Іван НАУМЕНКА
На вішнёвай вуліцы
Апавяданне
Нашы зноў адступалі. Прыколаты булаўкамі тонкі чорны шнурок, які адзначаў лінію фронта нa нямецкай карце, зноў перасунуўся в а ўсходнім напрамку. Нашы здалі ўжо і Растоў і Варонеж…
Карту немцы павесілі на сцяне клуба яшчэ ў сярэдзіне зімы. Яны, мабыць, спадзяваліся, што лінія фронта болей не кранецца з месца, пасля ўсяго таго, што называлася ў іх зводках выроўніваннем пад Масквой. Гэтае выроўніванне болей за ўсё на свеце захапляла Сяргея і яго сяброў. Сяргей тады не раз спыняўся перад нямецкай картай, аддаючыся глыбокім стратэгічным разважанням. Калі-б гэтыя разважанні як-небудзь дайшлі да вуха Гітлера або яго намесніка ў Бацькавічах каменданта Шпека, то Сяргею і яго сябрам прыйшлося-б не соладка. Але ні Шпек, ні тым болей Гітлер не ведалі пра існаванне баявой і рашучай у сваіх планах групы ў вялікім раённым сяле Бацькавічы. Удары гэтай трупы па нямецкай ваеннай машыне яшчэ толькі намячаліся, яны цесна звязваліся з наступленнем нашых, якое да вясны, па ўсіх разліках, павінна было дакаціцца і да Бацькавіч.
Стратэгічным планам Сяргея і яго сяброў не суджана было збыцца. Чорны шнурок нерухома застыў далёка ад Бацькавіч, якія нават не значыліся на нямецкай карце. Гэты шнурок вужакай абвіўся вакол Ленінграда, i быў прыколаты не так ужо далёка ад Масквы.
Аднойчы шнурок сарваўся з булавак і павіс на верхнім сваім, прымацаваным кнопкай, канцы. У гэтым становішчы шнурка Бацькавічы апынуліся па той самы бок лініі фронта, што І Масква. Сяргей тады цэлы дзень жартаваў i пацяшаўся над немцамі, якія ў сябе пад носам не заўважылі новага скарачэння фронта.
Але цудаў на свеце не бывае. Хоць шнурок і вісеў па другі бок Бацькавічаў, але па сяле расхаджвалі жывыя фашысты. Яны высока трымалі свае галовы ў шапках з арламі і ва ўсю моц грукалі каванымі ботамі па дашчатым тратуары. Фашысты па ўсіх прыкметах не збіраліся ўцякаць з Бацькавіч.
Неяк перад вясной Сяргей пачуў нямецкую песеньку, словы якой яму няцяжка было разабраць, хоць яго веды ў школе па нямецкай мове былі не надта ўжо грунтоўнымі. Вясёлы немец-салдат іграў на губным гармоніку і, падміргваючы дзяўчатам, што сабраліся ў клубе, спяваў:
Сяргею падабалася, што салдат у сваёй песеньцы глядзіць на скарачэнне фронта пад Масквой трохі прасцей, чым тыя генералы, што складаюць зводкі. Ён-такі прызнае, што немцы далі добрага драла з-пад Масквы. А наконт таго, што да немцаў вернецца поспех у маі, то бабка, як кажуць, на-двое гадала…
Прыйшла вясна, а за ёй і лета. Свяціла сонца, але ніякай радасці на свеце не было. Цёплыя, ясныя дні нібы пацвярджалі словы песенькі, што спяваў нямецкі салдат. Нашы зноў адступалі…
Летась, калі не было яшчэ ні карты з чорным шнурком, ні немцаў у Бацькавічах, Сяргей зусім па-другому глядзеў на свет. Якраз у гэтую вясну ён павінен быў канчаць дзесяцігодку і жыццё, здавалася, раскрывала перад ім свае прывабныя далі. Яно вельмі шмат чаго абяцала на парозе семнаццатай вясны. Патаемна Сяргей не раз ужо думаў пра той момант, перанесены ў прывабную далеч буду чыні, калі злезе ён з поезда ў сваіх Бацькавічах, прывёзшы ў роднае сяло справаздачу аб сваіх перамогах у вялікім свеце. На яго будуць з павагай пазіраць аднавяскоўцы, будуць вітацца з ім за руку. А вечарам яго сустрэне яна, без каторай гэтыя поспехі стануць бледнымі і нецікавымі. Ёй першай ён зробіць самую шчырую справаздачу аб сваіх перамогах і сваіх планах.
Дзяўчына ўвайшла ў сяргеева жыццё мінулай вясной, якая так шмат чаго абяцала. Звалі яе Жэняй, і вучылася яна на адзін клас ніжэй за Сяргея. У Жэні былі вясёлыя сінія вочы, светлыя косы і гнуткая, павабная постаць. Болей нічога пра Жэню Сяргей сказаць не мог, ды болей нічога не варта было i гаварыць.
У школе Сяргей рэдагаваў насценную газету. Аднойчы яму падалі заметку, у якой паведамлялася аб тым, што Жэня прапускае ўрокі фізкультуры. Ён, як рэдактар, прыкідваў ужо, якую пад заметкай намаляваць карыкатуру. Калі рыхтавалі выпуск насценгазеты, да Сяргея падыйшла Жэня. Яна аднекуль даведалася пра заметку і ціхім, вінаватым голасам папрасіла яе не змяшчаць. Сяргей чамусьці разгубіўся і паабяцаў праверыць факты. Фактаў ён не правяраў, бо назаўтра атрымаў ад Жэні запіску. Яна дзякавала яму за тое, што заметка не паявілася ў насценгазеце, і прасіла даць ёй пачытаць якую-небудзь цікавую кнігу. Кнігу Сяргей дзяўчыне прынёс, і ў ёй ляжала ўжо яго запіска. Так ён упершыню здрадзіў свайму радактарскаму абавязку.