Сябрам сваім Сяргей не сказаў пра Жэню ні слова… А пасля гэтага было многа запісак. Некаторыя былі нават напісаны чырвоным чарнілам. Спатканне-ж было толькі адно, i можа таму яно запомнілася да самых малюткіх дробязей. Вечарам таго дня, калі здавалі апошні экзамен, Сяргей асмеліўся адбіцца ад талакі хлопцаў, якія шпацыравалі па дашчаным тратуары, і прыблізіўся да дзяўчат, сярод якіх была і Жэня. Хітрыя ад прыроды дзяўчаты, у адрозненне ад сяргеевых сяброў, адразу скемілі, чаго хоча Сяргей. Для прыліку яны шчабяталі аб кнігах і экзаменах і непрыкметна падвялі хлопца да вуліцы, дзе не было ліхтароў, але затое было вельмі шмат лавачак пад белымі ад квецені вішнямі.
Сяргей застаўся са сваёй дзяўчынай адзін на адзін. Гэта быў той момант, да якога хлопец у думках даўно рыхтаваўся, i, мабыць, як гэта часцей за ўсё здараецца ў жыцці, аказаўся зусім не падрыхтаваным. Сяргей абмяняўся з дзяўчынай думкамі наконт надвор’я, і на гэтым пункце размова мусіла прыпыніцца. У роце ў Сяргея перасохла, голас зрываўся, сэрца тахкала так моцна, нібы хлопец толькі што адолеў высокую гару. На сённяшнім апошнім экзамене Сяргей хваляваўся ў сто раз меней, чым тут, на лавачцы пад вішнямі, дзе не было ніякіх экзамінатараў.
Выручыла радыё. А палове дванаццатай сталі перадаваць апошнія паведамленні, і голас дыктара выразна далятаў уначы да вішнёвай вуліцы. Па радыё перадавалі нямецкае абвяржэнне, у якім катэгарычна сцвярджалася, што на савецкай граніцы не групуюцца ніякія германскія войскі.
Гэтае паведамленне было паратункам для Сяргея. Ён пачаў развіваць свае погляды наконт міжнароднага становішча, даводзіць дзяўчыне, што нашай моцы немцы баяцца і нiколі не адважацца напасці на нас. Жэня, мабыць, не чытала штотыднёвых ваенных аглядаў у часопісе «Огонёк» і таму маўкліва слухала. Высокія пытанні міжнароднай палітыкі занялі тады большую палавіну гэтай незабыўнай майскай ночы.
Але ў каханні важна якраз не тое, пра што гаворыцца, — куды важней другое: як гэта ўсё гаворыцца. Дзяўчына, мабыць, адчула ў сяргеевым голасе не толькі глыбокае пераконанне чалавека, які разбіраецца ў палітыцы, але i нешта другое, болей важнае для яе, бо даверліва прытулілася да хлопца.
Гэты трапяткі, даверлівы дотык пляча дзяўчыны прымусіў Сяргея перайсці з пытанняў міжнародных адносін да пытання, якое болей за ўсё хвалявала i яго самога—іх адносін з Жэняй.
Сяргей прызнаўся ў той вечар у каханні, хоць пра яго пачуццё дзяўчына, напэўна, ведала i раней. Яна ўспрыняла яго словы з прыкметнай радасцю, але сама маўчала. Тады Сяргей патрабаваў адказу і ў яе. Яна таксама мусіла прызнацца…
Ужо світала, калі Сяргей адважыўся пацалаваць Жэню.
Тыдняў праз тры пасля гэтага спаткання пачалася вайна. З таго вечара, праведзенага з Жэняй на вішнёвай вуліцы, Сяргей болей не бачыў сваёй дзяўчыны. Яна жыла ў другой вёсцы, дзе не было дзесяцігодкі, i пайшла дамоў у тую-ж раніцу, якую яны сустрэлі разам.
У пачатку вайны Сяргей быў цвёрда пераконаны, што нашы самае большае праз тры месяцы скруцяць фашыстам рогі. Выйшла інакш. На другім месяцы вайна падкацілася да Бацькавіч, i Сяргей разам са сваімі сябрамі наважыў рушыць у эвакуацыю. Яны-такі i рушылі, мужна перанёсшы слёзы i нязгоду сваіх матак. Па сяргеевых звестках, Жэня, дачка агранома, таксама падалася ў глыбінныя раёны.
Але адыйсці далёка ад родных Бацькавіч Сяргей са сваімі сябрамі не паспеў. Калі хлопцы з поўнымі сухароў і кніг торбамі падыйшлі да Дняпра, недзе за ракою ўжо самкнуліся нямецкія танкавыя кліны. Пераправа праз Дняпро была разбурана, а «юнкерсы» і «месершміты» бамбілі ўжо далёка наперадзе.
У ляску прыдняпроўскай вёсачкі хлопцы знішчылі дакументы, якія, на іх думку, маглі выдаць фашыстам ваенную і дзяржаўную тайны. Былі спалены пасведчанні на значкі ПВХО, ГТО, ЮВС, ГСО, білеты Мопра і Саюза ваяўнічых бязбожнікаў. Толькі камсамольскія білеты хлопцы панеслі з сабой назад у Бацькавічы, схаваўшы іх пад узадраныя сцелькі чаравікаў.
Сяргей успамінаў Жэню. Гэты ўспамін заўсёды нёс з сабою лёгкі смутак па той незабыўнай сустрэчы на вішнёвай вуліцы.
Перад вясной ужо Сяргей даведаўся, што Жэня ні ў які тыл выехаць не змагла. Яна жыла, выходзіць, увесь час побач з ім, за якіх-небудзь дванаццаць кілометраў. Калі Сяргей думаў пра вайну, пра свой удзел у змаганні, у яго вачах нязменна паўставаў вобраз Жэні. Ён бачыў сваю дзяўчыну ў ролі санітаркі, якая перавязвае яго, параненага і скрываўленага, маляваў сябе ў якасці партызанскага разведчыка, які прыходзіць у жэніну вёску, а яна, патаемна ад сваіх родных і блізкіх, перадае яму патрэбныя звесткі. Сяргей адчуваў, што ў яго нібы вырастаюць крыллі, што ён дужы, смелы і вынаходлівы…