ў ніжэйшы ад цябе ростам, але крэпкаплечы, з мужчынскімі кулакамі і квадратнай сківіцай. Глядзеў на мяне спадылба, сказаў рашучым шэптам: “Толя, чаго ты сюды?.. Усё! Вечарам да мяне”. Ён пераляцеў з кустоў праз агароджу на вуліцу. Ты ўскараскаўся на гэтую высакаватую агароджу, азірнуўся: на вуліцы тратуарам ішла Ірына Віктараўна. Ты скочыў назад, сцішыўся за агароджай і ведаў: парваў аб цвік белую святочную кашулю. Вечарам ты ўпотайкі ад бацькоў і сястры пакінуў свой дом, у садзе закінуў за спіну зладкаваны загадзя ранец - нямецкі, рудой цялячай поўсцю наверх, - у ім былі- паўбуханкі хлеба, з кілаграм жоўтага сала і дакумент - камсамольскі білет. Юра дома ўкраў (ці можна так казаць у той нашай сітуацыі?) з паўпуда мукі, прадаў яе некаму - каб былі ў нас хоць якія грошы. Ноччу вы дасталі з кішэняў штаноў па ладнаму каменю, падышлі да Тамарынай хаты. Вакол было ціха і цёмна, і таму трэск шыфернага даху пад ударамі камянёў гулка раздаўся над хатай, над вуліцай, а вы беглі, беглі і беглі ад таго трэску-грому, ад бразгату расчыненых дзвярэй той хаты, ад уключанага на ганку святла, ад грознага баса брата: “в-ва-шу м-маць!” - беглі ад брэху сабак у дварах па ўсёй вуліцы, беглі на ўскраіну гарадка - да вузкакалейкі. Там на світанні залезлі на пустую платформу, і паравозік паціху, спакойна павёз вас праз Палессе ў Целяханы, там вы саскочылі з платформы і, ужо амаль апоўдні, ступілі на пінскую гравійку. Перад вамі вялікая дарога - пяшком і спадарожнымі машынамі да Пінска - адтуль цягніком да Лунінца - і далей - праз Сарны - у Чарнігаўскую вобласць, да Юравай цёткі. За Целяханамі вы выйшлі на драўляны мост праз Агінскі канал. Разгарнулі карту, канал вядзе на Ясельду. Рашылі, гэта вельмі цікава. Паелі хлеба з салам, запілі вадой з канала, а яе, вады той, - вузенькі, з пояс, раўчучок, затое яна празрыстая і смачная, бо цячэ між густой зялёнай травы і кветак белых, жоўтых, ружовых, і яны пахнуць мёдам. Берагам канала вяла вас белая, цвёрдая сцежка, і вы запіхнулі чаравікі ў ранец. Праз які кіламетр пачаўся густы забалочаны лес - высокія чорныя вольхі, елкі, бярозы, ля самай сцежкі кусты малін і ажын - з ягадамі буйнымі, чырвонымі і чорнымі. I пачалася вада ў канале, глыбокая і шырокая. Ля берага стаяла лодка, у ёй - мокрае вясло. Вы скокнулі ў лодку, адштурхнуліся ад берага, паплылі, а ззаду нехта крычаў: “ ну-у, су-кі!” Нехта бег за вамі, вы выскачылі з лодкі на бераг і пабеглі крэпкімі маладымі нагамі па сцежцы, крычаць ззаду перасталі. Ты рабіў тады ўсё, што рабіў Юра, ён ва ўсім быў вядучым. Ты збіў пальцы ног да крыві, Юра - не, бо ў яго скура на нагах была быццам свінячая, і ён табе сказаў: “Ступі ў балота, вымажы ногі гразёю”, - ты стаяў на месцы, тады ён піхнуў цябе са сцежкі ў чорную гразь, потым вы пайшлі далей, гразь на нагах засохла, стала коркай, і пальцы не смылелі, і нагам было легка... Звечарэла, калі выйшлі на шырокую, у лузе, і сінюю Ясельду, за тым берагам ціха стаяла вёска, толькі недзе вуркатаў рухавічок кінаперасоўкі. Той бераг быў узгорысты значыць, сухі, а гэты, ваш бераг, быў