Выбрать главу

Я й не заўважыў, успамінаючы сваё, калі Паэт прыйшоў да каменя. Ён ціха сядзеў перада мной і глядзеў мне ў вочы. Мусіць, быў здзіўлены мною такім - маўклівым, з апушчанай галавой, са скрыжаванымі на грудзях рукамі, са слязой у вачах. Калі я падняў голаў, ён падпоўз на жываце да маёй нагі, лізнуў яе, зноў паглядзеў у вочы, потым пайшоў да берага, сеў там і глядзеў у ваду, а вада тая ціха цякла, цякла, цякла... Глядзі, Паэт, глядзі ў ваду і не вяртайся да каменя, таму што сёння я пакажу табе Тамарыну хату, а можа, і ў двор зойдзем, а цяпер пакуль што я ўспомню на камені і тое, тое... Таму ты не вяртайся да каменя, каб не бачыць маіх слёз..

...Тамара выйшла з-за сваёй, пярэдняй, парты, павярнулася тварам да класа і лёгка, светла ўсміхнулася. Усміхнулася яна і маладому настаўніку матэматыкі, маладому і нейкаму нягегламу. Ён стаіць ля стала, упарта глядзіць у журнал і не ўласцівым яму басам просіць запісаць на дошцы формулы сінуса, косінуса, тангенса і катангенса. Тамара крутанулася на месцы так хораша, што ажно яе паркалёвая, квятастая сукенка двойчы ахінула стрункія ногі - а ногі ў простых чорных чаравіках са шнуркамі, жоўтая доўгая каса са спіны цераз плячо ўпала на грудзі - на вострую, пад сукенкай, цыцачку (Юра, я бачыў, адным вокам, лавіў спадылба гэты момант - палёт Тамарынай касы, ды й усе хлопцы, і я, таксама спадылба, зіркалі туды), яна брала крэйду і пісала на дошцы няспешна, упэўнена, акуратна. Паварочвалася да класа, зноў усміхалася ўбок аднаму настаўніку, а той, не адрываючы вачэй ад журнала, нават скоса не глянуўшы на дошку, казаў: “Пяць, Васільцава. Сядайце”.

...Вечарам я йшоў нашай вуліцай - проста, каб прайсціся ля Тамарынай хаты, а перад хатай, у святле яе вокнаў, ціха стаялі ў агародчыку кусты вяргіняў - жоўтых, чырвоных, белых, пунсовых, понізу бялелі астры, бялелі па-восеньску самотна-вечарова, і тады плойма ясных зорак у небе здавалася мне вяснушкамі, якія нанач пакінулі Тамарын твар - навошта яны ёй ноччу?

...У школьным калідоры вісіць аб'ява: "После уроков состоится заседание комитета комсомола школы с повесткой дня...” Юра, самы здольны ў класе да вучобы, быў выкліканы на камітэт ужо не раз - з-за "двоек”. Ён сказаў мне: “Атрымай "двойку” - патрапіш на камітэт, убачыш дзіўную Тамару”. Мы сядзелі з ім за адной, задняй, партай, і ён бачыў, што я, як і ён, паглядваю на Тамарыну касу. Я атрымаў не тое што "двойку” - "адзінку” (хаця й вывучыў дома на памяць верш, але на ўроку, калі мяне настаўніца рускай літаратуры выклікала да дошкі, сказаў, што забыўся), і ў канцы ўрокаў Тамара строга сказала мне: “Сёння - на камітэт”.

Я стаяў з апушчанай галавой перад сталом, пакрытым чырвонай тканінай. За сталом сядзеў камітэт, мудра падпёршы рукамі галовы. Пасярэдзіне стаяла Васільцава, упершыся кулачкамі ў стол, і казала: “Комсомолец Кухарев, как тебе не стыдно! Редко “тройку” получал. А тут - на тебе: "единица"! Позор всему классу! Какой позор! Видите: он опустил голову. Подними голову! Посмотри всем нам в глаза!”

Я падняў галаву, паглядзеў у Тамарыны суровыя, нават злыя, але такія прыгожыя сінія вочы - і мне стала смешна, і я ўсміхнуўся на ўвесь свой рот. Тамара не вытрымала і таксама ўсміхнулася. Потым села і сказала: “Ладно, комсомолец Кухарев, иди домой и впредь смотри...”

Юра чакаўмяне на школьным двары: "Ну, як?" - "Анічогa, цікава" - "Яшчэ пойдзеш на камітэт?” - "Пагляджу” - "Ну, ты глядзі ў мяне". - Юра паказаў мне кулак.