НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ
Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы кнігі:
– Уладзімеру Арлову, Рыгору Барадуліну, Генадзю Бураўкіну, Нілу Гілевічу, Радзіму Гарэцкаму, Сяргею Дубаўцу, Уладыславу Завальнюку, Адаму Мальдзісу, Алесю Пашкевічу, Эрнэсту Сабілу, Юрасю Сьмірнову, Станіславу Шушкевічу, чые парады, кансультацыі й заўвагі былі каштоўным удакладненьнем да “Нацыянальнай ідэі”;
– Маладафронтаўцам Настасьсі Азарцы, Барысу і Кастусю Гарэцкім, Алегу Гнедчыку, Вікторыі Дышлевіч, Алесю Зарэмбюку, Кастусю Кузьняцову, Вользе Куўшынавай, Паўлу Фігурыну, якія набіралі й макетавалі тэкст;
– Сябрам Зьміцеру Дашкевічу, Натальлі Кійко, Сержуку Лісічонку, Вячаславу Сіўчыку, Аляксею Фралову, Аляксею Шэіну, якія спраўджвалі інфармацыю;
– Бацькам Канстаньціну Севярынцу й Тацьцяне Севярынец, што ўсебакова падтрымлівалі падчас двухгадовай працы;
– А таксама ўсім тым, хто маліўся за ажыцьцяўленьне гэтага выданьня.
“Пасьля “Зямлі пад белымі крыламі” Ўладзімера Караткевіча я ня ведаю іншай кнігі пра Беларусь, якая была б напісаная з такой любоўю, пранікнёнасьцю і верай, як кніга Паўла Севярынца.”
“Гэтая арыгінальная аўтарская энцыкляпэдыя глыбока ўразіла мяне тым, як горача любіць яе стваральнік нашу мілую Бацькаўшчыну і як шмат ужо ведае пра яе. І я быў бы шчасьлівы, каб шчырую малітву Паўла Севярынца за Беларусь пачуў і паўтарыў кожны мой зямляк, асабліва малады.”
“У сваёй чарговай кнізе аўтар прадстаўляе сваё бачаньне нацыянальнай ідэі, якую ён праводзіць праз розныя праявы беларускай адметнасьці, праз асноўныя складальнікі нашай гісторыі і сучаснасьці, дае ацэнку гістарычным асобам і палітычным дзеячам. Кніга насычана аптымізмам і вераю ў лепшую будучыню нашай краіны.”
“З кнігі Паўла Севярынца “Нацыянальная ідэя” выразна бачна глыбокае веданьне гісторыі Беларусі, Слова Божага і аналітычнае спалучэньне гэтых ведаў у думцы-ідэі... Такая кніга вельмі патрэбная беларускаму народу, загнанаму ў стан здраднікаў і адшчапенцаў. Таму – слава Богу і жыве Беларусь!”
БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ
Гэта трэба адчуць. Чым больш я ўслухоўваюся ў тры мэлядычныя склады яе імя, чым глыбей рассмакоўваю гэтыя сем гукаў, спрабуючы напрыканцы ўлавіць няісны, апошні, самы пранізьлівы, а ён усё прападае з празрыстай літарай; чым даўжэй любуюся гэтым хвалюючым, белым-белым з гарачай чырваньню сьцягам – тым больш веру. У мяне пачынае буйней біцца сэрца й кружыцца галава. Хочацца ціха заплюшчыць вочы й малітоўна, урачыста шаптаць пра сябе: Магутны Божа! Бязьмежная мудрасьць Твая! Невымерная ласка Твая! ДЗЯКУЮ Табе за тое, што я нарадзіўся менавіта ў ГЭТАЙ КРАІНЕ!..
У краіне ахвяраў, войнаў і катастрофаў, сярод народу геніяў і сьвятых. Сярод найвялікшых могільнікаў чалавечай гісторыі. У Сэрцы Эўропы, найважнейшым духовым цэнтры між Захадам і Усходам. Бо я веру, што Беларусь – гэта нешта намнога больш значнае, чым прынята думаць.
Раз-пораз здаецца, што яшчэ сэкунда, і мы вось-вось спасьцігнем, скрышталізуем для сябе гэты момант ісьціны: настолькі празрыстая яго сутнасьць, настолькі ясна пабліскваюць, граюць грані чагосьці ідэальна цэласнага, так працінае – да іскрыстых сьлёзаў, да галюцынацыяў. І я ўвесь час паўтараю сам сабе: Беларусь, у якой мы маем гонар жыць, чакае вялікая будучыня.
– Бо Беларусь – гэта пакутная, самаахвярная, самаадданая краіна, краіна, якой пастаянна балюча й якая, хутчэй за ўсё, ніколі ня стане шчасьлівай.
– Бо Беларусь – гэта краіна Новага Запавету: веры, надзеі, любові. Не ўзбуджэньне гневу, не нацыянальная пыха мусіць быць нашым дэвізам. Беларусы – носьбіты ўнікальнага, хрысьціянскага ў сваім прынцыпе духовага імпэратыву. Як гэта ня цяжка, нам трэба ўспрыняць, што краіна, як і чалавек, не павінна жыць для сябе. Яе задача – даць сябе іншым, і праз гэта сьцьвярджаць сваю веліч. Прасьвятляць і настаўляць аграмадную Расею, уздымаць Усходнюю Эўропу, надаваць талеранцыі й натхненьня Захаду – на нашым сумленьні. Так павялося спрадвеку, так будзе й далей.