Выбрать главу
Сучаснік мой юны! Пабачыўшы тло, Не думай, Што гэта імгненне Было Не нашым з табою, А толькі маім, Што я — пагарэлец, А ты — херувім. Не думай! Не думай!.. Таму што аднойчы — У будзень ці ў свята, Апоўдні ці ўночы — Ты ўспомніш пажар На сядзібе дзядоў I за даляглядам Пражытых гадоў Ягонае зарыва ўбачыш, Якое Табе гэтаксама Азорыць наўколле, I ў бляску тым яркім Сацьмее і зблякне...
А што ў ім сацьмее I што ў ім пагасне — Я гэтага ведаць Не буду, на шчасце.
1993

* * *

Не рві сабе сэрца, паэце!.. Пачуў я — ці гэта быў сон?.. Як многа змянілася ў свеце З тых бурна ўзвіхураных дзён.
Якія грамы адгрымелі! Якія дажджы адгулі!.. А зоры зіхцяць, як зіхцелі. А хмары нлывуць, як плылі.
Не рві сабе сэрца, паэце! Зноў голас трывожны, як звон. Нішто не змяшлася ў свеце З тых горка аплаканых дзён.
1993

Веснавое

Пара веснавая, I дождж веснавы — Спакойны, Высокі, Святлісты. Як багаславенне На ўсходы травы, На рунь I на лес першалісты.
Як быццам Не з хмаркі праліўся на дол, А з самага сёмага неба... Ах, выклік гарэзны Вясны маладой! Даўно так душа не п'янела!
Пасвенчаны водар Я п'ю на глыткі — I сам маладзею, здаецца. I хочацца верыць, Што з Божай рукі Мне гэтая радасць даецца.
1993

...ДУША МАЯ І Ў НЕБЕ БУДЗЕ ТРЫЗНІЦЬ БЕЛАРУССЮ...

Пытанне

Хаджу па чужыне, гляджу на людцоў, На іхняе з Богам вітанне — I зноў працінаюся болем, і зноў Душу мне свідруе пытанне:
Як доўга яшчэ будзе ў нас у вачах I ў кожным штрыху чалавечым — Наш, пройдзены намі, пакутлівы шлях, Наш сум па няспраўджаным нечым?
1990

* * *

Я не знаю, што ў нас будзе Ні праз месяц, ні праз год. Абясхрэсціліся людзі. Абязбожыўся народ.
Распадаецца грамадства. Скрэпы трэскаюцца скрозь. Згода-еднасць — толькі маска, Пад якой — нянавісць-злосць.
Праўда ходзіць белай зданню Па руінах дзён былых. Ці падымецца, ці ўстане Наша доля з грудаў тых?
Ці ў хлусні, зладзействе, блудзе Будуць весці ўсё на звод — Абясхрэшчаныя людзі, Абязбожаны народ?
1990

У родным горадзе

Хаджу па вуліцы Грамілы, Што цягам доўгіх страшных год Граміў і плюндрыў, колысі сілы, Усё, чым славен наш народ.