Выбрать главу

Яны ўзялі акардэон і пайшлі з хаты. На ганку Антон учапіўся за акардэон. “Родной брат” даў Антону па шыі, але ён не выпускаў акардэон са сваіх учэпістых рук і разам з ім упаў з ганка на зямлю. Люба выбегла з хаты ў двор, з двара на вуліцу і залямантавала. Кавалерысты пабеглі з двара да сваіх коней. Яшчэ два дні йшлі праз вёску чырвоныя. Антон намерыўся быў схаваць акардэон, але перадумаў - выходзіў на вуліцу, сядаў на лаўку пад вішняй і йграў “Інтэрнацыянал” - чырвоныя бадзёра падскоквалі на сёдлах, казыралі Антону. У час вайны Антон, каб болей не рызыкаваць акардэонам, аблажыў яго маладой сухой саломай, абгарнуў у некалькі столак радном ды брызентам і закапаў у сухой клуні. Антона забралі служыць у паліцыі, але ён праз тыдзень, разам з Любай і нямецкай вінтоўкай, уцёк у партызаны, у слонімскія лясы. Калі я пытаўся ў дзядзькі Антона, чаму ён уцёк з паліцыі, ён адказваў: “Зразумеў, што немцы і паліцаі па шыі не даюць, а расстрэльваюць і вешаюць”. Малых сына і дачку аддалі сваякам у Быцень, але сюды, у мястэчка, неўзабаве прыйшла і Люба, бо зацяжарала. Пасля вайны Антон перацягнуў хату з Азярца ў гарадок. Чацвёрты раз па шыі Антон атрымаў у КДБ за тое, што тыдзень праслужыў у паліцыі. Дзядзька Антон шмат гадоў працаваў загадчыкам гаспадаркі сярэдняй школы. Вуліца разраслася, ёй далі імя Карла Маркса. На школьных вечарах Антон Іванавіч іграў дзецям на акардэоне полькі, вальсы, танга, факстроты, а то, бывала, і сам ляцеў па зале ў вальсе пад патэфон ці спаважна - у ботах бліскучых, чорных галіфэ і кіцелі - ішоў у паланезе з маладзенькай настаўніцай Сабінай Францаўнай - за гэта дзядзька Антон аднойчы атрымаў пяты і апошні раз у сваім жыцці па шыі - ад цёткі Любы, але ўдар той быў слабы, бо даланя жончына мяккая, цёплая. Дзядзька Антон, мусіць, даўно ўжо на пенсіі... Ну, што, Паэт, пойдзем у двор да дзядзькі Антона і цёткі Любы - адтуль ужо чуецца голас акардэона... Э-э, Паэт, ды ты, бачу, спіш. Ах і сабака ж ты! Ну, добра, спі. Э-э, пастой, пастой, у мяне ж кілбасы яшчэ крыху ёсць.

Я дастаў кілбасу, палажыў яе ля Паэтавай пашчы, сабака адразу яе ўнюхаў, расплюшчыў вочы, схапіў кілбасу і пабег падалей ад каменя, лёг на жывот ля палыновага кусціка, узяў кілбасу ў лапы і кусаў яе маладымі зубамі, потым перавярнуўся на спіну, склаў лапы на жываце і, здаецца, зноў заснуў. Мусіць, ладна аслабеў за дні бадзяжніцтва. Ну, добра, спі, Паэт. А я ўспомню, сам з сабою пагавару - пра яшчэ дзве хаты па вуліцы Маркса.

У адной з іх, за сотню метраў ад Антонавай, жыў мой школьны сябра Юра. Ён некалі хацеў дапамагчы мне хутчэй стаць мужчынам - дужым целам і духам.

У другой хаце, за метраў дзвесце ад Юравай, жыла мая і Юрава аднакласніца Тамара. Гэта яна некалі хацела дапамагчы мне толькі ў адным: каб заўсёды быў сумленным - перад людзьмі, а найперш - перад самім собой.

