Сакратар нічога не бачыў, ён па-ранейшаму стукаў на машынцы.
— Што вы друкуеце?
— Двухтыднёвую справаздачу.
— Чаму яна дагэтуль не гатовая?
— Я…
— Давядзецца праверыць.
«Дзіва, дый годзе, як бяруць верх выпадковыя абставіны, як абуджаецца агромністая цёмная сіла, тая самая, што ўзбударажвае бязмежныя пушчанскія нетры, што расце, шырыцца, апантана ракоча ўсюды, дзе толькі пачынаецца вялікая справа».
Рыўеру ўявілася, як пад націскам тонкіх ліянаў рушацца гіганцкія храмы.
«Вялікая справа…»
Рыўер спрабаваў пераканаць самога сябе: «Гэтыя людзі… Я люблю іх. І я ваюю не з імі, а з тым злом, якое дзейнічае праз іх…»
Ягонае сэрца білася коратка, часта і вельмі балюча.
«Я не ведаю, ці добра тое, што я раблю. Не ведаю дакладнай цаны ні чалавечага жыцця, ні справядлівасці, ні гора. Не ведаю толкам, чаго вартая радасць чалавека. Не ведаю, чаго вартая рука, якая дрыжыць. І якая цана шкадавання ці ласкі…»
Ён мроіў наяве:
«Жыццё так перапоўнена супярэчнасцямі… Кожны выкручваецца як можа… Але заваяваць права на вечнасць, але тварыць — у абмен на сваю тленную плоць…»
Пасля кароткага роздуму Рыўер пазваніў.
— Перадайце пілоту эўрапейскага паштовага: хай прыйдзе да мяне перад вылетам.
І падумаў:
«Нельга дапусціць, каб гэты паштовы вяртаўся з паўдарогі. Калі я не ўстармашу як след маіх людзей, яны ніколі не пазбудуцца страху перад ноччу…»
XI
…Рыўер глыбей усаджваецца ў крэсла, праводзіць рукой па сівых валасах.
«Гэта самы адважны з маіх людзей. Ён дзейнічаў у той вечар проста бездакорна, але я ратую яго ад страху…»
І зноў, як хвілінная слабасць, узнікла спакуса:
«А каб любілі, дастаткова толькі пашкадаваць людзей. Я ж нікога не шкадую альбо не паказваю свайго шкадавання. А як цудоўна было б акружыць сябе дружбай, прыязнаю цеплынёй. Доктару гэта даступна. Але я кірую ходам падзей. Я павінен выкоўваць людзей, каб і яны кіравалі ходам падзей. Як востра я адчуваю яго, гэты няпісаны закон цяпер, вечарам, у кабінеце, перад стосам рэйсавых папер. Варта толькі пусціць іх на самацёк, варта толькі хоць раз пусціць на самацёк цвёрда вывераныя падзеі, як адразу ж, як заклятыя, пачынаюцца аварыі. Як быццам толькі мая воля — толькі яна — не дае самалёту разбіцца, не дае бурам затрымаць яго ў дарозе. Часам проста сам дзівуешся сваёй уладзе».
Ён раздумваў:
«І тут, бадай, няма нічога дзіўнага. Гэтак садоўнік з дня ў дзень вядзе змаганне на сваім агародзе… Зямля адвеку выношвае ў сабе першабытны лес, але цяжар звычайнай чалавечай рукі ўмінае яго назад у зямлю».
Ён думае пра пілота:
«Я ратую яго ад страху. Я нападаю не на яго, а на тое цьмянае, чэпкае, што паралізуе людзей пры сустрэчы з невядомым. Калі я паслухаю, пашкадую яго, калі ўсур'ёз прыму ягоныя страхі, ён пачне думаць, што і сапраўды адведаў нейкую таямнічую краіну, а менавіта ж таямніцы — і толькі яе — ён баіцца. Трэба, каб не засталося ніякай загадкавасці. Трэба, каб людзі апускаліся ў гэты змрочны калодзеж, потым выбіраліся з яго і казалі, што не сустрэлі там нічога загадкавага. Трэба, каб вось гэты чалавек дабраўся да самага сэрца ночы, да самага патаемнега прадоння яе, не маючы нават гэтай сваёй шахцёрскай лямпачкі, якая асвятляе адно рукі ды крыло, — і каб ён сваімі шырокімі плячыма адсунуў прэч невядомасць».
Але нават у гэтай барацьбе Рыўера і яго пілотаў нітавала маўклівае братэрства. Яны былі людзьмі аднаго гарту, імі валодала адна і тая ж прага перамагчы. Але Рыўер помніў і іншыя бітвы, якія даводзілася яму весці за пакаранне ночы…
…Рыўер звоніць, каб даведацца, якія апошнія паведамленні з борта самалёта.
XII
А тым часам патагонскі паштовы падышоў да буры, і Фаб'ен адмовіўся ад думкі абысці яе бокам. Ён зразумеў, што навальніца ахапіла занадта вялікую плошчу: лінія бліскавіц ішла далёка ўглыб, азараючы бастыёны хмар. Ён паспрабуе прайсці пад імі, а калі гэта не ўдасца — паверне назад.
Ён паглядзеў на вышынямер: тысяча семдзесят метраў. Даў ручку ад сябе, каб пачаць зніжэнне. Матор адразу моцна закалаціўся, самалёт задрыжаў. Фаб'ен на вока выправіў вугал планіравання, потым праверыў па карце вышыню ўзгоркаў: пяцьсот метраў. Каб захаваць разрыў паміж сабой і ўзгоркамі, ён вырашыў ляцець на вышыні сямісот.
Фаб'ен ахвяраваў вышынёй — гэтак ігрок ставіць на карту ўсё сваё багацце.