Выбрать главу
1992

Скажыце ім, хлопцы

Ужо і ў апошняй Амерыцы Прызналі: сцялежыўся воз. А гэтыя ўсё яшчэ мерацца Вадзіць нас, як дурняў, за нос.
Чаму так магло скасабочыцца? — Шукаюць прычыну яны. Фалыныўцам усё яшчэ хочацца Вярнуць нас у царства маны.
Не дзіва: так доўга дурманілі, Усцешна далоні тручы, I раптам — адстаўка іх маніі! На сметнік — ад раю ключы!
Скажыце ж ім, хлопцы, дый голасна, Што дурняў даўно ўжо няма. Хто волю здабыў сабе годнасна — Давеку не прыме ярма!
1992

Праклён

Вы — дзеці зямлі беларускай? Ну што вы! Хто ж веры вам дасць? У вашай душы заскарузлай Прыкметаў яе не відаць.
Не варта, панове, не варта Лічыцца вам дзецьмі яе. Жабрацкая ваша пагарда На гэта правоў не дае:
Пагарда да роднага слова, Да мовы, што з веку вякоў I верай і праўдай суровай Жывіла душу прабацькоў;
Пагарда да родных мелодый, Да песень, што з гэтай зямлі I гучнасць, і фарбы, і водар У кожную ноту ўзялі:
Пагарда да памяці продкаў, Да славы і гонару іх, Да іхніх мазольных наробкаў, Да іх курганоў векавых...
Не знаю, як дзе там на свеце, А ў нас тут праклён быў здаўна: Калі вы ёй гэткія дзеці — То хай вас не носіць яна!
1992

На зазімку

І.
Не бушуюць мітынгі. Не віруе плошча. Сцягі размаітыя Вецер не палошча.
Можа, з Божай міласці Адышла мітрэнга? Не. Байцы стаміліся. Перадышка трэба.
Мудрацы ў праплешынах, Тон узяўшы роўны, Грунт кладуць палепшаны Пад Закон Асноўны.
А героі нацыі У галодных чэргах. З фразы камбінацыі Твораць невычэрпна.
«Покуль край не выпетраў На свабодных дулях — Трон сюды са скіпетрам! Заступай, татуля!
Хоць сабе карычневы, Хоць сабе чырвоны,— Заганяй апрычнінай Зноў нас у загоны!..»
II.
Дзень імгліцца снежаньскі. Без душы мяцежнай Плошча Незалежнасці Чуецца залежнай.
Дзень празяб да дрыжыкаў. Сцюжна. Сівер зімны. У чаканні «пыжыкаў» Дрэмлюць лімузіны.
З правымі і з левымі Не знайшоўшы ладу, Інвалід разгневаны Выйшаў з Дома ўраду.
У кішэнях порацца — Пуста! Ні цыгаркі! Нават дыму з горычы Не глыне паўчаркі.
Лоб у шрамах хмурачы, Сціснуў кій у пальцах: Можа, дзе акурачак Знойдзем на асфальце?..
1992

О любыя мае...

О любыя мае Браты і сёстры! Часцей глядзіце З курганоў вячыстых На край свой родны, Што, як храм дзівосны, Ад вас чакае Споведзяў найчыстых. Хай дрогне сэрца I ад шчасця ўмлее — Так, што ажно сляза Засцеле вочы... Тады з вас, пэўна, Кожны зразумее, Чаму тут зброд Быў панаваць ахвочы.
1992

Свята

Сарваня вярыскам З вечнасці дрэва, Ляціць Вераснёвы лісток залаты — Як нам напамінак, Што ладзіцца трэба Да нашага слаўнага свята, Браты.
Калісьці Праклятаю Рыжскай умовай — Не ўмовай, а змовай — На ўгоду панам, На гора народу, Што рваўся з аковаў, Разрэзалі любы наш край Напалам.
Разрэзалі сэрца, Душу разарвалі, I мову і песню Забралі ў палон. I вусны замкнулі нам... Голас давалі Адно для зняверцаў — За рабскі паклон.