Таварыш Кухараў, ты, вядома, помніш: у апошні дзень вучобы ў дзевятым класе ты зайшоў у кабінет гісторыі і геаграфіі на другім паверсе, знайшоў на сцяне адміністрацыйную карту БССР з часткай Чарнігаўскай вобласці Украіны, адшчапіў зашчапкі ў акне, адарваў ад карты вузенькія драўляныя рэечкі, склаў карту ў некалькі столак і кінуў яе праз акно ў бэзавы зараснік пад сцяной школы, звінеў на калідоры званок з апошняга ўрока, ты зачыніў за сабой дзверы кабінета і адчуў, што ні кроку больш ступіць не зможаш, прыхінуўся спіной да сцяны - спіна дрыжэла, ты чуў, як па скуры цячэ халодны пот. Міма, у кабінет, прайшла наша добрая, старэнькая настаўніца Ірына Віктараўна, яна ласкава зірнула мне ў вочы, ціха сказала: “Віншую, Толя. Ты ўжо дзесяцікласнік". Адчыняючы дзверы кабінета, яшчэ ласкава паўтарыла: - Віншую, дарагі хлопчык”.

Ты кінуўся ўніз з другога паверха, выбег на школьны двор, пераскочыў праз невысокую агароджу ў агародчык, за вуглом школы ўбіўся з лёту ў бэзавы зараснік, але... Але перад табой стаяў Юра. Стаяў, маўчаў і сурова глядзеў у твае разгубленыя і вільготныя вочы. Клятчатая кашуля яго на грудзях была адтапыраная - там ён схаваў карту. Ён быў ніжэйшы ад цябе ростам, але крэпкаплечы, з мужчынскімі кулакамі і квадратнай сківіцай. Глядзеў на мяне спадылба, сказаў рашучым шэптам: “Толя, чаго ты сюды?.. Усё! Вечарам да мяне”. Ён пераляцеў з кустоў праз агароджу на вуліцу. Ты ўскараскаўся на гэтую высакаватую агароджу, азірнуўся: на вуліцы тратуарам ішла Ірына Віктараўна. Ты скочыў назад, сцішыўся за агароджай і ведаў: парваў аб цвік белую святочную кашулю. Вечарам ты ўпотайкі ад бацькоў і сястры пакінуў свой дом, у садзе закінуў за спіну зладкаваны загадзя ранец - нямецкі, рудой цялячай поўсцю наверх, - у ім былі- паўбуханкі хлеба, з кілаграм жоўтага сала і дакумент - камсамольскі білет. Юра дома ўкраў (ці можна так казаць у той нашай сітуацыі?) з паўпуда мукі, прадаў яе некаму - каб былі ў нас хоць якія грошы. Ноччу вы дасталі з кішэняў штаноў па ладнаму каменю, падышлі да Тамарынай хаты. Вакол было ціха і цёмна, і таму трэск шыфернага даху пад ударамі камянёў гулка раздаўся над хатай, над вуліцай, а вы беглі, беглі і беглі ад таго трэску-грому, ад бразгату расчыненых дзвярэй той хаты, ад уключанага на ганку святла, ад грознага баса брата: “в-ва-шу м-маць!” - беглі ад брэху сабак у дварах па ўсёй вуліцы, беглі на ўскраіну гарадка - да вузкакалейкі. Там на світанні залезлі на пустую платформу, і паравозік паціху, спакойна павёз вас праз Палессе ў Целяханы, там вы саскочылі з платформы і, ужо амаль апоўдні, ступілі на пінскую гравійку. Перад вамі вялікая дарога - пяшком і спадарожнымі машынамі да Пінска - адтуль цягніком да Лунінца - і далей - праз Сарны - у Чарнігаўскую вобласць, да Юравай цёткі. За Целяханамі вы выйшлі на драўляны мост праз Агінскі канал. Разгарнулі карту, канал вядзе на Ясельду. Рашылі, гэта вельмі цікава. Паелі хлеба з салам, запілі вадой з канала, а яе, вады