- Добры дзень, дзядзька Антон і цётка Люба!
Яны адказалі - паздароўкаліся.
- Дзядзька Антон, - сказаў я, - а вынесіце свой акардэон і барабан.
Ён паставіў сухую далонь паверх жоўтых броваў, паўзіраўся ў мяне, моўчкі пайшоў у хату, цётка - за ім. Ён вынес барабан, яна, трымаючы абедзвюма рукамі на грудзях, - акардэон. Дзядзька Антон сеў на лаўку пад сцяной, цётка Люба паставіла яму на калені акардэон і не ведала, што рабіць з барабанам. Я адчыніў веснічкі, зайшоў у двор, сеў ля дзядзькі Антона, узяў барабан, сказаў:
- Грайце, дзядзька Антон, польку.
Глядзеў, глядзеў на мяне потым, адразу - нечакана і бадзёра - сыпануў у двор, на вуліцу польку. Я патрос барабанам, бомы і медныя бляшкі зазвінелі, ударыў палачкай па шэра-жоўтай скуры, забарабаніў; дзед тупнуў нагой па зямлі, і я тупнуў, баба стаяла збоку і ўсміхалася, куры з пеўнем пабеглі за вугал хаты, Паэт стаў на заднія лапы, пярэднія паклаў мне на калені і глядзеў, што я раблю. У хаце насупраць парасчыняліся вокны, і з іх вытыркнуліся галовы, жаночыя і дзіцячыя.
Калі мы з дзядзькам прысталі, цётка Люба сказала.
- Толя?!
Дзядзька Антон ажно ўстаў, абапершыся на кульбу
- Толя?!
- Я. Пачуў вашу музыку “Широка страна”.
- Во-во, Толя. Толькі гэта і граю ды яшчэ гімн. А калі, бывала, зайграю польку, ці вальсы, ці якую песню нашую, і хай адно пачуе хто з міліцыі, дык прыйдзе і скажа: гражданін, вы парушаеце абшчэственны парадак. Магнітафонам, транзістарам - ім можна грымець на вуліцы дзень і ноч, а калі акардэон, гармонік - нельга, абшчэственны парадак... Ну, дык што, баба, кліч Толю. Кажу - Толю. Колькі табе ўжо?
- Сорак пяць.
- Та-ак. Ну, што ж. А мне і бабе па семдзесят. Ну, пайшлі ўхату... Але ведай, Толя: як адно адчую, што мне во-во пара туды. Ну, туды... выпаўзу на вуліцу ды гэтак урэжу “Лявоніху”, ох і ўрэжу!..
Я паказаў Паэту месца пад лаўкай, ля сумкі. Цётка Люба вынесла і кінула яму пад лаўку цёплую, з мясам, костку.
Мы з гадзіну пасядзелі ў хаце за сталом, пагаманілі, паўспаміналі. Дзядзька Антон наліваў у чаркі крэпкую, чыстую самагонку, цётка Люба даставала з цёплай печы дранікі. Я выпіў адну чарку-стограмоўку, з другой - крышачку, сказаў, што больш мне нельга. Старыя пажаліліся, што дзеці іхнія далёка, прыязджаюць рэдка, больш - на каляды, калі над печчу развешаны кілбасы, і ў хаце пахне свежыной.
Дзядзька Антон падпіў і весела, у каторы ўжо раз, расказвае мне, як некалі, пры паляках, ездзіў роварам - “рогі рулі - уперад, на Еўропу" - у Варшаву па акардэон, успамінаў - смяяўся, - як давалі яму па шыі.
- Скажы, Толя, а ці даюць цяпер за што-небудзь па шыі?
- Даюць, - кажу. - Я сам ні разу не атрымліваў, але чуў, што даюць.
- То яно, Толя, так і даўней усё было - паліцыя, міліцыя. А от як выганяюць з Савецкага Саюза дык даюць па шыі?
- Не, дзядзька Антон, не даюць.
- I пад сраку - не?
- Не ведаю.
Дзядзька Антон прыставіў далонь да рота, шэптам сказаў:
- Мне сын пакінуў транзістар, дык я калі паслухаю. Чуў, што даюць у нас у нейкіх бальніцах такія ўколы, што людзі ну, тыя, што пішуць ці кажуць супраць марксізму-камунізму... што гэтыя людзі ад тых уколаў дурнеюць.
Я азірнуўся па хаце, на вокны. I сам сабе падумаў: а ты чаго, Кухараў, азіраешся? Ты ж нічога такога яшчэ не сказаў тут, дык чаго азіраешся?
- Не ведаю, дзядзька Антон, не ведаю. Не быў ні ў міліцыі, ні ў бальніцы той.
- А чаму ж ты, Толя, такі граматны, і не быў?
Што было адказаць на гэтае шчырае пытанне старога чалавека? I я прамаўчаў, мне не было чаго сказаць. Хаця мяне й ганялі. Ды я й сам сябе ганяў.
- А Юра патрапіў да іх. Ты ж помніш Юру?
Я насцярожыўся. За дзвярыма ў сенцах заскуголіў Паэт. Баба Люба пусціла яго ў хату. Паэт згарнуўся на падлозе ў мяне пад нагамі.
- Помніш Юру? - паўтарыў дзядзька Антон.
- А што з ім? I дзе ён цяпер?
Мне было балюча пытацца пра Юру, але я павінен ведаць.
Дзядзька Антон наліў сабе на дно чаркі.
- Дзе-эд! - цётка Люба ад печы паківала яму пальцам.
Але дзед глытнуў, захрумсцеў маладым, з грады, гурком - зубы ў яго былі крэпкія, не тое, што ў мяне. Мае зубы даўно адбалелі, сталі ківацца, перашкаджаць есці, дык я пальцы ў рот, крутну зуб, дастаю і кідаю ў карабок ад запалак. Шкада мне сваіх зубоў, старэю, балюча выкідваць - усё ж такі колькі гадоў служылі. Старэю. А можа,і хобі - адзін збірае маркі паштовыя, іншы - значкі, а я... Той карабок з пяццю-шасцю зубамі і цяпер у мяне ў сумцы. Зубы счарнелыя, падгнілыя, але яны - мае, родныя.
Раптам дзядзька перастаў закусваць, насцярожыў вуха, прыслухаўся.