Выбрать главу

У гэтыя дні да Сяргея прыйшла рашучасць. Немцы к лету адрамантавалі чыгунку, і цяпер па нашых-жа рэйках ляцелі на ўсход нямецкія вайсковыя эталоны. Глядзець на гэта было балюча і крыўдна. У Бацькавічах на адкрытыя платформы грузілі калёсы, якія вырабляліся з нашага-ж дрэва ў былой леспрамгасаўскай майстэрні. Гэтая майстэрня стаяла на самым водшыбе сяла, і ахоўваў яе ўсяго адзін паліцэйскі.

Аднойчы ў ціхі майскі вечар Сяргей цвёрда заявіў сябрам, што не мае намеру сядзець склаўшы рукі. Ён заклікаў хлопцаў уключыцца ў вайну з фашызмам неадкладна, з тым разлікам, каб сеяць сярод фашыстаў паніку, зрываць іх вайсковыя падрыхтаванні. Сябры згадзіліся, што настаў час дзейнічаць.

Тады і спалілі майстэрню, дзе вырабляліся калёсы для немцаў. У тую ноч, калі палілі майстэрню, Сяргей паверыў самому сабе, што ён умее не баяцца. Гэта было вельмі важнае пачуццё — не баяцца смерці.

Услед за радасцю першай перамогі прыйшло i засмучэнне. У Бацькавічы час-ад-часу прыходзілі звесткі пра скінутыя пад адхон нямецкія эталоны пад Пціччу, Рэчыцай, Гомелем, пра разгромленыя нямецкія атрады. У Бацькавічах пасля спаленай майстэрні не было болей ніякай вайны супраць фашызма. Камендант Шпек па гэтай прычыне, мабыць, радаваўся. Яму, можа, сам Гітлер аб'явіў падзяку за гэты парадак i спакой. Усе тыя дні Сяргей хадзіў сумны i прыгнечаны. У групе была толькі адна вінтоўка, адзін абрэз і чатырнаццаць патронаў. З такой зброяй не наваюеш. Сувязь з партызанамі, якая наладзілася ўпачатку вясны, зноў парвалася.

У гэты час якраз і наважыў Сяргей схадзіць у жэніну вёску. Мінулым летам каля яе праходзіла наша абарона, і ў акопах мусіла застацца якая-небудзь зброя.

Сяргей цэлы дзень вандраваў па лесе i толькі пад вечар знайшоў дзве лімонкі. Гэта была добрая знаходка, i дзеля яе варта было яшчэ раз прыйсці ў гэты лес, дзе, можа, каліне-будзь хадзіла i Жэня. А вечарам, схаваўшы ў лесе гранаты, Сяргей прыйшоў у жэніну вёску. Ён распытаў, дзе знаходзіцца яе дом, і сеў на лавачку каля веснічак. Хлопец чамусьці верыў, што Жэня павінна адчуць, хто яе чакае, і выйсці да яго. Ён чакаў можа цэлую гадзіну і дачакаўся сваёй дзяўчыны. На зямлю ўжо спусціўся ціхі летні вечар, калі, нячутна адчыніўшы веснічкі, на вуліцу выйшла Жэня. Хлопец яе адразу пазнаў і паклікаў да сябе.

— Сяргей! — працяжна прамовіла Жэня. — Як ты да нас трапіў?

Хлопец не ведаў, што адказаць. Ён толькі глядзеў на яе твар, на яе стройную постаць, слухаў яе пяшчотны, пералівісты голас.

Яны селі на лавачку. Над лавачкай, як i там, у Бацькавічах, была вішнёвая навісь, з неба пазіралі на зямлю тысячы зорак, недзе, аж пад самым лесам, званілі начэпленымі на шыі званкамі коні. Сяргей нешта расказваў, і яму было добра і лёгка на душы. На другім канцы вуліцы раптам зайграў гармонік, і дзяўчына ўстрапянулася, нібы спалоханая птушка.

— У нас вечарынка сёння, Сяргей, — паведаміла яна. — Сумна ў нас, паліцэйскім самагонку носім, каб дазволілі патанцаваць…

— Я цябе нікуды не пушчу, Жэня, — хлопец лёгка прытуліў дзяўчыну да сябе.

Яна не супраціўлялася і, абняўшыся, яны прасядзелі, можа, большую палавіну гэтай ночы. Побач была Жэня, i Сяргею цяпер усё ўяўлялася лёгкім, ясным i нястрашным. У палове ночы ў небе пачулася ледзь улоўнае роўнае гудзенне самалёта. Самалёт ішоў, здаецца, пад самымі зоркамі, яго агнёў не было відаць.

— Наш самалёт, — сказаў Сяргей з радасцю ў голасе. — У нямецкіх зусім другі гул матора…

— Мяне дома чакаюць, Сяргей, — падхапілася Жэня. — А дзе-ж ты будзеш начаваць?

— У вас на сене, — сказаў Сяргей. — Ты мне чым-небудзь накрыцца вынесеш…

Яна вынесла яму кубак малака, і ён спаў, накрыўшыся жэніным старым паліто…

Жэня пасля гэтага спаткання стала яшчэ больш блізкай i роднай. У сяргеевай душы было такое адчуванне, што ён ведае яе даўно-даўно. Яна сказала, што прыдзе ў Бацькавічы, i Сяргей чакаў гэтай сустрэчы.

Справы групы пайшлі лепш. Сяргей пасля спаткання з Жэняй хадзіў на сувязь з партызанамі, гэтая сувязь цяпер стала больш трывалай… А на фронце нашы адступалі. Баі цяпер ішлі недзе аж за Донам. Нямецкім зводкам верыць не хацелася, i сяргеевы сябры падаліся аж у суседні раён, дзе надзейны чалавек меўся дастаць лямпы для радыёпрыёмніка. Сяргей застаўся адзін. Яму было трывожна i маркотна.

У той дзень, калі прыйшла Жэня, на бацькавіцкіх парканах паявіліся афішы, у якіх паведамлялася, што ў мясцовым клубе выступяць артысты. Артысты мусілі прыехаць з горада, каб за нямецкія грошы рабіць прадстаўленне, i таму Сяргей ужо загадзя думаў пра ix зняважліва. Ён наважыў у клуб не ісці. Нічога добрага там не магло быць, паколькі гэтае прадстаўленне дазволілі немцы.