Выбрать главу
Час памарыць, адпачыць, пільней прыгледзецца Да зіхоткіх, вечных зор над галавою. Мо з каўша свайго Вялікая Мядзведзіца На душу ліне касмічнага спакою,—
I адыдуць, адпадуць усе надзённыя I трывогі, і турботы, і згрызоты... Ах, мой братка! Хоць паэты — людзі цёмныя I далёка не глядзяць за гарызонты,—
А не могуць во сядзець маўкліва-стоена, Так, як мыш пад памялом, што і не шасне... Ты даруй ім: гэта ў іх ад продкаў-воінаў Кроў такая — не мышыная, на шчасце.
1991

Пра песню і суддзяў

І тады, калі яна кульгала I ўздымалася на паўкрыла,— Песня мне не жыць дапамагала, А самім маім жыццём была.
З ёй не кідаўся я на спакусу I ў заклад яе не аддаваў. Сам сабой, без гвалту і прымусу, Выбіраў матыў і ноту браў.
Не з дыктоўкі нечай, выбачайце. Толькі сам! Як знаў і як умеў. А таму — судзіце і карайце Не за спеў: ён шчыры быў, мой спеў.
А за што?.. Калі беспакарана, Без суда не можа жыць паэт — Дык, відаць, за тое, што зарана Я прыйшоў на гэты белы свет.
Затрымаўся б так гадкоў на сорак — Быў бы сёння мудры, як і ўсе, I як той бязгрэшны пракурорык, Што мяне за лацканы трасе.
1993

Наша доля

Нішто вас ужо не стрымае. Вы зробіце гібельны крок. Гісторыі мудрай урок Улады над вамі не мае. Нішто вас ужо не ўратуе. Не будзе спагады нябёс Таму, хто адрынуў свой лёс I сам сваё шчасце руйнуе...»
Так Ён нам прамовіў, ды ў гуле, Як рэха, пустых галасоў, Заложнікі іншых часоў, Мы слова Яго не пачулі. I рушылі ўдаль па абшары. А ўперадзе ў клешчах ярма — О, так, наша доля сама! — З усмешкай дурнічкі на твары.
1993

Уваскрэсне!

«З Богам!» — Крыкнуў я ў роспачы мары сваёй. «З Богам! Больш у цябе я не веру!» I пачуў: «Не спяшайся! I дух супакой. Гарачыцца не трэба праз меру.
Пацярпі! Сёння Пятніца. Сёння якраз Божы Сын быў распяты балесна. А Вялікдзень святы — Ён наперадзе ў нас... I распяты наш лёс — уваскрэсне!»
«Уваскрэсне!» — Шаптаў мне ціхусенька хтось: Можа, лес? Можа, луг? Можа, поле? «Уваскрэсне I ўзыдзе на ўзвыш, як Хрыстос — У такім жа, як ён, арэоле!..»
1993

Просьба

Вы, сябры, што, дасць Бог, не спазнаеце Тых пакутаў, якія нам выпалі, Вы памінкі па нас спраўляеце — Па жывых... I многа ўжо выпілі. Нашы косці цягаеце рэзгінамі — З трагічнымі ў кожнай памылкамі... Сябры! Пачынайце хрэсьбінамі! Не пачынайце паміпкамі!..
1993

Памяць

А памяць бунтуе. Напэўна, нішто мне Яе не ўлагодзіць: Як мора — бушуе, I дыбіцца ў шторме, I ходырам ходзіць.
Бясконцыя хвалі Нястрымана гоніць У накіпах белых. I ў тым парыванні Са дна і з прадонніц Выносіць на бераг
Не скарб для скарбонкі — Бурштыны ці перлы — У знак суцяшэння, А толькі абломкі Калісь пацярпелых Караблекрушэнняў.
1993

Загадка прыроды

О тая ўночы бліскавіца Над жоўтым зарывам святла!.. Чаму, чаму яна спавіта Істужкай чорнаю была?..
1993

Імгненне

Імгненне... Аднак жа — якое імгненне! Як вогненны выбух У розгар пажару, Калі ўжо ахоплена Полымем хата, I кроквы, і латы, I бэлькі са столлю — Бяссільна і ярасна Рухнулі долу,— Ажно завіхурылі Іскры да неба! Шукаю ратунку — I чую: «Не трэба Жахацца, не трэба I плачу-ныцця. Не кідайся ў роспач. Хіба дагарае Табе дарагая Калыска жыцця? Тушыць? А навошта Тушыць галавешкі? Не варта — ні працы, Ні горкай усмешкі...» Імгненне... Імгненне ўсяго — I не болей. А як жа яно Азарыла наўколле! У бляску ягоным Так сталі відны Усе мае годы. Усе мае дні. Уся мая — Аж да маленства — Дарога. Да гэнай хаціны Вясковай, убогай, Дзе я нарадзіўся (Для шчасця, вядома! Бо хто ж для пакутаў Прыходзіць на свет?). I сталі відны Мне астатнія дні — Чарнейшыя За чарнату галавешак. Прагорклыя гарам — Такім ужо едкім, Як быццам згарэла I тая хаціна, Дзе я нарадзіўся, I шчасце само...