Выбрать главу

- Дети, далеко не бегайте!

А дзеці ўжо забаўляліся з маім сабакам - працягвалі да яго рукі, ён скакаў да іх, яны адмахваліся, смяяліся. Жанчына, ані не зважаючы на мяне, зноў гукнула з двара:

- Дети! Может, собака заразная. Не трогайте!

Малыя адступіліся ад сабакі, пабеглі па вуліцы, Паэт весела кінуўся за імі, але хлопчык ухапіў з зямлі камень, шпурнуў у Паэта, той лоўка ўхіліўся, недаўменна гаўкнуў услед дзецям і зноў прыбег да маіх ног, сеў.

Жанчыны ў двары сталі мыць, паласкаць. Я зірнуў на дах, шыфер на ім новенькі - бліскучы, чысты.

Дзеці вярнуліся і зноў, забыўшыся, прычапіліся да Паэта. I зноў шыракаклубая крыкнула:

- Я что вам сказала! Собака может быть заразной!

I што тут здарылася! Паэт як зразумеў, што яго ганяць, і кінуўся праз расчыненыя веснічкі ў двор Васільцавых, схапіў зубамі за халат жанчыны, пацягнуў на сябе, ірвануў Я паклікаў:

- Паэт! Паэт!

Але той як не чуў мяне і ўсё скакаў вакол тоўстых ног, а жанчына цяжка махала нагамі на сабаку і яшчэ больш раз'юшвала яго:

- Уберите эту сволочь! - крыкнула яна мне праз вуліцу.

Я хуценька зайшоў у двор, злавіў Паэта за вуха, ён, як дзіця, заенчыў. Другая жанчына сцішана, спакойна сказала:

- Ой, што ж вы яго так...

А тая, мажная, вяла сваё.

- Ещё и об землю его, об землю! Такую мразь!

I тут я аслупянеў: у гэтай жанчыны на твары, асабліва пад блакітнымі вачыма - вяснушкі, не - рабацінне, рабацінне на скуры рук, ног ніжэй халата, адно крысо якога разадранае Паэтам.

Я стаяў перад Тамарай, трымаў на руках сабаку, і мы ўсе маўчалі. Яна трымала ў руцэ мокрую кашулю, з якое падалі ў траву мыльныя кроплі. Васільцава ўважліва, хоць і збоку, паглядзела мне ў вочы і ўжо супакоена сказала:

- Сядьте на скамейку...

Я сеў і пасадзіў сабаку ля ног. Жанчыны выпаласкалі бялізну, выкруцілі яе, Тамара пайшла ў хату і вярнулася ў двор, села побач са мной, на каленях трымала разбухлы альбом у рудой, аксамітнай старой вокладцы.

- Не помню, кто, - сказала Васільцава, - но вы кто-то из моих бывших одноклассников. Сейчас...

Яна разгарнула альбом - і на вочы адразу трапіла вялікая фатаграфія нашага выпускнога дзесятага класа.

- Вот, это вы, - яна паказала пальцам на мой здымак - хлопчык з "боксам”, каўнер белай кашулі паверх каўняра “футболкі” - Кухарев А.А. Имя забыла.

- Анатоль... Толя. А вы - Тамара. Наш камсамольскі сакратар. Вы мяне некалі за “адзінку” на камітэце...

Васільцава ўсміхнулася, усміхнулася вачыма так, як тады, даўно-даўно - гулліва і светла.

- Ах, мало ли кого я отчитывала в школе, и в институте, и в райкоме, и в министерстве просвещения, и теперь вот снова в школе. Я директором в Минске... Ну, а ты - где и как?

Васільцава перайшла на ты. Я вельмі коратка сказаў пра сябе.

- А вот с Юрой, - сказала яна, - плохо. Совсем непутёвый оказался. Бывший диссидент, а теперь никто.

Я перавёў гутарку на зусім іншае.

- Помніш, Тамара, каменне па вашым даху?

- Помню, помню, Толя! А признайся - ты хотел меня провести? А может, и поцеловать?

Даўно ўжо ўсё тое было, як у тым стагоддзі, і я прызнаўся:

- Хацеў.

Тамара засмяялася, паклала мне руку на плячо:

- А надо было. Вот Юра однажды догнал меня вечером у дома, схватил за плечи и поцеловал, чёрт, да так, что у меня голова закружилась... Ах, была юность! А стихотворение твоё о Сталине потерялось.

Мой сабака гыркнуў ля нагі, я паківаў яму пальцам.

- Ну, что, бывший комсомолец Кухарев, прости, пойду развешивать бельё!

Яна загарнула альбом, кінула яго побач на лаўку, паднялася, пайшла да начовак.

Мы з Паэтам выйшлі на вуліцу, і тут я ўспомніў, што мы з Васільцавай нават не развіталіся.

А праз якую паўсотню метраў (ужо і Дом Саветаў блізка) - двухпавярховы, белацагляны будынак райаддзела міліцыі, і на яго высокім ганку стаяў той самы рыжавусы сяржант.

- Гражданін, - сказаў ён, - астанавіцеся.

Я прыпыніўся, Паэт гаўкнуў на міліцыянера, скокнуў у яго бок. Сяржант сышоў з ганка да мяне, Паэт памкнуўся схапіць яго зубамі за галіфэ, але той паспеў падчапіць Паэта ботам пад чэрава і адкінуць убок, сабака агрызнуўся, але канфлікт з міліцыяй вырашыў не працягваць, адбег да ліпы, зрабіў сваю справу, сеў пад дрэвам і назіраў за намі. Сяржант узяў мяне за руку вышэй локця.

- Гражданін, пройдземце ў аддзел.

Я сказаў:

- Няма калі, мне трэба ў райком.

- Нічаво. Скажаце - міліцыя задзяржала.