Вар’ятка.
Хто дапамог ім выбрацца з магілы, яны не ведалі.
Спачатку Стасю здалося, што ці ў труне, якой яго прыдушыла, ці вышэй, над труной, нехта шкрабаецца. Правай, непрыціснутай рукой ён намацаў дошкі над сабой і пастукаў. “Хто там?” - спытаў зверху прыдушаным голасам Мацей. Стась хацеў адказаць, ды рот быў, хоць і не шчыльна, забіты зямлёй, і ён толькі прамычэць здолеў: “Э... а... я... (гэта я)” - не спадзеючыся, што нехта яго пачуе, але Мацей не толькі пачуў, ён Стася пазнаў: “Гэта ты, Стась, пада мной? Не Палута?..” Пасля ён чуў, як Мацей, вохкаючы і лаячыся, варочаўся ў труне, упіраўся ў вечка, спрабуючы падняць ці ссунуць яго, але ні падняць, ні ссунуць прыкапанае вечка сіл Мацеевых не ставала. Ён узвыў адчайна: “Вось жа ведзьма! Жывымі пахавала!” - і тут нехта гукнуў: “Гэй! Вы там жывыя?..” Голас быў нібы знаёмы, але такі аддалены, прыглушаны, што не распазнаць... Пачуўся жалезны шоргат капаніцы ў зямлі, нехта адкопваў магілу, вось ужо жалеза зашкрэбала па дрэве, па вечку, і чутно было, як Мацей прыпадняў яго нарэшце і стаў выбірацца з труны...
Выбіраўся ён доўга, Стась ужо задыхаўся, калі Мацей выцягнуў труну, а з-пад труны Стася.
Каля магілы нікога не было. Толькі на ўскрайку лесу мільганула нечая, зноў жа нібы знаёмая постаць, ды дзе ты вачамі, прысыпанымі зямлёй, разбярэш здаля, чыя?..
- Памог - і за парог, - сказаў Мацей. - Па-нашаму. Ведаеш, у нас раней глыбокія магілы капалі. Метры два. Нават з паловай. Дык самі далакопы не маглі з іх вылезці, а не тое што нябожчыкі...
Імжэў няўтульны восеньскі дождж, які ўсё ж дайшоў да Багушоў па дарозе з Менску, было мокра і холадна, але яны не заўважалі ні макраты, ні холаду, сядзелі на краі сваёй магілы спінай да спіны і глядзелі... Нізка над лесам, як амаль заўсёды ўвосень, вісела цяжкое, каламутнае неба, пусты вецер бег па ім і з дажджом падаў на пустое, шэрае поле, на якім шукалі нешта, пераскокваючы ад купіны да купіны, дзве чорныя, мокрыя вароны, якія маглі выдзяўбаць ім вочы, але не выдзяўбалі, і яны бачылі над лесам неба, над полем дождж, на купінах варонаў - і ні ў адным музеі свету не бачыў Стась лепшай карціны, а Мацей ні ў якіх музеях проста не бываў.
“Трэба памерці, каб адчуць такое... ” - падумаў Стась, а Мацей сказаў, дажджом вымываючы твар, па якім сцякала зямля:
- Беларусаў яна пахаваць хацела! У нас свісток. Свіснулі - і ажылі. І во: неба, поле, лес!
- Дык ты ж свісток... - сагнуўся Стась, каб адкашляцца, ад зямлі адплявацца, - згубіў. Ці зманіў?
Мацей падняўся, стукнуў яму ў спіну.
- Згубіў. Але перад тым, калі Палуту ажыўляў, свіснуў заадно, каб, калі памру, ажыць самому. Не надоўга, што тут доўга рабіць? Нарабіўся ўжо... Проста паглядзець апошні раз...
- Ну й як?
- Ды так... Нібы ўсё тое самае - і як не бачыў ніколі. А жыццё пражыў.
Ён падаў Стасю руку, той падняўся цяжэй за нябожчыка, здрыгануўся:
- Пайшлі. Холадна стала. Мокра.
- Прывыкай, - зняў пінжак, у якім яшчэ на танцы ў Карані хадзіў, і змусіў Стася надзець яго пад прамоклую куртку Мацей. - Табе жыць.
Падняўшы труну, ён накрыўся ёй, Стась накрыўся вечкам. І труна, і вечка былі змайстраваныя як мае быць, ні кроплі не прапускалі.
Да Мацеева падворка дайшлі моўчкі. Ніхто іх не перастрэў, не спытаў: “А што гэта вы так: пахаваліся - і зноў дадому?..” Вымерла вёска.
- Давай дапамагу на гарышча падняць, - прапанаваў Стась, калі Мацей паставіў труну пад глухую сцяну хаты. - А то намокне.
- Не паспее, - махнуў рукой Мацей. - Я ж казаў, што не надоўга. Сёння сюды - заўтра назад, што тут доўга рабіць?.. Ты заедзеш заўтра?
- Заеду, калі са сваімі сёння ўпраўлюся. Вунь пад вечар ужо, не пойдзеш на могілкі ўночы.
- Заедзь. Я пачакаю, калі што... Падумай, што сказаць.
- Добра, - кіўнуў Стась, падумаўшы, што няма тут пра што думаць, бо Мацей Богуш ніколі не памрэ, а толькі выгляд рабіць будзе, як усе беларусы, нібы памірае - і будзе цягаць на сабе даўно зробленую на смерць труну.
Машыны каля падворку не было, і Стась ніяк не мог успомніць, дзе яе паставіў. Прайшоў у адзін канец вёскі, у другі - нідзе. Напрасткі праз пасадкі рушыў да шашы - ягоны новенькі “BMW” хэтчбэк, развернуты перадам да Суцькава, у бок процілеглы таму, у які ён ехаў, стаяў на ўзбочыне, прытуліўшыся да пахіленага слупа. Моцна прыціснуўся. За стырном, аберуч за яго ўчапіўшыся, адкінуўшы назад і трохі ўбок галаву, сядзеў кіроўца. У адрозненне ад машыны, амаль цэленькі, толькі па левай шчацэ ад скроні да шыі - падсохлы струменьчык крыві...