Выбрать главу

Стасюк (здзівіўшыся). Няма? Дык як-жаж людзі там жывуць?

Ганулька. За тое іншых пекных рэчаў там ёсьць шмат. Крамы там з вялікімі-вялікімі вокнамі, а за шыбамі розныя пекныя лежаць матэрыі... А людзі там ходзяць усе такія выэлегантаваныя, у бліскучых боціках, на галовах капялюшы дзіўныя, а паненкі, у калеровых едвабях ды атласах.

Стасюк. І дзеля гэтага кідаеш ты мяне?.. (бярэ з зямлі вянок). У гэтакім вяночку на галаве ты для мяне прыгажэйшая за найпрыгажэйшую паненку у капялюшы... (кладзе ей на галаву вянок). Чакай... надзену на галованьку тваю і будзеш выгледаць як каралеўна.

Ганулька. Стасючок мой міленькі!.. (цалуе яго).

Стасюк (абыймае яе). Так добра тут! Тут сонцо сьвеціць ясна, тутака птушкі так весела пяюць, а калі ты пры мне, здаецца, што вось-вось неба адчыніцца перэда мной, - так добра мне, так шчасьліў я!.. А ты цяпер пакінуць мяне хочаш так бяз жалю, назаўсёды!..

(пяе):

Так хораша, добра жылося У вёсцы нам родненьнай той, Шумелі у полі калосься, А мы йшлі, абняўшысь, мяжой. Цябе мо ужо не пабачу, Калі цяпер кінеш мяне, Ганулька, мей літасьць, я плачу, Бо надта люблю-ж я цябе... Ганулька (пяе): Нямашака рады на гэта, Калі так казалі бацькі; Бог дасьць на другое мо лета Пабачыш мяне ізноў ты. І мне баліць сэрцо так сама, Павер-жа, саколік ты мой, Што-ж зробіш, вось бацька і мама Казлі растацца с табой.

(гаворэ): Будзь супакойны, Стасюк! Я буду памятаць аб табе і буду заўсёды цябе любіць... Але трэба ўжо сьпешацца, у хаце чакаюць мяне. Бывай здароў! (цалуе яго). А вяночак я засушу і схаваю у куфэрку і, глянўушы на яго, буду ўспамінаць цябе.

Стасюк (с прозьбай у голасе). Памятай аба мне!

Ганулька. Буду, буду заўсёды памятаць! (падаюць сабе рукі і разам пяюць).

Клянусь табе на захад сонца, Клянусь табе шумам палёў, Любіць цябе буду да гробу, Сустрэчы чакаючы йзноў. Памятаць цябе я буду Заўсёды праз усё жыцьцё, Ніколі цябе не забуду, Ты яснае сонцо маё.

Ганулька (гаворэ). Ну бывай здароў... Бягу ужо! (скора выбегае).

ЗЬЯВА IV.

Стасюк (адзін).

Стасюк. Ганулька! Чакай! Яшчэ хвіліну!.. (паўза). Пайшла! Пайшла і можа ўжо ня вернецца! Ніколі.. можа ўжо ніколі... О, якое-ж гэта страшное слова! (сядае на камені). Ганулька! Як-жаж я цяпер жыць буду без цябе!.. (пачынае плакаць).

ЗЬЯВА V.

Стасюк, хлопцы і дзеўчаты.

За сцэнай чуваць пеянье хору, пасьля праходзяць праз сцэну, сьпеваючы, хлопцы і дзеўчаты с косамі і граблямі.

1-ая дзяўчына (да іншых). О! гляньце! Стасюк плача.

1-ы хлапец. Стасюк! Чаго зажурыўся?

2-і хлапец. Стасюк! пара жывёлу да хаты ігнаці!

2-ая дзяўчына (жартуючы). Стасюк! Авечку воўк панес! Ха-ха-ха!.. (Усе са сьмехам выходзяць і пяюць. Песьня памалу заціхае).

ЗЬЯВА VI.

Стасюк, Анелька.

Анелька (уходзіць, спагадліва). Стасюк! Даражэньні мой! Не плач! не плач!..

Стасюк (праз сьлёзы). Ідзі! Ідзі, Анелька, да хаты... Кінь мяне.

Анелька Стасюк! Я табе памагу сагнаць жывёлу с поля... Добра?

Стасюк Чаму ты такая... добрая для мяне Анелька?

Анелька. Бо я... бо я.. (пачынае плакаць).

Стасюк. Чаго-ж ты? Кажы.

Анелька (закрываючы вочы). Бо я... Калі я саромлюся сказаць...

Стасюк (глядзіць на яе зьдзівіушыся дый нічога не разумеючы).

Заслона.
АКТ II.

Дэкарацыя такая-ж самая, як у 1-м акце. Праз нейкі час на сцэне нікога нямашака. Чутно ігру на дудцы. Пасьля ўходзіць Стасюк з дудкай у руцэ.

Стасюк (адзін).

Стасюк (сэнтымэнтальна). Вось ужо год прайшоў, другое прыйшло летка!... Так сама сонейка сьвеціць на захадзі, як тагды... Вось тое самае мейсцо, дзе ў апоші разок бачыў яе, дзе вяночак с кветак сплёў... Вось год прайшоў, а яе як няма, так няма. Дзе яна? Што думае? Ці часта мяне ўспамінае?...

(пяе):

Да цябе ўздыхаю, За табой сумую. Калі-ж я пабачў Ганку дарагую! Зацьвітаюць кветкі, Так як і калісьці, а душэнька сумна, як дрэва бяз лісьці. Сонцо сьвеціць ясна, як калісь сьвеціла, - птушачкі пытаюць, дзе-жа твая міла? Птушачкі сьпіваюць, як калісь пеялі... Прадала дзяўчына сэрцо за каралі!..