той, - вузенькі, з пояс, раўчучок, затое яна празрыстая і смачная, бо цячэ між густой зялёнай травы і кветак белых, жоўтых, ружовых, і яны пахнуць мёдам. Берагам канала вяла вас белая, цвёрдая сцежка, і вы запіхнулі чаравікі ў ранец. Праз які кіламетр пачаўся густы забалочаны лес - высокія чорныя вольхі, елкі, бярозы, ля самай сцежкі кусты малін і ажын - з ягадамі буйнымі, чырвонымі і чорнымі. I пачалася вада ў канале, глыбокая і шырокая. Ля берага стаяла лодка, у ёй - мокрае вясло. Вы скокнулі ў лодку, адштурхнуліся ад берага, паплылі, а ззаду нехта крычаў: “ ну-у, су-кі!” Нехта бег за вамі, вы выскачылі з лодкі на бераг і пабеглі крэпкімі маладымі нагамі па сцежцы, крычаць ззаду перасталі. Ты рабіў тады ўсё, што рабіў Юра, ён ва ўсім быў вядучым. Ты збіў пальцы ног да крыві, Юра - не, бо ў яго скура на нагах была быццам свінячая, і ён табе сказаў: “Ступі ў балота, вымажы ногі гразёю”, - ты стаяў на месцы, тады ён піхнуў цябе са сцежкі ў чорную гразь, потым вы пайшлі далей, гразь на нагах засохла, стала коркай, і пальцы не смылелі, і нагам было легка... Звечарэла, калі выйшлі на шырокую, у лузе, і сінюю Ясельду, за тым берагам ціха стаяла вёска, толькі недзе вуркатаў рухавічок кінаперасоўкі. Той бераг быў узгорысты значыць, сухі, а гэты, ваш бераг, быў нізінны, упоравень з вадой, і тут начаваць не выпадала. Вы распрануліся, звязалі адзежыны тонкім лазовым веццем, Юра ўзяў ранец за рэмень разам з адзежынай сваёй у левую руку, ступіў у раку, падняў левую руку з грузам над галавой, лёг правым бокам на ваду і, фыркаючы, паплыў праз раку. Ты ўвайшоў у ваду следам. Юра ўжо скакаў, чакаў на беразе, а ты раптам не здужаў, не змог - і рука з адзежынай упала ў ваду... Юра сказаў мне на беразе: "Збірай сухі чарот”, - а сам пабег да гародаў і прывалок адтуль сухіх альховых калкоў, збегаў яшчэ раз, прывалок дзве тоўстыя жэрдкі, потым ён хутка расклаў вогнішча, іскры паляцелі ў цёмнае неба, мы грэліся ля вясёлага агню, і Юра сказаў: “Сушы сваю адзежыну...” На золку ён разбудзіў цябе: “Твае сухія штаны засталіся на тым беразе, плыві за штанамі, але сушыць іх ужо не будзе калі, дый згарэла ўсё”. I ты пераплыў раку назад, узяў перавязаныя штаны ў левую руку, лёг правым бокам на ваду, а яна была цёплая, паплыў Стараўся дыхаць роўна, правай рукой паболей зачэрпваць пад сябе вады, але рука левая пасярэдзіне ракі стала, як я ні тужыўся, апускацца - усё ніжэй і ніжэй. “Дрыгні левай рукой”, - сказаў з берага Юра Ты дрыгнуў рукой, штурхнуў яе ўгору, дыхнуў глыбока і сказаў сабе, даплыву Так, ты тады перамог самога сябе, ты стаяў на беразе перад Юрам, трымаўу руцэ сухія штаны і радасна ўсміхнуўся Юравым палагаднелым вачам, але хутка Юра зрабіў свае вочы суровымі, сказаў - “Апранайся”. Потым вы спяклі на вуголлі сала. Ах, і смачна ж паелі - як ніколі дома... У Пінску ноччу залезлі на задні вагон пасажырскага цягніка і, калі цягнік рушыў, вы ўчапіліся рукамі за нейкія металічныя цыліндры, прыніклі т