нізінны, упоравень з вадой, і тут начаваць не выпадала. Вы распрануліся, звязалі адзежыны тонкім лазовым веццем, Юра ўзяў ранец за рэмень разам з адзежынай сваёй у левую руку, ступіў у раку, падняў левую руку з грузам над галавой, лёг правым бокам на ваду і, фыркаючы, паплыў праз раку. Ты ўвайшоў у ваду следам. Юра ўжо скакаў, чакаў на беразе, а ты раптам не здужаў, не змог - і рука з адзежынай упала ў ваду... Юра сказаў мне на беразе: "Збірай сухі чарот”, - а сам пабег да гародаў і прывалок адтуль сухіх альховых калкоў, збегаў яшчэ раз, прывалок дзве тоўстыя жэрдкі, потым ён хутка расклаў вогнішча, іскры паляцелі ў цёмнае неба, мы грэліся ля вясёлага агню, і Юра сказаў: “Сушы сваю адзежыну...” На золку ён разбудзіў цябе: “Твае сухія штаны засталіся на тым беразе, плыві за штанамі, але сушыць іх ужо не будзе калі, дый згарэла ўсё”. I ты пераплыў раку назад, узяў перавязаныя штаны ў левую руку, лёг правым бокам на ваду, а яна была цёплая, паплыў Стараўся дыхаць роўна, правай рукой паболей зачэрпваць пад сябе вады, але рука левая пасярэдзіне ракі стала, як я ні тужыўся, апускацца - усё ніжэй і ніжэй. “Дрыгні левай рукой”, - сказаў з берага Юра Ты дрыгнуў рукой, штурхнуў яе ўгору, дыхнуў глыбока і сказаў сабе, даплыву Так, ты тады перамог самога сябе, ты стаяў на беразе перад Юрам, трымаўу руцэ сухія штаны і радасна ўсміхнуўся Юравым палагаднелым вачам, але хутка Юра зрабіў свае вочы суровымі, сказаў - “Апранайся”. Потым вы спяклі на вуголлі сала. Ах, і смачна ж паелі - як ніколі дома... У Пінску ноччу залезлі на задні вагон пасажырскага цягніка і, калі цягнік рушыў, вы ўчапіліся рукамі за нейкія металічныя цыліндры, прыніклі тварамі да вагоннага даху і разам з цягніком ляцелі, ляцелі... У Лунінцы з перона вам нехта грозна загадаў: “Злазьце!” - а вы ўжо й самі мерыліся злезці. Першым, між вагонаў, злазіў Юра. Яго ўжо нехта ўнізе трымаў за каўнер, чакаў цябе. Міліцыянер схапіў і цябе, і ў гэты момант Юра вырваўся з ягонай рукі і пабег па пероне ў цемру - з тваім ранцам на спіне. Цябе завялі ў міліцэйскую дзяжурку, дапыталі, пасадзілі на лаўку ў калідоры, а ля дзвярэй сядзеў міліцыянер, тоўсты, чырванашчокі, у ботах і сіняй форме, ногі працягнуў упоперак усяго вузкага калідора і спаў, і ты, нарэшце, падумаў: а што цяпер зрабіў бы Юра? I ты зрабіў - ціха-ціха пераступіў ногі міліцыянера, ціха адчыніў дзверы, ціха іх зачыніў і пайшоў далей ад вакзала, у скверыку залез пад лаўку. Потым цэлы дзень выглядаў з кустоў у скверыку, але ні на прывакзальнай плошчы, ні на пероне Юры не ўбачыў. А ноччу залез у таварняк, заехаў у Баранавічы, адтуль дахаты, у свой гарадок. А Юра праз месяц вярнуўся - прынёс табе ранец, камсамольскі білет. Ён усё-ткі здолеў дабрацца да чарнігаўскай цёткі. Вы разам з ім прайшліся вуліцай, міма дома Тамары на даху яе замест разбітага шыферу - новыя лісты. Вы стаялі на старым драўляным мосце, абаперліся локцямі на парэнчу, глядзелі ў ваду, там бачылі сябе, і Юра сказаў: “Кахаеш Тамару?” Ты зманіў: “Не!”. Юра плюнуў у ваду і сказаў: “А я кахаю”. I вы разышліся па сваіх хатах.