Пазней, гадзін у адзінаццаць вечара, адчуўшы сябе лепей, Рыўер пайшоў назад, у кантору. Няспешна прабіраўся сярод людзей, якія тоўпіліся ля ўвахода ў кінатэатры. Ён падняў вочы да зорак, якія зіхацелі над вузкай вуліцай, амаль непрыкметныя пры агнях рэкламы, і падумаў: «Сёння ў палёце два паштовыя. Сёння вечарам я адказваю за ўсё неба. Далёкая зорка падае мне знак, яна шукае мяне ў натоўпе — яна знайшла мяне: вось чаму я адчуваю сябе нейкім чужым, самотным».
У памяці выплыла музычная фраза: некалькі нот з санаты, якую ён слухаў учора з прыяцелямі. Прыяцелі не зразумелі музыкі: «Такое мастацтва наводзіць дакуку. І на вас таксама, толькі вы не хочаце ў гэтым прызнацца».
— Магчыма, — адказаў ён.
Як і зараз, ён тады адчуў сябе самотным, але адразу ж зразумеў, як узбагачае яго тая самота. Музыка несла яму нейкую вестку — яму аднаму сярод усіх гэтых недалёкіх людзей даверліва раскрывала сваю тайну. Гэтак, як сёння падае яму знак зорка. Цераз галовы столькіх людзей яна размаўляла з ім на мове, зразумелай толькі яму.
На тратуарах Рыўера штурхалі. Ён думаў: «Ці варта раздражняцца? Я — нібы чалавек, у якога хворае дзіця: павольна брыдзе ён у натоўпе і нясе ў душы вялікую моўчу свайго дому».
Рыўер глядзеў на людзей. Ён спрабаваў распазнаць тых, хто клапатліва аберагае ў душы сваё адкрыццё альбо сваю любоў, і думаў пра тое, якія самотныя дазорцы маякоў. Рыўеру прыйшоўся даспадобы спакой канторы. Непаспешліва ішоў ён з пакоя ў пакой, і яго крокі адзінока гучалі ў пустым будынку. Пішучыя машынкі спалі пад футараламі. За замкнёнымі дзверцамі вялікіх шафаў роўнымі радамі выстраіліся канцылярскія папкі. Дзесяць гадоў вопыту і працы! Рыўеру ўявілася, быццам ён ходзіць па каморах банка, навокал грувасцяцца незлічоныя скарбы. Ён думаў, што кожная з яго ведамасцей назапасіла нешта больш каштоўнае, чым золата, — жывую сілу. Хоць яна і заснула, як золата ў банкаўскіх скарбніцах.
У адным з пакояў ён напаткае зараз адзінага тут нядрэмніка — дзяжурнага сакратара. Той працуе, каб прадаўжалася жыццё, каб не спыняліся намаганні чалавечай волі і каб ніколі і нідзе, ад Тулузы да Буэнас-Айрэса, не разрываўся ланцуг.
«І чалавек гэты нават не здагадваецца пра сваю веліч».
Дзесьці вядуць цяпер бітву паштовыя самалёты. Начны палёт цягнецца доўга, як хвароба: каля самалёта трэба дзяжурыць, як ля пасцелі хворага. Трэба памагаць людзям, якія рукамі, каленямі, грудзьмі сустракаюць начную цемру, сутыкаюцца з ёю твар у твар і для якіх не існуе — ва ўсім свеце не існуе нічога, апрача зыбкіх, нябачных стыхій, і сілай сваіх рук, усляпую, павінны яны вырваць сябе з гэтых стыхій, як з марскога прадоння. Як страшна можа прагучаць часам прызнанне: «Каб разгледзець свае рукі, мне прыйшлося іх асвятліць…» У чырвоным святле выступае далікатны аксаміт рук, быццам кінутых у ванначку з праяўляльнікам. Гэта ўсё, што застаецца ад свету, і гэта трэба выратаваць…
…Рыўер зняў трубку і пачуў пошум начнога свету.
— Рыўер слухае.
Слабы шорах, потым голас:
— Злучаю вас з радыёстанцыяй.
Зноў шум, шчоўканне кантактаў; потым іншы голас:
— Гаворыць радыёстанцыя. Перадаём тэлеграмы.
Рыўер запісаў іх, ківаючы галавой:
— Так… Так…
Нічога істотнага. Звычайныя службовыя зводкі. Рыо-дэ-Жанейра прасіў даведку, Мантэвідэо паведамляў пра тэхнічнае абсталяванне. Звычайныя хатнія гукі.
— А самалёты?
— Навальніца. Самалётаў не чуем.
— Ясна.
Рыўер падумаў, што вось тут такая светлая, зорная ноч, а радысты ўжо ўлавілі ў ёй дыханне далёкіх навальніц.
— Да пабачэння.
Рыўер падняўся. Да яго падышоў сакратар:
— Паперы на подпіс, месье дырэктар.
— Давайце…
Рыўер раптам адчуў прыліў прыязнасці да гэтага чалавека, на якога таксама ўзвальваўся цяжар гэтай ночы. «Мы разам вядзём бітву, — думаў Рыўер. — Але ён так і не даведаецца ніколі, як моцна нітуе нас гэтая начная рупнасць».
IX
Калі Рыўер са стосам паперы ў руцэ ўвайшоў у свой кабінет, ён адчуў той востры боль у правым баку, які вось ужо некалькі тыдняў даймаў яго.
«Так і не праходзіць…»
На секунду прыхіліўся да сцяны:
«Якая недарэчнасць!»
Дабраўся да крэсла.
І зноў — каторы раз — ён, стары леў, адчуў на сабе путы, і глыбокі смутак агарнуў яго.
«Столькі працы — і прыйсці да такога завяршэння! Мне пяцьдзесят; пяцьдзесят гадоў я напаўняў сваё жыццё ўшчэрць, ствараў самога сябе, змагаўся, перайначваў ход падзей, — і вось што займае мяне цяпер, вось што поўніць мяне, вось што выцясняе ўсю рэшту свету…