Выбрать главу

— Ды што я расказваю, не ведаючы таго, ці да душы прыходзіцца сказанае? — перыпыняю я свой аповед.

— Годна баеш, чарадзей. Добра сказаў мне, што сам я вінаваты. Не спрачаюся з тым. Толькі хлопец той быў, відаць, сапраўдны асілак. Не ўсім такое ад нараджэння дадзена.

— У кожнага ёсць свая сіла. А калі няма, то ёсць прызначэнне знайсці сілу яшчэ большую. Толькі не кожны пра сваё прызначэнне ведае.

— Гаворыш, што ёсць у мяне прызначэнне. Чарадзей, з чаго мне табе верыць?

— З таго, што хочаш ты ўбачыць яе. Хоць і ведаеш, што не быць вам разам, але не адступішся. А мне заўсёды такое даспадобы.

— Скажаш, як знайсці мне вялікую сілу?

— Падкажу.

— Падкажаш? Ізноў таямніцы.

— Што ж, кожны лёс — таямніца. Не магу табе твайго лёсу прадказаць. Не магу прадбачыць усё тое, пра што будзеш шкадаваць. Магу толькі згледзіць яго ахутаны смугою след. Павер, што і гэта многа.

— Дык кажы пра мой засмужаны след, чарадзею. Кажы, пакуль я табе веру.

І я сказаў табе, чалавеча. З таго, што наваражылі зоркі, мовіў жаданае, што цепліць у сэрцы многія спадзяванні. І ты мне шчыра паверыў. Высокі ясень згодна схіліў вершаліну.

Ты пайшоў у вялікі свет шукаць сваю сілу, пайшоў здзяйсняць свой лёс. Прыходзіў да гаючых камянёў, да светлых крыніц. Слухаў пераліўную гамонку адвечных лясоў. Думаў пра тое, што былі яны да твайго нараджэння і застануцца пасля тваёй смерці. Задуменна стаяў ля ўзножжа сівых валатовак, слаўных у сказах ды песнях. Шмат пра што хацеў запытацца ў тых, якія знайшлі там свой вечны спачын. І я мог бы мовіць табе іх адказы. Але бліжэй да цябе апынуўся той лёс, чым ты чакаў. Сталі баяцца цябе лесуны, вадзянікі, палевікі. Сталі хавацца тыя, хто спрадвеку быў на гэтай зямлі. Былі яе славай, яе сілай. Не мог ты забыцца сваёй каханай, а тая, хоць і ведала, што ты яе шукаеш, не спяшалася пабачыць цябе. Да душы прыйшлося ёй чараўніцтва.

Усюды, куды б ты не пайшоў, шукаў тых, хто быў скрыўджаны на таямнічае ды неспазнанае. Сябраваў з тымі, хто аднойчы і назаўсёды ўзненавідзеў чары, не ўзлюбіў чарадзеяў. Ты хацеў зразумець, ці ёсць у іх праўда. А ў праўдзе ты бачыў сваю сілу.

Шле мне з ветрам горкі папрок высокі ясень. Наракаюць яны, спадары лясоў, палёў, азёр, балот, ні ў чым не вінаватыя перад табою. Гавораць мне, што пусціў я ў свет злое. пусціў таго, у каго няма ані сэрца, ані душы. Пэўныя яны, што не маглі зоркі варажыць над лёсам такога. Крыўдуюць, што мала я берагу іх волю, хоць мне прызначана люляць спакой пявучых бароў з сінімі азёрнымі вачыма, непрадказальных бяздонных багнаў і палёў са спелымі жытамі. Слухаць песні самых звонкіх крыніц, каб не змоўклі яны, лавіць навальнічныя хмары, якія нясуць з сабой нечы гнеў. Прадбачыць злое, бо на тое я і ведны. І мовяць яшчэ, што бацька мой і бацька майго бацькі рабілі тое за мяне лепей.

І яшчэ болей змяніўся ты. Зразумеўшы, што не толькі простым смяротным сынам, але і такім, добрым, незвычайным, вядомы страх, ні на хвіліну ты на гэта не забываўся. Упадабаў чыніць паляванне. Смешным табе здавалася тое, што ў іншых абуджала толькі смутак. Сталі прасіць яны, якія спрадвеку стваралі чары майго роду, каб суняў я цябе.

І здарылася так, што ў доўгіх сваіх падарожжах сустрэўся ты з ваўкалакам-людажэрам.

.Ён адымаў жыцці. Зманьваў са шляху, зводзіў у багну, дзе і хаваўся, назаўсёды пазбаўлены мною свабоды. І яшчэ ён мог лёгка прыняць любое аблічча, каб падмануць таго, каго нагледзеў сабе ахвярай. Як мовіў мне той багнік, які не выпускаў яго са свайго валадарства, занадта не любіў свет людскі. Я ж сумняваўся ў тым, што любіў ён хоць бы і свет чарадзейны, таму і адняў у яго самае дарагое — поўню неабсяжных лясоў. Ён ніколі таго мне не даруе, бо не ўмее дараваць. А ты, чалавечы сын, ці ўмееш?

Я не бачыў сам, як вы знайшлі адно аднаго. Той, хто не цярпеў чараў, знайшоў таго, хто не выносіў людскі дух. Але мне расказалі заўсёды цікаўныя балацянкі.

.Ваўкалак, пачуўшы твае крокі, скінуўся старым падарожным, што збіўся са шляху ды не можа выйсці з дрыгвы.

— Дапамажы, чалавеча, узбіцца на якую дарогу, — ласкава папрасіў цябе.

Толькі ты не паддаўся на такія хітрыкі. Зразумеў, хто перад табою. Запытаў

яго:

— Адкуль жа ты прыйшоў, вандроўнік?

— Здалёку, сынку, здалёку.

— А куды крочыш па такой багне?

— Туды, куды ты так хочаш дайсці, але ніяк не дойдзеш.

Ды прагна глянуў табе ў вочы. Падгледзеў твае прыхаваныя жаданні, у якіх ты сам сабе прызнацца не хацеў. Глянуў ды мовіць салодкім голасам: