1992
* * *
...І я не чуў, як плача сэрца
Тваё... Цяпер кажу: ну, што ж —
Карай! Карай!.. Хоць, можа, усё ж
I не прапашчы я зняверца.
А ты... і ў чорным-чорнай скрусе
Адным трымціш, адным жывеш:
Каб толькі ўчуў-пачуў мой верш,
Як плача сэрца Беларусі.
1992
* * *
Калі пагасаць я пачну —
Не плач ты надрыўна:
Не будзе мне страшна ў труну,
А будзе мне крыўдна,
Што ў тайнах аблічча твайго
Шчасліва і ўдзячна
Ніхто не разгледзіць таго,
Што мне было бачна.
1992
* * *
Заложнік вечны мары ілюзорнай,
Я асаджаўся на зямлю не раз —
Каб вызваліцца мог ад звабы зорнай
I за ратунак не прымаў міраж,
Каб сам сказаў: «Бывай, дзівачка-мара!
Людзей і Бога болын я не смяшу!..»
А я... малюся ёй, каб уздымала
Яшчэ вышэй, вышэй маю душу.
1992
Над Лескавіцкім возерам
Над Лескавіцкім возерам
Спакой і цішыня.
На вецці вербалозавым
Павісла стома дня.
Вячэрняя сутонніца
Нячутна мроі тчэ.
А вусны не натомяцца —
Яшчэ, яшчэ, яшчэ!
Вялікая Мядзведзіца
Заснула на вадзе.
А вочы не нагледзяцца —
Іх стома не звядзе.
Пад іх шчаслівым позіркам
Устане, як дымок,
Над Лескавіцкім возерам
Світальны туманок.
Пасля і промень выблісне —
Азорыць зырка плёс.
I плёс, і мой не выснены,
Мой неспадманны лёс...
Той першы промень сонечны
Душу навек працяў.
Мой снежны ранак сённяшні —
Не памяць, а працяг.
Адкуль жа боль запознены,
Што не стрымаў зару?..
На Лескавіцкім возеры
Аднойчы я памру.
1993
НАД БЯЗДОННЕМ ІДУ...
* * *
Каменні ляцяць на дарогу.
Аднойчы якісь не міне.
Каму я паплачуся? Богу?
Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду
Кладуць і кладуць на чало.
Каму я паскарджуся? Д'яблу?
Яшчэ не хапала чаго!
Ёсць добрыя людзі — я ім бы
Паплакаўся трохі, але ж —
У іх над галовамі німбы
Уласных пакут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай
Цяжар свой на іх ускладаць.
Дык што ж застаецца, Радзіма?
Ты можаш параду мне даць?
I чую я голас, падобны
На голас матулі маёй:
«Будзь дужы, будзь мужны і добры.
Не бойся натхнёных хлуснёй.
Адрынь іх суды-перасуды.
I чорнай не вер варажбе.
Хай свеціць заўсёды і ўсюды
Маё блаславенне табе!»
1985
Над бяздоннем
Над бяздоннем іду —
Па вузенечкай кромцы ля стромы...
Што, прайшоўшы, знайду?
Чым пакліканы ў шлях незнаёмы?
Над бяздоннем іду...
Там, унізе, раскацісты рогат —
Д'яблы мелюць ваду
На страшэнных каменных парогах.
Над бяздоннем іду.
Там патокі. Там пара клубіцца.
Хоць гукні грамаду —
Галава пачынае кружыцца.
Над бяздоннем іду.
Здрадны страх зацінае дыханне.
Крок яшчэ — і ўпаду...
Іншы хтосьці уславіць каханне.
1990
* * *
Не падбівай. Не падбухторвай.
Дарма шчыруеш. Я не з тых,
Што краю роднаму над прорвай
Самазабойча б'юць пад дых.
Табе — павек не будзе веры.
Не спадзявайся. Не чакай.
Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — бацькоўскі край.