- Не, я гэтага не скажу.
- Пройдземце!
Я хацеў вырваць руку з яго ўчэпістых пальцаў, але мне гэта не ўдалося.
- Сапраціўленне аказваеце? Пройдземце!
Я спатыкнуўся аб верхнюю прыступку і, як ні трымаў мяне сяржант, ударыўся лбом аб шурпатую жалезабетонную калону. Сабака мой тут як тут, ён лізнуў мяне мокрым цёплым язычком у лоб і гаўкнуў на міліцыянера, памкнуўся зноў да яго калена, але перадумаў, адступіўся, я паказаў яму на дрэва, і ён пабег туды - маўляў, не буду ўскладняць сітуацыю.
Я прыклаў далонь да лба, паглядзеў: кроў.
- Дайце маю руку! - кажу міліцыянеру і тузануў рукою, другая - занятая сумкай. - Дастану насоўку з кішэні.
- Э, нет, гражданін. А вдруг там у вас нож?
- Няма нажа.
- А эта пасмотрым.
Ён увёў мяне ў калідор аддзела. Там, за бар'ерам, за сталом з тэлефонамі, сядзеў дзяжурны-міліцыянер.
- Вот, - сказаў “мой” сяржант, - болтаецца по уліцы узад-упярод, у сталовай з Юркай сашолся, дамой к няму хадзіл, оба шаталіся, пры задзяржанні аказаў сапраціўленне, вот - упал, конечно - не трэзвый.
- Дакументы!
Я паказаў дакументы.
- Цэль прыезда ў наш горад?
Я сказаў.
- Вы пасматрыце! Учыцель! Вышшае абразаваніе! На работу ў рэдакцыю!
Міліцыянеры павялі мяне ў нейкі кабінет. Там рыжавусы даў мне дыхнуць у шклянку, панюхаў яе, сказаў:
- Сколька выпілі?
- Чарачку ў восем гадзін.
- 3 самага вутра!
Дзяжурны абшмыгаў усе мае кішэні, паставіў на стол маю сумку, дастаў з яе на стол усё дзве газеты, ручнік, мыла, люстэрка, скарынку хлеба, брытву, свежую кашулю, шкарпэткі і - карабок з-пад запалак.
Дзяжурны склаў пратакол, даў мне прачытаць яго і падпісацца. Я адсунуў убок пратакол і сказаў:
- Падпісваць не буду. Тая чарачка гарэлкі даўно выйшла з галавы, супраціву не аказваў, Юра - мой школьны сябра, я дапамог яму зайсці дахаты Усё. Вярніце мне дакументы Мне трэба ў райком...
- Нам віднее, куда вам нада ілі, как вы гаварыце, трэба.
Рыжавусы ўзяў у рукі запалкавы карабок, адкрыў яго і ажно вылупіў вочы.
- Зубы? Чыі зубы?
- Мае, - сказаў я.
Сяржант пайшоў з тым карабком некуды па калідоры, доўга яго не было, нарэшце вярнуўся.
- Пайдзёмце!
Ён вывеў мяне з калідора ў двор, там стаяў міліцэйскі "газік”, адчыніў перада мной дзверцы, я сеў у машыну, рыжавусы за руль, і мы паехалі. Спынілася машына на ўскраіне горада, у двары паліклінікі.
Перад кабінетам з шыльдачкай "Стоматолог” стаяла, сядзела людская чарга, але міліцыянер са мной адразу ўвайшоў у кабінет. Сяржант падышоў да ўрача, нешта ціха сказаў яму, працягнуў карабок. Урач высыпаў на стол мае зубы, сказаў, каб я падышоў і адкрыў рот, паўглядаўся ў мае дзясны, у зубы, пералічыў іх, яшчэ паўглядаўся ў дзёсны і сказаў міліцыянеру:
- Его зубы.
Вярнуліся ў аддзяленне. Дзяжурны зрабіў вопіс "маёмасці” (у тым ліку - “спичечная коробка с зубами”), сумку маю паставіў у куток, узяў у шуфлядзе стала звязку ключоў і некуды павёў мяне - у канец калідора, потым - па прыступках уніз, у цемнаваты, сыры падвал, падвёў да жалезных дзвярэй з доўгай і тоўстай жалезнай клямкай і "вочкам”, адамкнуў цяжкі замок, адчыніў дзверы і злёгку папіхнуў мяне ў спіну. Я апынуўся ў змрочным памяшканні, дзверы за мной бразнулі, замкнуліся, а я ўсё стаяў, пакуль не згледзеў уверсе, пад столлю закратаванае акенца. Калі вочы асвойталіся са змрокам, я ўбачыў: уздоўж доўгай сцяны - дашчаны "ляжак”, пад самай сцяной - наўскос прыбітая дошка-”падушка”, і нешта ў кутку варушыцца. Тры чалавекі, скурчыўшыся, нацягнуўшы на галовы каўняры адзежы, драмалі насупраць. 3 другога кутка цягнула смуродам, гэты смурод ішоў ад "парашы”.
Та-ак, вось ты і ў камеры, як некалі тыя бальшавікі. Эх-эх, грамадзянін Кухараў, да чаго дажыўся!.. I сумна стала мне, і смешна. Я сеў на дошкі. Сыра, халаднавата - падлога ж бетонная.
Адзін з тых, траіх, падняў галаву, сеў, паглядзеў на мяне (быў я ў касцюме і пры гальштуку), выдаў на ўсю камеру гук, пстрыкнуў скрозь зубы слінай на падлогу, прахрыпеў:
А, б..., і ты папаўся!
Селі ў кутку і астатнія двое - усе яны з нейкімі чорнымі, зарослымі шчаціннем тварамі, з ускудлачанымі, як даўно нечасанымі валасамі на галовах.
- Хадзі сюды, б...! - сказаў адзін з іх.
Я маўчаў. Тады той, хрыпаты, падняўся і, расшпільваючы прарэх, прайшоў міма мяне да парашы.
- Курыва забралі?
- Не было, хлопцы, курыва.
Гаварыў я спакойна. Можа, палагаднелі й яны, бо той, хрыпаты, спытаў:
- За што ўзялі?
Я не адказаў, і яны - не, не палагаднелі:
- Маўчыш культурна, б...?
Я падняўся з дошак, падышоў да дзвярэй, ціха пастукаў пальцамі ў бляху.