Ён прывітаўся з дзяўчынай і расказаў ёй пра захопленых дэсантнікаў. Твар у Жэні спахмурнеў, але яна нічога не адказала. Паднялі заслону, І на сцэну выскачыў нейкі размаляваны клоун. Немцы, якія сядзелі на першых лаўках, запляскалі ў далоні. Клоун падскокваў на сцэне, вырабляў розныя мартаплясы — на яго было агідна глядзець. Сяргей збоку зірнуў на Жэню — на яе вуснах свяцілася ўсмешка, а вочы ззялі задавальненнем і цікавасцю. Хлопец крануў дзяўчыну за руку, даючы знак, што збіраецца выйсці.
— Куды ты? — спалохана спытала Жэня. Яна пазірала на Сяргея з замяшаннем i трывогай.
— Не хачу я сядзець тут, — ціха прамовіў Сяргей і, прыгнуўшыся, падаўся да выхаду.
Думка прыйшла ўжо на вуліцы — ясная i халодная, як лязо сякеры. Недалёка ад клуба, па другі бок вуліцы, стаяла каменная будка, дзе грукатаў рухавічок, прыстасаваны для электраасвятлення нямецкіх будынкаў. Сяргей успомніў пра дзве гранаты, захаванне якіх было на яго адказнасці. Кінуць адну з іх у акно каменнай будкі, каб пашкодзіць рухавічок, было зусім лёгка…
Сяргей не помніў, як бег да гумна на водшыбе Бацькавіч, дзе ў падстрэшшы былі схаваны лімонкі, як вяртаўся назад, да будкі. Ён баяўся толькі спазніцца. Каля будкі хлопец дзейнічаў размерана і ўпэўнена. Ён выбраў момант, калі з будкі выйшаў механік, і, прыўзняўшыся, шпурнуў у акно гранату… Грымнуў выбух, а ўслед за гэтым ва ўсіх нямецкіх будынках патухла святло. Яно патухла ў тым школьным пакоі, дзе сядзелі злоўленыя дэсантнікі, і ў клубе, дзе скакаў на сцэне размаляваны клоун. Сяргей, прыгнуўшыся, бег ваколіцай — яму ўжо нічога не пагражала. Ён думаў пра трох палонных дэсантнікаў, якім у гэтую хвіліну, мабыць, стала весялей на сэрцы. Яшчэ мільгнула думка пра тое, што яго ўчынак адобраць сябры, бо ўсё-такі спакойнага сну ў фашыстаў гэтай ноччу не будзе…