Твар кіроўцы не быў пабіты, пазнаць яго было няцяжка. Гэта быў ён. Стась. Гэта ягоныя рукі ляжалі на стырне. Гэта на ягонай скроні, на ягонай шчацэ, на ягонай шыі рудзела падсохлая кроў. Ён залез у кішэнь пінжака, дастаў люстэрка Мацея, з якім той некалі ў Карані на танцы хадзіў: у люстэрку крыві не было.
Левыя дзверцы з выбітым шклом не адчыняліся, Стась праз правыя пралез да стырна, да сядзення - і ўціснуў сябе ў сябе, не адчуўшы нічога, апроч няўтульнасці. Нахіліўся ўперад, галава ягоная хітнулася і ўпала на рукі, скрыжаваныя на стырне.
Ён рэдка адчуваў сябе ў сабе ўтульна. Жыў у сабе, як у выпадкова нанятай кватэры, у якой, калі выключыць святло, нікуды не пройдзеш, не напароўшыся на нешта, за штосьці не зачапіўшыся. Зайздросціў тым, хто выглядаў сам у сабе гаспадаром, усё ў сабе ведаў і, галоўнае, усё ў сабе любіў, незалежна ад таго, любілі гэта ў іх ці не любілі іншыя. Думаў, гледзячы на іх, упэўненых, рашучых: “Вось бы мне ў такім доме пасяліцца! І не ўпускаць нікога, хто, увайшоўшы, пачынае з парога: “А стол не так стаіць, а канапа не тут, а шафу я б сюды пасунуў”. І хоць думаў так, ды раз за разам перастаўляў стол, перацягваў туды-сюды шафу, канапу. Праз гэта нічога ні ў ім самім, ні ў адносінах з тымі, хто раіў яму, куды і што паставіць, не мянялася, а ён перацягваў, перацягваў, перацягваў... “Дзеля чаго ўсё гэта? У чым сэнс?” - задаваўся ён пытаннем, і выходзіла, што ў перастаноўках ды перацягваннях, якія нібыта нешта змянялі, у той час як стол і канапа, жыццё і смерць заставаліся тымі ж, якімі былі.
Вечнае перацягванне...
Стась падняў галаву, агледзеў засыпаны шклом салон са здзьмутымі падушкамі бяспекі - і толькі цяпер зразумеў, што па дарозе з Менску ў Карані, пры павароце на Багушы ён разбіўся. І паколькі нічога яму не балела, то, мусібыць, разбіўся ён, як Палута сказала, насмерць. А значыць, у жыцці ягоным нешта ўсё ж змянілася.
Трэба было паглядзець, ці жывая машына. Кнопка на ключы запальвання не спрацавала, ён павярнуў ключ у замку назад і зноў наперад, раз. другі. трэці. - матор завёўся. Стась газануў, адарваўся, абадраўшы ўвесь левы бок хэтчбэка, ад слупа, развярнуўся і паехаў у Карані.
Дарога пайшла праз Багушоўскі лес. Божа мой, колькі разоў праходзіў ён, прабягаў, праязджаў па гэтай дарозе! Скласці ўсё ў адно - выйдзе самы доўгі ягоны шлях. Спачатку, пакуль маленькі быў, за руку з дарослымі... З дзедам, пакуль той жыў: вунь там, пад раскідзістай, трохі пахіленай елкай дзед пасадзіў яго аднойчы на Каляды ў гурбу, сказаў: “Сядзі і чакай, нічога не бойся! Калі не будзеш баяцца, прыйдзе дзед Мароз і прынясе падарунак. Цукеркі і заечы хлеб”.
Дзед Мароз прыйшоў з хлебам, які не даеў зайчык. Хлеб быў смачны, але. Але цукеркі Дзед Мароз не прынёс. Аднекуль ён дазнаўся, што ўсё ж Стась баяўся трохі, пакуль чакаў яго. Адзін у лесе.
Калі жывы быў бацька, яны спыніліся аднойчы вось тут, ужо амаль на выездзе з лесу, і бацька паказаў месца, адкуль па ім стралялі, калі ён упершыню ехаў у Карані, і расказаў Стасю, як не баяўся смерці на вайне, дзе яго забіць маглі сто разоў на дзень, і як баяўся, што яго заб’юць пасля вайны, калі ён, начальнік і над Каранямі, і над Багушамі, мог сам забіць каго заўгодна. Хоць сто разоў.
“Хіба тады, калі сам можаш забіць, баішся болей, чым тады, калі цябе забіць могуць?..” - спытаў Стась, і бацька сказаў, што ён малы - і не разумее. “Падрасцеш - расталкую”.
Не расталкаваў. Ці не паспеў, ці не захацеў, ці сам толкам не ведаў, як расталкаваць.
Калі жывая была баба, яна брала Стася ў лес шукаць чырвоны корань і зёлкі, якія ад усіх хваробаў. Калі яна памірала, маці плакала і пытала: “Чаму ж ты ад сваёй хваробы ні кораня, ні зёлак не знайшла?..” - і Стась ніяк не мог зразумець: а сапраўды - чаму? Пабег, каб знайсці тыя зёлкі, каб баба не памерла, у лес адзін. І заблукаў. Калі яго знайшлі, баба распавяла, як сустрэла аднойчы ў лесе старую, страшную ведзьму і папрасіла завесці на той свет, каб паглядзець, што там робіцца. Ведзьма сказала: “Ідзі за мной!” І павяла да Крывой гары - вунь яна амаль ад лесу пачынаецца. Гара расступілася, а ў ёй - пекла. Чэрці з ведзьмамі ў смале грэшнікаў вараць. Найбольш там ворагаў усялякіх з чужых зямель, якія Караням і каранёўцам зла і смерці хацелі, і якіх пасля таго, як каранёўцы іх пабілі, спрадвечны Бог каранёўскі Ярыла ў Крывую гару запраторыў. Але ёсць і тутэйшыя грэшнікі. І князі, і падчашыя, і ваяводы, і простыя людзі. “А яшчэ, - шаптала баба на вуха Стасю гарачымі, як вуголлі, губамі, - ёсць дзеці, якія не слухаліся бацькоў, бегалі цераз Крывую гару адны ў лес. І гэтакі там плач, гэткія енкі, стогны.”