Выбрать главу

Паэт падпоўз да маіх ног, схіліў галаву набок і слухаў.

- Двор дзядзькі Антона. Чырвоная дашчаная агароджа, у двары - старая яблыня, пад ёй - невялічкая альтанка. За ёй - калодзеж з адзіным на ўсю вуліцу жураўлём. А пад сценамі, пад агароджай - буйналістае лапушынне. Кожнай раніцы вясной, летам і восенню да халадоў дзядзька Антон выходзіў з акардэонам у двор ды іграў мелодыі вядомых песень. Музыку чулі па ўсёй вуліцы. Мы, ужо ладныя хлопцы, схілялі галовы на чырвонўю Антонаву агароджу і слухалі, а я дык іншы раз ішоў да дзядзькі ў двор, садзіўся побач з ім, браў у рукі барабан - маленькі, з жоўтай ільсністай скуры з бомамі і меднымі круглымі бляшкамі. I барабаніў, чырванеючы ад заўсёднай сваёй сарамлівасці перад хлопцамі, што вось я ўмею барабаніць, ды так, што дзядзька Антон ажно падміргвае мне. Ён схіляўся вухам да меха акардэона, прытопваў нагой пад музыку і ціха ўсміхаўся. 3 коміна ішоў дым: цётка Люба варыла свінням і цяляці. 3 хаты праз насцеж адчыненыя дзверы пахла смажанай цыбуляй і скваркай, весела вішчала патэльня - пякліся дранікі ці аржаныя блінцы. Вялікія блакітныя вочы выглядвалі з ганка. Цётка Люба сыходзіла ў двор з місаю ў руцэ, ішла да агароджы і частавала хлопцаў, а дзядзьку і мне давала па чарцы вішнёвае настойкі. Пітво салодкае, але мы з дзядзькам, як заведзена ў мужыкоў, кракталі, выціралі рукавамі губы, закусвалі дранікам ці блінцом і - зноў пайшло, дзядзька йграў, я барабаніў. "Ну, Толя, усё, - казаў дзядзька і апошні раз сціскаў мех акардэона. - Трэба й за справу брацца”. Мы адыходзілі ад агароджы, я азіраўся на двор дзядзька тэпаў з сенцаў ужо з сякераю.

Паэт, здаецца, заснуў. Але - не... калі я злёгку піхнуў яго нагою, ён адразу расплюшчыў вочы - значыць, слухаў уважліва

- Дык от, той акардэон... А чаму сёння я не чую яго? Няўжо?.. Няўжо дзядзька Антон?.. Ой, не! Ой, неба ўпала на мяне! Добрае, чыстае неба! Чуеш, сабака? Чуеш музыку? Гэта той акардэон! Гэта дзядзька Антон!

3 двара дзядзькі Антона вылілася й пацякла па вуліцы Карла Маркса мелодыя песні "Широка страна моя родная”.

- Гаў-гаў!

- Маўчы, Паэт. Такая мелодыя! Маўчы, сабака!

I я расказаў Паэту-шчанюку гісторыю дзядзькавага акардэона .. Лета 1938 года. Малады Антон з бацькам скасілі свой лужок за рэчкай ля Азярца. Антон прывязаў да ровара клуначак з хлебам, салам і цыбуляй, разагнаўся з двара на вуліцу праз расчыненыя вароты, адштурхнуўся ад зямлі, закінуў нагу цераз сядло і выехаў з вёскі на гасцінец - на Дубітава, на Косаў, на Ражану, Беласток - і паехаў проста ў Еўропу; руля - канцамі ўперад, як рогі ў барана. У Варшаве на злотыя, што збіраў тры гады, купіў акардэон. На рынку ў Старым Мясце. Выехаў з Варшавы на беластоцкі тракт-брукаванку, збочыў з дарогі, паставіў ровар пад старой вярбой, з'еў хлеба з салам, развязаў мяшок, дастаў акардэон - з бардовым мехам, з беленькімі бліскучымі клавішамі, і толькі ўзяў першыя акорды роднай азярцоўскай песні (а вучыў Антона йграць на старым, ужо даволі дзіравым акардэончыку бацька - выменяў на кілбасу ў германцаў, што йшлі вайною на Расію і спыніліся ў Косаве), - так, толькі ўзяў першыя акорды роднай песні, як на бруку, проста перад ім, спынілася чорная легкавушка і з яе вылезлі два паліцыянты. I тады Антон расцягнуў мех акардэона на ўсю шырыню і зайграў “Ёшчэ Польска не згінела”, паліцыянты сталі на месцы як укапаныя. Калі Антон скончыў іграць, яны сышлі з дарогі пад вярбу, селі на траву, Антон адразу ж пачаставаў іх хлебам-салам з цыбуляй, тыя ахвотна падсілкаваліся, сказалі “дзенькуе”, пайшлі да машыны і паехалі ў бок Беластока, а Антон усё-такі падняў у польскае неба родную песню. Ужо добра звечарэла, калі ён угледзеў у баку ад дарогі стажок і хацеў ужо збочыць да яго, каб пераначаваць, а тут раптам з-за павароту яго асляпілі фары машыны. Яна спынілася перад роварам, і з яе зноў выйшлі два паліцыянты, падышлі ўшчыльную да хлопца і запатрабавалі паказаць ім дакуманты. Гэта былі тыя самыя паліцыянты. Антон паказаў дакуманты. Адзін з паліцыянтаў сказаў, што дакумантаў не хапае, другі даў Антону па шыі, яны селі ў машыну і як нічога і не было паехалі, а Антон павёў ровар з дарогі да стажка. Усё-ткі польскае сена пахне не гэтак смачна, як беларускае, азярцоўскае, - падумалася ноччу ў стажку, дый калолася сена ў шыю балюча.

У Гайнаўцы пад Беластокам Антон іграў местачковым беларусам - у канцы вуліцы на зялёным выгане, на беразе вузенькай чыстай рачулкі - полечку-трасуху, “Лявоніху”, "Мяцеліцу” і абэрак. Але і тут атрымаў па шыі ад паліцыянта. Сеў на ровар і - хутчэй да хаты, праз Ціхаволю, Ражану, Косаў.

Восенню Антон пабраўся з суседкай Любай, белакосай прыгажуняй. Бацька перад сватаннем сказаў яму: “Хопіць дзерці штаны аб плот па начах, гарод у суседа ўвесь стаптаў”. У верасні трыццаць дзевятага азярцоўскай вуліцай прайшла запыленая Чырвоная кавалерыя, дзіравыя абмоткі матляліся па баках у коней. Двое коннікаў спешыліся ля новай Антонавай хаты ў канцы вуліцы, зайшлі, павіталіся, папрасілі вады, а Люба дала ім малака. “Спасибо, - сказалі яны, і тут адзін з іх угледзеў акардэон. - Подарите нам аккордеон!” - “Не, - сказаў Антон. - Дужа цяжка дастаўся ён мне” - "Ну, как же так? Мы ваши братья, мы ваши освободители” - “Не, хлопцы, не дам” - “Ну, так мы сами возьмём как подарок" - “Не!”