Дзядам
Дзяды! Ну што ж вы, нашы родныя,
Намер вітаеце злачынны —
Вы, мудрацы сівабародыя,
Айцы Айчыны?
Ці вы, пражыўшы век, не знаеце,
Як душыць душы накіп пошлы,
Як труціць сэрцы яд нянавісці?
Дзяды! Ну што ж вы?!.
Хоць з вас і вытравілі нелюдзі
Чуцця прыроднага нямала —
Вам не да твару біцца ў нераце
Самаабмана.
Вы шлях прайшлі, агнём пазначаны.
У вас на целе — куляў прошвы.
Адкуль жа стынь да мовы матчынай?
Дзяды! Ну што ж вы?!.
Як горка бачыць: адыходзячы
З жыцця навек — нібы з кватэры,
Вы мову гасіце, суродзічы
Дабра і веры!
Як бы святло, што ў час бясхлебіцы
Жывіла дух наш несвятошны,
Унукам заўтра не спатрэбіцца...
Дзяды!.. Ну што ж вы?!.
1993
На Балканах
Які ўжо месяц на Балканах
Шугае полымя вайны.
А хто байцы ў варожых станах?
Адзінай матухны сыны.
Гарыць зямля адвеку крэўных
I верных нам славян-братоў.
I не прыходзіць замірэнне.
I дзень-адодні льецца кроў.
Ужо і рознай масці зграі
Туды спяшаюцца здаля.
Што трэба ім у гордым краі?
Чым вінна гэта ім зямля?
Што трэба хіжым? Неўзабаве
Мы будзем ясны мець адказ:
Усё, што, клацнуўшы зубамі,
Запатрабуюць і ад нас.
А мы... ці нам заклала вушы?
Ці ў нас замазаны раты?
Маўчым, прадаўшы д'яблу душы...
Нікчэмцы мы, а не браты!
Братамі ж мы у сорак трэцім
Былі, калі — і тут, і там —
З нас кожны ведаў: лепш памерці,
Чым не падаць руку братам.
1993
Пакуль...
Пакуль з пагардаю ад нас
Не адвярнуўся дух Купалы —
Пільнуйма зніч, каб не пагас,
Каб быў запас агню трывалы,
Каб, душы вывеўшы з турмы,
Як пад прысягаю, сурова
На свет на ўвесь сказалі мы
Сваё не сказанае слова!
1993
I ўсё-такі дойдзем!..
За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем... I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!
Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але —
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.
А можа быць, яна — міраж,
I ўсе мы трызпім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..
1992