Выбрать главу

Рыўер затойваў глыбокае шкадаванне.

— Мадам…

Маладая жанчына пакідала кабінет, выходзіла з амаль прыніжанай усмешкай — не здагадваючыся пра сваю ўласную сілу.

Рыўер цяжка апусціўся ў крэсла.

«Але яна дапамагае мне выявіць тое, што я шукаў…»

Безуважна паляпваў ён па стосе тэлеграм з паведамленнямі пра надвор'е над паўночнымі аэрадромамі і думаў:

«Мы патрабуем бяссмерця; але нам невыносна бачыць, як учынкі і рэчы раптоўна трацяць свой сэнс. Тады выяўляецца пустэча, якая атачае нас…»

Яго погляд упаў на тэлеграму.

«Вось такімі шляхамі і праточваецца да нас смерць: праз гэтыя данясенні, якія страцілі цяпер усялякі сэнс…»

Ён паглядзеў на Рабіно. Гэты недалёкі і бескарысны цяпер дзяцюк таксама страціў усялякі сэнс. Рыўер кінуў яму амаль груба:

— Вам што, я асабіста павінен знайсці занятак?

Рыўер штурхнуў дзверы, якія вялі ў пакой сакратароў, і знікненне Фаб'ена стала яму відавочным, уразіла яго: ён убачыў тыя адметы, якіх не здолела заўважыць мадам Фаб'ен. На насценнай дыяграме, у графе абсталявання, якое падлягае спісанню, ужо значылася картачка РБ-903 — Фаб'енавага самалёта.

Службоўцы, якія рыхтавалі паперы для эўрапейскага паштовага, ведаючы, што вылет затрымліваецца, працавалі без асаблівага імпэту. Званілі з пасадачнай пляцоўкі — патрабавалі інструкцый для каманд, чыё дзяжурства зрабілася цяпер бязмэтнае. Усе жыццёвыя функцыі былі як замарожаныя. «Вось яна, смерць!» — падумаў Рыўер. Справа ягонага жыцця лягла ў дрэйф, быццам паруснік, спасцігнуіты штылем у вольным моры…

XX

Камадора-Рывадавія больш нічога не чуе, але праз дваццаць хвілін Байя-Бланка, размешчаная ад Камадора за тысячу кіламетраў, ловіць пасланне:

«Спускаемся. Уваходзім у хмары…»

Потым — два словы з цьмянага тэксту даходзяць да радыёстанцыі Трылью:

«…нічога не відно…»

Такія ўжо яны, кароткія хвалі. Там іх зловіш, тут нічога не чутна. Потым знячэўку ўсё мяняецца без усялякай прычыны. І экіпаж, які ляціць невядома дзе, узнікае перад жывымі так, быццам ён існуе па-за прасторай і часам, і словы, якія праступаюць на белых лістках ля апаратаў радыёстанцыі, напісаны ўжо рукой прывідаў.

Скончыўся бензін? Ці перад немінучай аварыяй пілот вырашыў зрабіць апошнюю стаўку: сесці на зямлю, не разбіўшыся аб яе?

Голас Буэнас-Айрэса загадвае Трылью:

«Запытайцеся ў яго пра гэта».

Апаратная радыёстанцыі нагадвае лабараторыю: нікель, медзь, манометры, сетка правадоў. Дзяжурныя радысты ў белых халатах маўкліва схіліліся над сталамі, і здаецца, што яны праводзяць нейкі дослед.

Чуйнымі пальцамі дакранаюцца радысты да прыбораў: яны вядуць разведку магнітнага неба, быццам намацваюць чароўнай палачкай залатую жылу.

— Не адказвае?

— Не адказвае.

Магчыма, ім удасца пачуць гук, які стаў бы прыкметай жыцця. Калі самалёт і яго бартавыя агні зноў паднімуцца да зор, магчыма, удасца пачуць, як спявае гэтая зорка… Цякуць секунды. Яны цякуць, як кроў. Ці яшчэ працягваецца палёт? Кожная секунда незваротна забірае з сабою нейкі драбок надзеі. І пачынае здавацца, што час, які зыходзіць, — знішчальная сіла. Час траціць дваццаць стагоддзяў на тое, каб пратачыць сабе шлях праз граніт і абярнуць храм у кучу друзу; цяпер гэтыя вякі руйнавання ўмясціліся ў секунды, і кожная секунда пагражае стаць апошняй для экіпажа.

Кожная секунда нешта незваротна забірае з сабой. Забірае Фаб'енаў голас, Фаб'енаў смех, яго ўсмешку. Усё пашыраецца ўлада маўчання. Яно наліваецца цяжарам, навальваецца на экіпаж, як тоўшча акіяна.

Нехта кажа:

— Гадзіна сорак. Бензін увесь. Не можа быць, каб яны яшчэ ляцелі.

Запаноўвае цішыня.

На вуснах нейкі горкі, непрыемны прысмак, як у канцы доўгай дарогі. Адбылося нешта невядомае, нешта такое, што выклікае цьмянае пачуццё агіды. Сярод усіх гэтых нікеляваных дэталяў, сярод гэтых медных артэрый адчуваецца той жа смутак, які пануе над зруйнаванымі заводамі. Абсталяванне выглядае цяжкім, бескарысным, непатрэбным: нагрувашчванне мёртвага галля.