Паэт папоўз перада мной, а я расхінаю асцярожна зяленіва па баках, ступаю баразной. Раптам мне захацелася нечага такога, чаго ўжо даўно-даўно не зведваў, і зразумеў, чаго - я схіліўся, зняў чаравікі, шкарпэткі, кінуў іх у траву перад градамі. І адчуў босымі нагамі гэтую зямлю - свежа-прахалодную пад цёплым паветрам зверху. I мне захацелася сесці ўсім целам - нагамі, рукамі, плячыма й галавой, легчы ў баразне. Але ўвесь я не лёг, сеў толькі на край грады, але й так зяленіва густа самкнулася нада мной. Промні сонца йшлі праз лістоту ўніз, на дно баразны, і я бачыў тое, чаго таксама даўно ўжо не бачыў: ружовых чарвякоў, чорных жучкоў, сініх мушак, белых і жоўтых матылькоў. I йшоў на мяне сюды з градаў пах гурочніку і кропу. Паэт падпоўз да мяне, згарнуўся, цёпла дыхаў на ногі. Здаецца, сядзеў бы так доўга-доўга - гэтак добра тут, у глыбокай баразне, у зяленіве, гэтак цесна паядналіся мы тут - усе і ўсё. Зямля пад нагамі, лісце, макрыца, сцябліны высокія і маленькія, пах зялёны, чарвякі, казюркі, матылькі, і - я з усім гэтым, і ціхае святло зверху...
- Т-оля! - голас цёткі Любы амаль побач.
Маўчу. Але азваўся Паэт - гаўкнуў.
- То-оля!
Маўчу. Нібы знямеў. Як нешта са мною здарылася. Ударыў кулаком па галаве - баліць. Значыць - адчуваю, значыць - усё добра. Ах, гэта мне проста сорамна. Сорамна от так узяць і падняцца з баразны і стаць перад цёткай Любай.
А яна ўсё зразумела, яна падышла бліжэй і ціха сказала:
- Толя, пайшлі ў хату.
Я расхінуў рукамі над галавой зяленіва, выйшаў з гарода. Цётка выцірала рукі фартухом, ціха, як сабе, усміхалася.
Я абуўся і сказаў:
- Дзякуй, цётка Люба, дзякуй вам і дзядзьку Антону. Я пайду. Мы, дасць Бог, яшчэ пабачымся.
Пад страхой (патрэсканая, гнілая гонта з купкамі чорнага моху) хлява вісела ржавая рама з выгнутымі ўперад, як рогі ў барана, канцамі рулі...
Праз дзве-тры, ад дзядзькі Антона, хаты - будынак з ашаляванымі брудна-шэрымі сценамі - “Столовая”. На тратуары перад сталоўкай з паўсотні мужчын і маладых хлопцаў. Натоўп гэты крычыць, стаіць, хістаецца, калышацца, рухаецца - людзі пераступаюць з месца на месца, натоўп плюецца, смаркаецца, лаецца, задзіраецца, рагоча. Былі тут з чырвонымі насамі, з пакалечанымі насамі, з сінякамі пад вачыма; былі ў дзіравых кашулях, даношаных чаравіках; за вуглом, ля сцяны, двое-трое расшпільваюць прарэхі дрыжачымі рукамі, зашпіліць забываюцца, смурод ад рыжай лужыны, з расчыненых вокнаў сталоўкі патыхае пратухлай мойвай, з натоўпу чуецца, апроч лаянкі, адно: "дваццаць капеек”, "рубля”, "дваццаць пяць капеек ёсць?”, “давай па рублю”, “не хапае дзесяць капеек, дай!”, - “капеек...”, “дай”, “дай”, “а ў рыла не хо?”, "...іздуй адсюль!” - “пайшоў на ...уй!” - "дваццаць? Вазьмі, ...лядзь!..”
Усё гэта я пачуў і ўбачыў адразу на падыходзе да натоўпу, прайсці праз яго тратуарам немагчыма, ды мне й не хочацца ісці праз яго, і мы з сабакам ступілі на асфальт, каб абагнуць гэты “вавілон” ці перайсці на той бок вуліцы. I тут да мяне рынуўся з натоўпу мужчына ў памятым брудным капелюшы, з ружовым носам, з прыпухлымі мяшкамі пад вачыма, у дзіравых спартыўных тапках. Ён груба схапіў мяне за локаць, глянуў на мяне спадылба і памкнуўся зрабіць на азызлым твары ўсмешку, але гэта ў яго не атрымалася, і ён проста, з мальбой у вачах, сказаў:
- Гражданін харошы, дайце рубля...
Сабака гаўкнуў. Я даў яму рубля. Ён злёгку стукнуў мяне па плячы - маўляў, хаця й пры гальштуку, але свой чалавек, - і сказаў:
- Благадарствую.
Павярнуўся шырокай, яшчэ, мусіць, крэпкай спіной, пайшоў у сталоўку - там ёсць буфет, дзе даюць за рубля шклянку "чарніла”, а за дваццаць дзве капейкі - куфель кіслага піва.
Ступіў я яшчэ колькі крокаў па вуліцы і тут да мяне падбеглі пяцёра-шасцёра маладых хлопцаў, і адзін з іх, таўстагубы, таўстаносы, прамямліў:
- Дзядуля, а не даў бы й нам пару рублікаў А канкрэтна - трошку.
Ён палажыў мне на плячо цяжкую далонь і не міргаючы, глядзеў мне ў вочы і дадаў скрозь зубы:
- Юру ты даў А мы яго друзья.
Я рашуча страсянуў плячом. I тут Паэт узарваўся, забрахаў на ўсю вуліцу, скокнуў да таўстагубага і праз штаны, мусіць, усадзіў яму ў нагу зубы. Хлопец гаркнуў на сабаку, махнуў нагой, падняў яе разам з сабакам. Што было б тут, паміж усімі намі, не ведаю, - калі б пасярэдзіне вуліцы, ля натоўпу не спынілася машына з будкай - міліцыя. Сабака адарваўся ад той нагі, бэйбусы спешна пайшлі ад мяне па тратуары. Чацвёра міліцыянераў выскачылі з будкі, кінуліся да прыціхлага натоўпу, схапілі аднаго, першага з краю, каторы няпэўна трымаўся на нагах, вытрашчыўшы на іх асалавелыя вочы, кінулі яго ў будку, потым - другога, трэцяга, бразнулі дзверцамі знутры, і машына паехала. Але адзін міліцыянер, нізкарослы, рыжавусы сяржант, застаўся ля сталоўкі і крыкнуў натоўпу: