II.
Не прадаваў цябе я, Брат-Пакутнік,
І ў той гурме, што ўсё крычыць яшчэ,
Не йшоў караць цябе, і твой заступнік
Мне вуха правага не адсячэ.
У іншым краі ў іншую эпоху —
За і ншую «віну» — а ўсё ж і я,
Замест Варавы, на гару Галгофу
Іду!.. О Брат! О Беларусь мая!..
1992
* * *
Хоць лёс неспагадны бязлітасна крыўдзіў,
I скрушна бывала, і горка,—
Я верыў: прагляне, паўстане, узыдзе
Мая запаветная зорка!
I вось яна ўспыхнула сымбалем краю —
Найяркая ў гронцы суквецця!..
Чаго ж я ад страху цяпер паміраю?
А што — калі знічкай сарвецца?!.
1992
Сон
Вечар. I дом у экранах акон.
Хто там — не знаю — жыве.
Міма праходжу. А мне наўздагон:
«Ніл! Цябе маці заве!..»
Мама? I кліча мяне ў гэты дом?
Як гэта мама... калі
Мамы няма? Ужо колькі гадоў
Спіць вечным сном у зямлі...
Я павярнуўся: высока акно —
Насцеж, а ў ім — сілуэт.
Божа! Таксама нябожчык даўно —
Мамін вясковы сусед.
Ён гэта крыкнуў... О голас бяды!
Толькі не веру я, не:
Мама, хоць дрэнны я сын быў, туды
Клікаць не можа мяне.
Ведае родная, ведае: тут,
Тут я патрэбен яшчэ!..
Ну, а туды я паспею на суд.
Хто ж бо ад Бога ўцячэ?..
1992
Папрок
Нашто ты, цёзка мой*, па ім хадзіў —
Па гэтым месяцы, такім блішчастым?
Свет закаханых стаўся больш няшчасным
Пасля таго, як ты там наслядзіў.
Хай велічаюць, славяць подзвіг твой —
Тут не набытак для цябе, а страта,
Бо гэта горш за славу Герастрата —
Недасягальнае піхнуць нагой.
Ён вечна быў патрэбен для дваіх —
Як поўная спрыяння таямніца,
Як знак таго, што Божая дзясніца
Багаслаўляе на шчаслівы міг.
А што ж цяпер?
Ты сплюндрыў вешчы знак.
I ўжо яму чагосьці не хапае —
Таго, што дзве душы ў адну злучае...
Куды ж далей вядзе пазнання смак?
1992
* Ніл Армстронг
Стрэмка
Калі пералескам, між сосен,
Блукаў на змярканні паэт
I слухаў вясны сугалоссе,
I слухаў бясконцы сусвет,—
Знянацку, гняўліва, сурова,
Наўперак суладдзю ўсяму,
З нябёсаў данеслася слова
I ўдарыла ў сэрца яму.
Кальнула, як вострая стрэмка.
Каб хто тады глянуў у твар —
Напэўна, пазнаў бы па зрэнках,
Балючы які быў удар!..
Дадому ён сунуўся ценем,
А ноччу — не сплюшчыў павек.
Страшное было прасвятленне.
Бязлітасны лёсу быў здзек.
З той даты, каб справіцца з болем,
Ён варыць штовечар шалфей.
А горычы — болей і болей.
А стрэмка — глыбей і глыбей.
Час вылечыць быў бы павінен.
А вось жа бяссільны і ён.
Не выме той стрзмкі, не выме.
Не здыме той Божы праклён.
1992
Сёе-тое пра вершы
А вершы свае спалі...
З прыватнай размовы
Так, так, шаноўны, вершы — гэта дробязь,
I хоць для іх патрэбен Божы дар —
Сярод тавараў гэта не тавар,
Багатыром цябе яны не зробяць.
Таму — за непатрэбай — ты іх знішчы:
Збяры ўсе разам і спалі ў агні...»
Ды я ўжо так рабіў, але ж яны
Яшчэ мацней растуць на папялішчы!..
1992
Скора, скора
Каму вас, песні?..
Скора, скора я, выкляўшы касту,
Што загнала народ у бяду,
Набяру сваіх песень у кайстру
I з кавенькай па краі пайду.