Мы ідзем і глядзім,
Пілігрымы Айчыны.
Морак нікне, як дым,
I сплывае ў лагчыны.
Шлях не ўходаў круты.
Не адолела стома.
Скора, скора, браты,
Мы пачуемся дома.
Скора, скора ўжо дзень,
Блісне сонечны промнік.
Каліноўскага сцень
Ператворыцца ў помнік.
1993
Замест рэцэнзіі на вершы Людмілы Рублеўскай
Ну, што, «дабрадзеі»? Вам вельмі
Крычыцца пра немач і ўбоства?
А вось вам — і ў вушы, і ў бельмы!
Вось наша і моц і прыгоства?
Вам мала, што некалі жыхаў
Тут Цёткі радок бліскавічны?
Што водарам волі тут дыхаў
Арсенневай голас крынічны?
Што Геніюш тут нас гукае,
Як маці на тле-папялішчы?
Што, кінуўшы сэрца на камень,
Тут к сонцу ўзляцела Янішчыц?..
Дык вось і яшчэ вам! Чытайце!
Лютуйце! Шалейце ад злосці!
А немачы ў нас — не чакайце:
Мы ў самым цвітучым узросце!..
1993
Вы не яе — вы сябе прыніжаеце
Вы, спадары, і паны, і таварышы
(Як вас... дакладна — даруйце, не знаю),
Недзе там вострыя варывы варачы
Не на спажыву бацькоўскаму краю,
Помніце ўсе: калі вы зневажаеце
I абражаеце мову народа,—
Вы не ЯЕ — вы сябе прыніжаеце,
Нізкая ваша з вас лезе парода.
Як немагчыма прынізіць абразаю
Маці-зямелюхну, неба і сонца —
Гэтак і мовы, што служыць украсаю
Роду людскога, не ўнізіць — ні слоўца!
Ну, а калі ад кухоннага посуду
Дух ваш папросіцца ў высь Перунову —
Лепшага век вы не знойдзеце спосабу,
Як акунуць сябе ў родную мову.
1993
Зварот
Таварыш! Рускі і ўкраінец,
Яўрэй, татарын і паляк!
Мы ўсе ў адной жывем краіне,
З нас кожны кожнаму — зямляк.
Я да цябе звяртаю слова:
Ты паглядзі на тых між нас,
Каму дзяржавы нашай мова —
Кусок руды, а не алмаз.
Ты бачыш, як яны злуюцца —
Стратэгі гібельных інтрыг?
I плодзяць стосы рэзалюцый,
I падымаюць лямант-крык.
Але чаго? Каб хто спытаўся!
Не па нутру ім, што народ
З уласнай мовай не расстаўся
I не аддаў яе на звод.
Лічылі ўжо, што задушылі
Яго правы, яго пратэст,
Што ўжо амаль і завяршылі
Абез'язычання працэс.
А мова — вось: жыве, жывая!
I набірае сілу-моц.
I нас — душу з душой — яднае,
Як берагі надзейны мост.
I не пагроза мовам іншым,
Што тут гучаць здавён-даўна...
I ўсё ж мой кліч, на жаль, не лішні,
I шлю яго я нездарма.
Таварыш! Хто б ні быў ты родам,
Якой ні быў бы ты крыві —
Ты лёс звязаў з маім народам,
Таму — як сын яго жыві!
1993
Здарэнне
У надзеі, што дагодзіць Цэнтру
I яго ў Сталіцу забяруць,
Ён рашыў пазбавіцца акцэнту,
Што дала ад роду Беларусь,
Ён стаяў падоўгу перад люстрам
I падкорчваў, падгінаў язык —
Каб ніводным гукам беларускім
Не праскочыў колішні мужык.
I ад злосці стрымліваўся ледзьве:
«Хіба я належу да няўмек?
Так і выпірае, так і лезе
Гэты грубы наскі дыялект!
Проста ганьба! Не магу народу
Даць узор культуры ў гамане!
I чаму, за што па радаводу
Гэткі нізкі род дастаўся мне?
У кагось дык продак — аргенцінец!
Ці ангелец той жа! Ці француз!
А ў мяне — бадай цябе дзяцінец! —
Ахламон тутэйшы, беларус!
Надзяліў гаворкай — злосць і прыкрасць.
Хоць не адкрывай на людзях рот!
Ды такой учэпістай — не выдраць!
Як на полі пырнік ці асот!
Так уелася ў нутро бязбожна,
Так пусціла ў фібры карані,—
Нават кроў змяняй — не дапаможа:
Выдасць — хто ты і з якой радні!..»