзі! Дай знак, каб мы не мучыліся. Каб не шукалі на гэтым свеце тое, што чакае нас на тым...”