Выбрать главу

— Тое, што і для цябе, чалавеча. Пашана. Слава. І памяць, памяць бясконца доўгая за тое, што ты зробіш.

Зацікавіўся малады асілак:

— Што ж гэта такое? Кажыце...

— Дай спачатку слова, што пасадзіш нас назад на ясень...

— Так і быць, пасаджу. То кажыце, але калі падманіце, то кіну вас у прорву.

— Не, не будзем маніці. То слухай.

Зладжана загаманілі лесуны ды вадзянікі пра тое, што надыдзе хутка час, калі трэба будзе ратаваць людзей. Здарыцца вялікая бяда. Абудзяцца варожыя чарадзействы чужой зямлі. І тады прыляціць з чужыны цуда-юда, прынясе з сабою смерць і няволю. Цяжка будзе з ім, моцным, ды крылатым, змагацца. І тады той, хто зможа гэтае цуда-юда перамагчы, будзе абраны князем. І атрымае пашану, славу, памяць. А пра нялічаныя багацці не трэба і казаць. Але, каб выйсці з той бойкі жывым, трэба слаўнаму асілку разгадаць таямніцы таго страшыдлы. Тыя таямніцы схава­ны ў скарбах, якіх яшчэ ніхто не здабыў. Адно спадары лясоў і вод падказаць шлях да тых скарбаў могуць .

Распавёў гэта табе ваўкалака ды змоўк, чакаючы твайго слова.

— І як жа тыя скарбы здабыць? — звярнуўся ты да крыніцы-зорніцы.

— Гэтага я табе не скажу, — мовіў табе з крыніцы. — Табе і чарадзею твайму помсцячы, толькі адно навяшчую. Хутка настане час, калі паўторыцца вялікая людская бяда. Вернецца цуда-юда, прынясе з сабою няволю, гора і слёзы. Людскія слёзы. Табе, сын чалавечы, на іх глядзець. А паратунку не ведаць.

— Не табе аднаму вядома, як перамог той асілак чужынскага цуду-юду.

— Не мне аднаму, — задаволена ўсміхнуўся ваўкалака. — Стаяў ты на самым вялікім кургане, насыпаным на вечны спачын. Хто, ці ведаеш, спіць у ім?

— Даведаюся, калі ты мне скажаш.

— Той самы асілак, які здабыў перамогу сваёй смерцю. Не суджана яму было стацца князем. Пасмяротнай была яму і пашана, і слава.

— А пра цябе, людажэра, ніхто ніколі і не ўспомніць, — ты нахіліўся над крыніцай і скалануў люстраны адбітак ваўкалакавай пашчы.

— Ты зноў памыляешся, хлопча, — яшчэ паспела мовіць тая. — Я буду памя таць пра ўсё, стаўшы вадою, стаўшы травою. Буду ў цяжкую хвіліну перабягаць табе шлях. Азывацца ў ваўчыным выцці з самай глушэчы, калі ты будзеш крочыць праз лес адзін у зімовую ноч. Глядзець у вочы з ваўчыным сонейкам, калі будзеш успамінаць пра страчаную каханую. Павер мне, што гэтага досыць.

Знік ваўкалака ў зорнай крыніцы, і зноў толькі нябесныя халодныя адбіткі замігцелі ў ёй. Празрыстыя, глыбокія. Як чалавечая душа, што знайшла свой найдаражэйшы скарб. Як быццам дзіўная крыніца мела сваю волю, мовілі мне пра яе праніклівыя да ўсяго незвычайнага балацянкі. А яшчэ дадалі пра тое, што пакрочыў ты ад іх балота сумным-сумным. Нібы страціў некага, пра каго табе палоніць душу жальба.

А ты ж, хлапеча, хоць і годна сказаў ваўкалаку, але пра змаганне сваё з цудам-юдам не думаць не мог. Вяртаўся зноў і зноў на самы высокі курган, дзе спачываў слаўны волат. Ён перамог, але не застаўся жыць, хоць быў лепшым за цябе. Ты думаў так хоць бы таму, што ён здолеў уратаваць сваю каханую. Здолеў тое, чаго не здолеў ты. Глядзеў на курган — вечны спачын героя — і быў упэўнены, што я не так сабе з’явіўся табе пад высокім ясенем. І я быў рады, што ты пачынаў пакрыху разумець.

Мы сустрэліся з табою зноў, калі залівалі зямлю восеньскія дажджы. Яны апавядалі свету пра тое, што было ў мяне на душы. Гайдалі палыны горыч на кургане несмяротнасці, калыхалі пякучыя слёзы і вечнае захапленне. Мне заўсёды балюча тут быць. Хочацца плакаць, але думка пра подзвіг, які вышэй ад слёз, не дае праліць ані кроплі. Ты адчуваў тое ж, што і я. Хацеў заплакаць — і не мог. Ты думаў пра яго, пахаванага ў гэтым кургане.

Не азірнуўся на мяне, калі я стаў поруч з табою. Я сказаў табе, што ты здолееш перамагчы. Сказаў табе пра тое, чаго не здзейсніць ты болей за ўсё баяўся.

— Якім ён быў, чарадзей? Ты ж ведаў яго...

— Ведаў. Ён нібыта твой родны брат. Такі ж слаўны, такі ж смелы.

— Ён хацеў жыць.

— Ён і цяпер гэтага хоча. Глядзі, як цягнецца да сонца трава на ягоным кур­гане. Нават пажухлая, яна змагаецца за кожную хвіліну жыцця. А калі пільна ўслухаешся, то пачуеш, як ён вітаецца з табою. І я, чарадзей, бачу, што цяпер не толькі мы на кургане, але і ён стаіць побач. Не пайшоў ад сваёй зямлі, не можа яго душа растацца з ёю.

— Мабыць, ты можаш з ім пагаварыць?

— Магу. Пра што ты хочаш спытаць?

— Чаго болей за ўсё той цуда-юда баіцца?

— Болей за ўсё баіцца чалавечнасці. Не можа яе зразумець гэтае цікаўнае да ўсяго новага стварэнне.

— Ізноў твае чарадзейныя таямніцы...

— Зусім не. Дазволь і мне ў цябе спытацца. Дзе скончыцца сіла і пачнецца ахвярнасць?

— Хіба я ведаю.