Чаму ж бо, паведай, лісток-варажбіт,
Мне сэрца так цісне?
Чаму мае думы на ўвесь краявід,
Як хмары, навіслі?
Што тонкія жылкі-пражылкі твае
Вяшчаюць-варожаць?
Ці ласку, якая душу мне спаўе,
Ці стынь і варожасць?
Скажы ж, не таіся, калі сапраўды
Ты Божы пасланнік.
Чыесьці дарогі... Чыесьці сляды...
Чыесьці расстанні...
Гляджу-углядаюся ў рыскі-штрыхі,
Бы ў лёсу пісьмёны:
Чыесьці надзеі... Чыесьці грахі...
Чыесьці імёны...
Чыесьці тут лёсы, чыесьці... А дзе ж
Майго накановы?
Ці мне, на астатку, не ведаць іх лепш,
Лісточак кляновы?
1992
Уражанне
Уражанне: бытта ў глыбокай пячоры мы ўсе,
Ступаем і мацаем сцежку нагой з непрывычкі,
А хтосьці наперадзе полымца свечкі нясе,
Рукой затуліўшы яго язычок невялічкі;
Мы ўсе за ім сочым, і кожны кішэні трасе —
I жах абымае: ні ў кога ніводнай сярнічкі!..
1993
Добрыя людзі
Добрыя людзі,
Ну будзьце ж вы добрымі!
Хіба не бачыце:
Я — па-за вамі.
Марна вы, марна.
Турботамі дробнымі
Сцежкі да сэрца майго
Пазаймалі.
Я — па-за вамі.
Не злуйцеся, любыя.
Гэта мінецца.
Я дзесьці — часова.
Потым вярнуся.
Жывы. Незагублены.
Потым... Як вернецца
Роднае слова.
1993
Дзённік
Першага студзеня.
Сэрца натруджана
Так, што здаецца:
Сціхла, не б'ецца.
Трэцяга лютага.
Некалі любага,
Мілага ў Бога —
Гоняць з парога.
Пятага траўня.
Значыць — бяспраўна?
Значыць — бяздомна?
Значыць — бяздольна?
Шостага чэрвеня.
Боскае счэрнена.
Хіба што ў песні
Светла ўваскрэсне?
Сёмага ліпеня.
Слёзнымі ўсхліпамі
Памяць скуголіць,
Просіць і моліць.
Восьмага жніўня.
Больш, чым наіўна...
Горш, чым бяздумна...
Горка і сумна!
Восьмага верасня.
Той, хто зняверыўся —
Іншым не прыклад...
Горка і прыкра!
Першага снежня.
Горка і смешна —
Марыць аб нечым
Светлым і вечным.
1993
Старадаўні сюжэт
Чэсны рыцар, не збэшчаны вольніцай,
Пакахаў — і паверыў у лёс.
I на Панну Прыгожую моліцца,
I на дол не спускае з нябёс.
Ён не знае, што Панна Прыгожая
Любіць балі адно баляваць,
Бестурботна, як птушачка Божая,
Пырхаць, пець ды зярняткі кляваць.
Ён не знае, што ў хвілю нязвыклую,
Як пасыпаць не будзе чаго,
Гэта Божая птушачка выклюе
Закаханыя вочы яго.
1993
Каго шкада
Мае грахі, усе да аднаго,
Па вышняму прысуду —
Мае навек. Я іх ні на каго
Перакладаць не буду.
Вось ля варот
Багі ляжаць наўзбоч,
Нізрынутыя з высяў.
Ці я свядома
Шанаваў іх моц —
Ці проста з імі звыкся?
Не ведаю...
Гляджу на іх, аднак,
Як на пакут астачу...
Мне кажуць:
«Плюнь і разатры, дзівак!..»
Я ж адыдуся й плачу.
Не, не шкада мне
Зрынутых у пыл.
Шкада сябе самога.
Сябе. Каго, хоць і не быў сляпы,
Тут мелі за сляпога.
А больш —
Па дзетках плачу я ў журбе,
Што, сапраўды аслепшы,
За Бога д'ябла выбралі сабе,
Як быццам д'ябал — лепшы.
1993
Кажаш: годзе, годзе...
Кажаш: годзе, годзе ў вершах публіцьістыкі.
Годзе кіпнем палемічным поўніць словы.
Хай там ладзяць баль газетныя нячысцікі,
А ў паэтаў — час адхлання вечаровы.