Выбрать главу
На гэта ты здатны — На вечную скаргу і плач... Замоўкні, бяздарны! Не будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць не стану! Я прагай здзяйснення жыву. Найперш — у пашану — Табе я скручу галаву.
Каб гнюсна не каркаў, Каб тут, дзе Купала хадзіў, Рабоў-недавяркаў Агіднай хлуснёй не пладзіў.
Тут праўда і вера З нябыту ўваскрэснуць навек. I мэтай і мерай Тут будзе ва ўсім — Чалавек.
1991

Нехта ў чорным

Нехта ў чорным, дробнай косці, З Гебельса навелькі, Поўны шалу, поўны злосці, Нас трасе за пелькі.
I крычыць на ўсіх, няйначай Ён тут Бог галоўны. Калі справіцца з задачай — Крах наш будзе поўны.
1991

Ці ачнёмся?

Чужое, разбоннае, хамскае Гвалтуе, дратуе, таўчэ, А роднае, свойскае, наскае Бязмоўна ярмо валачэ.
Пачварнае, дзікае, жорсткае Крычыць, верашчыць і трашчыць, А добрае, людскае, боскае Замоўкла і цяжка маўчыць.
Бяздарнае, брыдкае, бруднае Сквярэцца, дзярэцца, хрыпіць, А чыстае, светлае, мудрае Няйначай заснула і спіць.
Дык, можа, ачнёмся, таварышы? Апомнімся, братцы-сябры? Ці будзем, аб вольнасці марачы, Канаць на бацькоўскім двары?
1991

* * *

Які ганебны пераход, Ад велічы і чыннасні — Да чорнай роспачы згрызот, Да нэндзы і нішчымнасці.
Хлусілі з пэўнасцю такой, Што ў рот глядзелі многія. Цяпер — з працягнутай рукой Стаім, як старцы ўбогія.
Жывём-жуём — куды ўжо горш! Любому рады донару, Як бы няма ў нас ні на грош Ні годнасці, ні гонару.
Куды ні глянь — разбой і гвалт, Разгул драпежнай хцівасці, Апораў людскасці абвал, Агонія цярплівасці.
Дык што ж мы, братцы, за народ? Што з намі ў свеце сталася? Калі пазбудземся нягод, Паўстанем з заняпаласці?
1991

Што ж цяпер?

Пра душу успомнілі, панове? Што вы хочаце з яе спытаць — Вамі ж, вамі, душ уладарамі, Безліч раз цынічна згвалтаванай, Збэшчанай, растурзанай, знявечанай, Змучанай, прыбітай, здратаванай, Між хлуснёй і праўдаю раздвоенай, А нарэшце і расчвартаванай На крыжы... О, так, на тым жа самым... Што ж цяпер вам трэба ад яе, Што нарэшце ўспомнілі, Панове?
1991

Чаго вы?

Чаго вы, браткі, і куды З'язджаеце з роднай зямелькі? Ці гоніць вас прывід бяды? Ці хлеб зарабляць для сямейкі?
Ці немарач мучае ў снах, Што прыйдзе дыктатар чарговы? Не прыйдзе! Дарэмны ваш страх. Куды ж вы, браткі, і чаго вы?..
1992

Пасланне патулякам

«Назад!» — шалеюць санавітыя. Назад! У чортаў калаўрот!.. А вы, наскрозь таленавітыя,— Чаму не чуе вас народ?
Дзе ваша слова палымянае? Чаму не б'еце вы ў званы? Мо не для нас ярмо зламанае Рыхтуюць зноў «апекуны»?
Вы што — не бачыце, як душыцца, Як гіне мова наша ўсцяж? Чаму ж не ўспыхне, не ўзварушыцца Ваш дух, ваш розум, гонар ваш?
Вы што там трэнькаеце ў зацішку? Якую цягнеце курну? Вам люба біць паклоны бацюшку, Што блаславіць нас у труну?
Не, вы — не музаў слугі вольныя, Чым суцяшаеце сябе, Вы — патулякі завугольныя. Вам толькі страх душу скрабе.
Ну, што ж, туляйцеся! Ды ведайце: Халуйскім зіркам з-за вугла Пагоні вольнай вы не згледзіце. За чым? За кіпцямі арла.