Застаецца чакаць дня.
Праз некалькі гадзін Аргенціна ўсплыве з прадоння насустрач дню, і людзі застаюцца на сваіх месцах, як на пясчаным беразе, назіраючы, як паволі выступае з вады невад. І што ў ім — невядома…
Рыўер у сваім кабінеце адчувае тую горкую спустошанасць, якую спазнаеш толькі ў час вялікіх бедстваў, калі лёс вызваляе чалавека ад неабходнасці прымаць нейкае рашэнне. Ён падняў на ногі ўсю паліцыю. Болей ён нічога не можа зрабіць. Толькі чакаць.
Але парадак павінен панаваць у доме нябожчыка. Рыўер робіць знак Рабіно:
— Дайце тэлеграму паўночным аэрадромам: «Прадбачыцца сур'ёзнае спазненне патагонскага паштовага. Каб занадта не затрымліваць паштовы на Эўропу, патагонскую пошту адправім з наступным эўрапейскім».
Злёгку горбячыся, Рыўер схіляецца над сталом. Потым з намаганнем прымушае сябе ўспомніць нешта важнае… Ага, вось што. І, каб не забыцца, аклікае:
— Рабіно.
— Слухаю, месье Рыўер.
— Падрыхтуйце праект загада. Пілотам забараняецца перавышаць тысячу дзевяцьсот абаротаў: яны калечаць мне маторы.
— Добра, месье Рыўер.
Рыўер горбіцца яшчэ мацней. Найлепей бы цяпер пабыць аднаму.
— Ідзіце, Рабіно. Ідзіце, дружа…
Інспектара Рабіно жахае такая раўнадушнасць.
XXI
…Рыўер маўчаў і, угнуўшы галаву, глядзеў на свае рукі. І Рабіно, стоячы перад ім, не смеў загаварыць. Леў, нават павержаны, бянтэжыў яго. Інспектар падшукваў высокія словы, якія найлепей здолелі б выказаць ягоную шчыравернасць, але кожны раз, падымаючы вочы, ён бачыў перад сабой схіленую галаву, сівыя валасы, горка — о, як горка! — сціснутыя вусны. Нарэшце ён адважыўся:
— Месье дырэктар…
Рыўер падняў галаву і паглядзеў на яго. Ён ачнуўся з такой глыбокай задумы, вярнуўся з такой далечы, што, відаць, нават не заўважыў прысутнасці Рабіно. І нікому ніколі не дазнацца, пра што ён думаў, што адчуваў, якая журба апанавала яго сэрца… Рыўер глядзеў на Рабіно доўгім позіркам, нібы на жывога сведку нейкіх падзей. Рабіно зніякавеў. І чым даўжэй глядзеў на яго Рыўер, тым выразней праяўлялася на яго вуснах няўцямная для Рабіно іронія. Чым даўжэй глядзеў на яго Рыўер, тым мацней чырванеў Рабіно. Рыўеру ўсё болей здавалася, што Рабіно з яго кранальнай добрай воляй, але, на жаль, з неабдуманымі намерамі прыйшоў сюды жывым сведчаннем чалавечага глупства.
Сумненне апанавала Рабіно. Сяржант, генерал, кулі — усё было недарэчнасць. Ён не разумеў, што адбываецца. Рыўер не адводзіў ад яго вачэй. І Рабіно мімаволі нават зыначыў позу, выцягнуў руку з левай кішэні. Рыўер не адводзіў ад яго вачэй. Тады, у неймаверным замяшанні, сам не ведаючы чаму, Рабіно вымавіў:
— Я прыйшоў па распараджэнні.
Рыўер дастаў гадзіннік і проста сказаў:
— Дзве гадзіны. Паштовы з Асунсьёна прызямліцца ў дзве дзесяць. Загадайце даць адпраўленне эўрапейскаму паштоваму ў дзве пятнаццаць.
І Рабіно разнёс па канторы ўразлівую вестку: начныя палёты не адменены. Ён звярнуўся да загадчыка бюро:
— Прынясіце мне тую папку, я праверу яе.
Калі загадчык бюро падышоў да яго, Рабіно сказаў:
— Чакайце.
І загадчык бюро чакаў.
XXII
Паштовы з Асунсьёна даў сігнал: «Іду на пасадку».
Нават у самыя горкія хвіліны гэтай ночы Рыўер не пераставаў сачыць па тэлеграмах за паспяховым лётам асунсьёнскага самалёта. Гэта было для Рыўера як бы рэваншам за паражэнне, доказам ягонай слушнасці. Тэлеграмы пра гэты шчаслівы палёт былі вестунамі тысячаў іншых наступных палётаў. «Не штоночы ж лютуюць цыклоны», — думаў Рыўер. І яшчэ: «Шлях пракладзены — зварочваць нельга».
Спускаючыся з Парагвая па прыступках аэрадромаў, быццам выходзячы з дзівоснага саду, багатага кветкамі, нізкімі дамкамі і павольнымі рэчкамі, самалёт слізгаў па-за межамі цыклону, і хмары не знішчылі на ягоным шляху ніводнай зоркі. Дзевяць пасажыраў, захутаныя ў дарожныя капы, прыціскаліся лбамі да акенцаў, быццам да вітрын з каштоўнасцямі: маленькія аргенцінскія гарадкі перабіралі ўжо ў змроку свае залатыя ружанцы ў пяшчотным бляску золата гарадоў. Уперадзе пілот падтрымліваў сваімі рукамі каштоўны груз чалавечых жыццяў, і ў яго вялікіх, шырока расплюшчаных вачах казапаса люстравалася поўня. Буэнас-Айрэс ужо заліваў далягляд ружовым заравам, гатовы заззяць усімі сваімі камянямі, як той казачны скарб. Пальцы радыста выстуквалі апошнія тэлеграмы — быццам пасылалі фінальныя гукі вялікай санаты, якую ён весела адбарабаніў у небе, мелодыя якой так цешыла Рыўера; потым радыст прыняў антэну, злёгку пацягнуўся, пазяхнуў і ўсміхнуўся: прыбылі!