Выбрать главу

- Усе астальныя - пара на работу! Ну, што я сказаў! Скарэй бы ўжо ўвялі дубінкі.

Натоўп пакрысе радзеў. Я глянуў на гадзіннік: было адзінаццаць. Сяржант пайшоў у сталоўку. Я з сабакам - за ім... як там Юра? Калі што якое - трэба ж ратаваць яго.

А Юра сядзеў адзін за кутнім столікам, адкінуўшы галаву на сцяну за спінкай крэсла, і спаў.

- Па работах! - крыкнуў сяржант у сталоўцы.

Мужыкі спешна дахлёбвалі віно і піва, яно цякло з ратоў на сталы, на падлогу; стаяў смурод. Я падышоў да кутняга стала, Паэт спалохана блытаўся ў мяне ў нагах. Туды ж падышоў і сяржант, хацеў Юру нешта сказаць, але толькі махнуў рукой. Уважліва паглядзеў на мяне, кінуў вокам на гальштук, на сумку і адышоў. Буфетчыца падняла перад ім шырокую, з дээспэ, дошку на ўваходзе ў буфет, адчыніла дзверы ў чысты, светлы пакойчык, зачыніла, праз дзве - тры хвіліны недзе там бразнулі яшчэ дзверы, і міліцэйская фуражка мільганула ў бакавым акне сталоўкі.

- Юра! - сказаў я. - Юра!

Ён крэпка спаў.

- Не трывожце чалавека! - крыкнула мне буфетчыца. - Чалавек хворы!

- Юра! - Я патрос яго за плячо.

Ён цяжка расплюшчыў вочы, доўга глядзеў на мяне і, нарэшце, успомніў, сказаў:

- A-а, той, што даў мне рубля.

- Юра, выйдзем на вуліцу!

- А... толькі вазьмі з сабой бутэльку віна.

- Вазьму, Юра Толькі ўстань, ідзі.

- Вазьмі, я йду.

Ён упёрся рукамі ў стол, неяк падняўся, пахістаўся і, трымаючыся рукамі за сцяну, выйшаў са сталоўкі. Я купіў віна - на ўсякі выпадак, будзе відаць, - схаваў бутэльку ў сумку, выйшаў на вуліцу. Юра трымаўся аберуч за агароджу, звесіўшы галаву, глядзеў збоку, ці выйшаў я. Убачыў, адштурхнуўся ад агароджы, паклікаў мяне пальцам.

Я вёў Юру пад руку па тратуары - у бок яго хаты, і мы абодва хісталіся - Юра хістаў мяне. Той самы рыжавусы сяржант сустрэўся нам амаль каля хаты, уважліва зноў паглядзеў на мяне, але не зачапіў, пайшоў.

Юра штурхнуў дзверы нагой і першы пераступіў парог, азірнуўся ў сенцах - ці йду. У хаце было цьмяна, вокны завешаны бруднымі фіранкамі, пахла сырасцю й мышамі, сухія скарынкі хлеба, косткі рыбы раскіданыя па падлозе. Юра ўпаў на крэсла за сталом, узяў з падаконніка брудную шклянку.

- Нал-лівай!

Я стаяў перад ім і думаў: даставаць бутэльку ці не?

Юра падняў на мяне вочы.

- А ты хто будзеш?

Я доўга маўчаў. Ён не вытрываў:

- Нал-лівай!

I тады я сказаў:

- Юра! Успомні школу, успомні Толю Кухарава, успомні наша з табой падарожжа ў Чарнігаў...

I Юра ўсміхнуўся - нешта ўспомніў, спадылба, як і некалі даўно, глядзеў на мяне, ціха сказаў:

- I пераплывалі Ясельду. Ну, добра, налівай. I яшчэ сходзіш.

Ён упаў галавой на стол.

Усё, Юра, - падумаў я, сустрэчы ў нас з табой сёння не атрымалася.

На сцяне, проста над Юрам, прымацаваная кнопкамі, - вырваная з часопіса "Советское фото” рэпрадукцыя каляровага здымка: Брэжнеў і каўказец у бурцы, Герой Сацыялістычнай Працы, - трымаюць фужэры з іскрыстым віном на фоне снегавых вяршыняў і белых аблокаў, абодва - як горныя арлы...

Я дастаў з сумкі бутэльку, паставіў на стол і выйшаў з хаты. Паэт чакаў мяне на ганку. Я сеў на калоду, што стаяла ў густой, высокай крапіве. Паэт стаў на заднія лапы, пярэднія паклаў мне на калені і задуменна глядзеў на акно. Я чуў, як там, за акном у хаце, стукнула па стале, мусіць, адкаркаваная бутэлька, і раптам мне захацелася вярнуцца ў хату - напіцца разам з Юрам на фоне снегавых вяршыняў і белых аблокаў. Але ж трэба ў райком, і мы з сабакам выйшлі на вуліцу.

Крыху не дайшоўшы да хаты Тамары Васільцавай, мы з сабакам перайшлі на другі бок вуліцы. Пашанцавала: пад агароджай чыёйсьці хаты - лаўка, і я сеў якраз насупраць двара Васільцавых. Сабака бегаў за матыльком, хацеў ухапіць яго лапай у паветры. У агародчыку насупраць, як і тады, даўно, - кусты вяргіняў, але кветкі на іх яшчэ не распусціліся, а восеньскія астры толькі ў зялёным лісці. Весела, ясна цвітуць півоні, касачы, чырвоны мак. Кветкамі, помніцца, заўсёды турбаваўся Тамарын брат Барыс, сама ж Тамара была занятая вучобай і камсамолам.

У іхнім двары - нікога, адны куры да індыкі. Нехта там, у хаце, выглянуў у акно, пільна паўглядаўся ў мяне і захінуў фіранку. Але вось бразнулі дзверы, і з сенцаў у двор выйшлі дзве жанчыны ў квятастых халатах. Адна вынесла вёдры, з іх ішла пара, другая трымала на шырокіх клубах бляшаныя начоўкі з бялізнай За імі ў двор, а з двара на вуліцу высыпала з хаты малеча - напэўна, унукі. Тая, што з начоўкамі, крыкнула ім: