Выбрать главу

Цяпер уся Сэрвалева ўвага была скiравана на сцяну. Ён чуў, як бiлася яго сэрца, хоць страху не было.

"Адны людзi баяцца толькi спачатку, другiм страшна ў час самога здарэння, да трэцiх страх прыходзiць аж тады, калi ўсё ўжо адбылося. Да апошнiх належу i я".

Ва ўсякiм разе, ён быў упэўнены, што зможа ўлажыць гэтых трох. Абы... абы толькi не з'явiўся новы патруль, каб агледзець сцяну з другога боку. А такi варыянт таксама мог быць. Сэрвалю вельмi карцела азiрнуцца. Аднак адзiны рух мог выдаць яго, i ён глыбей загробся ботамi ў снег, каб патруль не згледзеў на падэшвах плешак ад цвiкоў.

Метраў за 30 ад яго зноў з'явiлася постаць. Цяпер ужо добра былi вiдаць плечы, каска. Постаць зрабiла рух рукой i падалася ўнiз па схiле. Тут жа да яе далучылiся яшчэ дзве.

Патруль праставаў да яго канавы. Снег парыпваў пад ботамi ў людзей.

"Ну, я iм! Я iм зараз пакажу!"

З гэтага моманту Сэрваль ужо не думаў, што можа з'явiцца другi патруль; iм завалодала прадчуванне паядынку. Добры стралок, ён усё прыкiдваў свае шанцы:

"Iх трое. У мяне 9 куль. Плюс элемент нечаканасцi".

У постацяў нешта бразнула. Сэрваль здрыгануўся.

"Дурань!" - падумаў ён абыякава.

"Няхай яны толькi дойдуць да канца сцяны. Толькi не страляць раней..."

Цалкам была вiдаць толькi першая постаць, дзве другiя паказвалiся то тулавам, то каскай, то нагою.

"Калi б яны iшлi не ланцужком..."

I вось нiбы спецыяльна, як i хацеў Сэрваль, постацi перагрупавалiся: цяпер спераду, плячо ў плячо, iшлi двое.

"На вуглу... выпускаю 4 кулi. Потым выскокваю... яшчэ 3 кулi. Эх, каб яшчэ аднаго i ў палон захапiць..."

Момант выстралу наблiжаўся.

"На вуглу", - паўтараў Сэрваль, стрымлiваючы сваё нецярпенне.

Ён пачаў цэлiцца, прыкрываючы кольт левым рукавом.

Цiканне наручнага гадзiннiка было невыноснае. Сэрваль адчуў, што правае перадплечча нiбы акамянела. Спатрэбiлася напружыць усю сiлу, каб вывесцi яго з гэтага здранцвення. Палец быў на курку. Яшчэ чатыры метры... тры...

Людзi спынiлiся i сталi шаптацца.

Сэрваль ужо збiраўся стрэлiць, як постацi нечакана скiравалi на дарогу, перасеклi яе i сышлi ў канаву з другога боку дарогi.

Лейтэнант зразумеў, што яго акружаюць i перавага перайшла да ворага. Але падняўшы галаву, ён убачыў, як постацi аддалялiся.

Блiснуў лiхтарык, яшчэ раз... i ценi знiклi ў маўклiвым заснежаным полi...

Да сваiх Сэрваль вярнуўся страшэнна раззлаваны. Расказаў пра здарэнне.

- I як, дурань, я залiшне доўга чакаў. А яны ўцяклi з-пад самага носа.

- Эх ты... Ляснула твая падзяка! - сказаў яму, смеючыся, малодшы лейтэнант Дзюманцье.

Праз некалькi дзён афiцэры паставiлi недалёка ад сталоўкi мiшэнь...

- Сэрваль, ану, паспрабуйце! Уявiце, што перад вамi тыя вашы постацi, сказаў яму капiтан.

Лейтэнант стаў метраў на 15 ад мiшэнi. Падняў да ўзроўню пляча свой кольт, прыцэлiўся... Пачуўся моцны шчаўчок.

Дзюманцье павярнуўся.

- Ну, дарагi, з такiм трэскам вас маглi б тады засекчы...

Сэрваль збялеў, рукi дрыжалi.

- Што здарылася? Вы не будзеце страляць, Сэрваль? - папытаўся капiтан. Што здарылася, лейтэнант?

- На мяне напаў такi страх. Кольт не страляе.

I, дастаўшы нож, Сэрваль нервова пачаў адвiнчваць рукаяць пiсталета. Там была зламаная спружына.