Я іх пеў і бадзёра і сумна,
На людзях і ў самотнай глушы.
Можа, часам не вельмі і ўдумна,
Ды заўсёды — ад шчырай душы.
Дзесь на плошчы, наўпроць рэстарана,
Выму з торбы іх, раб хараства,
Дый звярнуся да тлустага пана.
«Можа, купіце — з ласкі Хрыста?»
I пазнаю яго, і з агіды
Скалануся і сплюну да ног:
Гэта ж той графаман прагавіты,
Што нядаўна ад зайздрасці дох...
Пераксціўшыся, сцісну кавеньку
Дый падамся паціху далей.
I ні стогну, ні плачу, ні енку
Крыўда-роспач не вырве з грудзей.
Пра адно буду думаць са страхам,
Каб не ўбачыла тая, крый Бог,
Што сказала мне колісь: «Ты графам
Будзеш жыць без бяды і турбот».
1992
Вар'ят
Варят ідзе праз людны пляц.
Спадобіў Бог вар'ята.
Глыбока ў сэрцы — скарга-плач,
А на абліччы — свята.
Глыбока ў сэрцы — золь імжы,
Гнятліва, непагодна.
А выгляд — быццам на душы
I лёгка, і свабодна.
У зрэнках многіх — злосць і страх,
Зайздрослівае штосьці,
Ну, а ў ягоных у вачах —
Ні зайздрасці, ні злосці.
Знаёмца-злыдня напаткаў
На ўскрайку тратуара —
Як дружбаку, руку надаў,
Сказаў: «Здароў, пачвара!»
I — на чырвоны светлафор,
Праз гулкую палосу,
Праз сто гудкоў — наперакор
Усім прысудам лёсу.
Яшчэ й смяецца, херувім!..
Гэй, фурманы ў калясках!
Прытармазіце перад ім,
Не збіце, калі ласка!
Не дайце здарыцца бядзе!..
Бо як яго не стане —
Хто ж тую песню вам складзе,
Што дна душы дастане?
1992
Крэда
Над формай трэба мець уладу.
Таму й гляджу, каб быў мой верш,
Як хата, зрубленая «ў лапу»,
Дзе — ні вянца не разарвеш!
1992
Экспромт
З бубкі-бубачкі не вырастае песня,
Што ўздымае дух да паднябесся,
Вырастае — толькі і няйначай —
З кроплі-кропелькі крыві гарачай.
1992
Збітыя рыфмы
Цяжка, ды мушу: падамся ў дарогу!
Збітыя рыфмы паклічу ў падмогу.
Збітыя рыфмы? Ну гэтак жа: «Збітыя!» —
Моршчацца крытыкі, людзі сярдзітыя.
Збітыя — нібы набойкі жалезныя
Ці ў пілігрыма кавенька з алешыны.
Збітыя рыфмы? I хто гэта выдумаў?
Пэўна, хто слову не рад самавітаму.
Рыфмы збываюцца ці не збываюцца,
Ззяюць ці гаснуць, але — не збіваюцца.
Так, як і «рыфма» зязюлі адвечная,
Так, як і сэрца ў грудзях чалавечае:
Б'ецца і б'ецца, але не збіваецца,
А — ці спыняецца, ці — разрываецца.
1992
Санет
Паэт — крыху вар'ят. Абавязкова!
Без гэтага паэзіі няма.
I не бярыся за пяро дарма,
Калі не здольны ашалець ад слова —
Ад раптам знойдзенага ў нетрах-сховах
Або ад вызваленага з ярма
Руцінных штампаў, без таўра-кляйма,—
Бы толькі што радзілася нанова.
Калі не чуеш ты яго такім —
Як полымя на ветры — трапяткім,
Бунтоўным, як віно, што дно ўзрывае,
Або гаючым, як вада жывая,—
Тады пакінь паэзію, пакінь.
Бог ад цябе твой дар яшчэ хавае.
1992
Кляновы лісток
Вястун неспадзеўны — кляновы лісток
Ляжыць на далоні:
Ці позва на суд ці на шчасце квіток,
Мне Богам дароны?
Пра шчасце, як грэшніку ў пекле пра цуд,
Мне марыць запозна.
Напэўна, на страшны і праведны суд
Ад Бога мне позва.