А ты, мой прашчур, творца мудры,
Чыя магіла дзесьці ў тундры,—
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
Хаджу па вуліцы Няздары,
Што меў і здольнасці, аднак:
Пакуль народ аб шчасці марыў —
Ён краў з казны і жыў усмак.
А ты, мой продак ясначолы,
Чый дар народу — незлічоны,—
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
Хаджу па плошчы Баязліўца,
Што меў за Бога вечны страх:
Каб толькі з крэсла не зваліцца
I не разбіць кар'еру ў прах.
А ты, мой продак, вой бясстрашны,
У Курапацкім доле спрахлы,—
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
1990
Грамадзяне, спяшайцеся!
Грамадзяне, спяшанцеся,—
Найспрыяльныя фактары маюцца,
Каб душу даражэй запрадаць,
Покуль цэны на рынку трымаюцца!
Каб рукі пагрэць залацей
На горы-няшчасці людзей.
Грамадзяне, спяшайцеся,
Не ўпусціце выдатнай магчымасці —
Каб гразёю абхляпаць таго,
Хто жыве па сумленні і шчырасці!
Каб нож садануць у спіну
Найблізкаму сябру свайму.
Грамадзяне, спяшайцеся,—
Шанцу лепшага можа не выпасці,
Каб з уласнае скуры сваёй,
Як лінючая гадзіна, выпаўзці!
Каб Тую, што кляўся любіць,
Ядавітаю слінай забіць.
1990
Апошнія
Яны выходзяць на праспект зялены —
Пры ордэнах і медалях нацёртых...
I кажа мне іх позірк заслязёны:
«Так, мы ідзем да нашых браццяў мёртвых.
Мы — з той вайны. Мы чэсна ваявалі.
Хай не героі, ды спазналі мукі.
За што ж вы нам у душы наплявалі —
Вы, нашы дзеці родныя і ўнукі?..»
1991
* * *
Дык як жа будзем жыць,
Мой мілы пане-браце?
Ці так, як набяжыць,
Ці — снадарамі ў хаце?
На імпартных мазгах
I завазной маралі,
Ці — з верай, што ў вяках
Для нае дзяды стваралі?
1991
Палемічнае
Васпан! Здаецца, вы, хоць і не храбра,
Праўдзе служылі ў былыя гады?
Што ж вы мяняеце Бога на д'ябла,
Не прадчуваючы ўласнай бяды?
Д'ябал на тое і д'ябал, што здольны
Думкі заблытаць і крылы звязаць.
Д'яблу паверыўшы, вернік не вольны
Шчырае слова народу сказаць.
Д'ябал падмовіць і вас адрачыся
Ад векавечных народных святынь,
Як адракліся ўжо тысячы тысяч,
Моўчкі змірыўшыся з лёсам пустым.
Што ж прымушае вас гэтак заядла
I безразважліва кідацца ў бой
Не за гаротніка-брата — за д'ябла
З хітрай ухмылкаю, з сытай губой?
Люду сумленнаму жыць на радзіме
Горай і горай. Народ — у бядзе!
Дзе ж вы шукаеце голас праўдзівы?
Брацкую вернасць шукаеце дзе?
Вы — за свабоду. Чыю і якую?
Тую, што здымуць нам з меркі чужой?
Знайце ж: зарана нячысцік святкуе
Верх-перамогу над нашай душой!
Знайце: жывучы народ наш і з пекла
Выйдзе і ўзвысіць свой полымны дух!
Ну, а паколькі душа ў вас аслепла —
Вашых у гэтым не будзе заслуг.
1991
Крумкач
Ізноў, як калісьці,
Мне каркае чорны крумкач:
Давеку не выйсці
Табе з гістарычных няўдач!
Куды ні паткнуся —
Усюды наб'ю сабе гуз:
Няма Беларусі!
Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся?
Свой лёс ты між двух выбірай:
Ці «ўсходнія крэсы»,
Ці «северо-западный край».
Дай дзякуй, сярмяжка,
Што знаеш сяўбу ды жніво.
Калі ж табе цяжка —
Пахліпай сабе ў рукаво!